Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Не адводзіў позірку ад яе і Дударэнка.
– І тады, нябожко, Гасподзь угледзеў і другога анёла. А ён ужо ўзыходзіў ад усходу сонца, і вялікая адказнасьць ляжала на ім – ён меў пры сабе пячаць ад Бога Жывога. І тады ён, увабраўшы ў сябе нябеснага паветра, гукнуў на ўсю моц вялікім голасам да тых чатырох анёлаў, якім і было дадзена чыніць шкоду і зло зямлі й мору, дрэвам і птушкам...
Васіліха ажывілася, набрала ў грудзі паветра, ператваралася ў апавядальніцу-артыстку – вочы гарэлі таямнічым агнём, голас мяняўся, пераўвасабляўся ў іншыя, і хлапчукі здзіўляліся, як гэта ў яе лоўка выходзіць.
– Гэ-гэ-гэ! Слухайце мяне, перш чым узяцца за д’ябальскую справу! Слухайце! Ня шкодзьце ні зямлі, ні мору, ні дрэву, ні птушачцы, ні казурцы да тае пары, пакуль не папячатаем рабоў Бога нашага на лабох іхніх. Пячатка ў кожнага мелася стаяць, кожная жывая істота павінна быць Богам занесена ў свае атраманты-спісы, нічога, нябожко, нічога ў Бога ніколі не выпадала з-пад Яго пільнай увагі...
“Значыць, і пра мяне Бог ведае, і пра Верку, і пра Толіка, і пра Міколку, пра маці, пра бацьку... – Пятрусь не адрываў позірку ад твару жанчыны, адчуваючы, як ад яе сыходзіла нябачнае цяпло – быццам ён сядзеў каля невялікага вогніка і грэўся-радаваўся, і на яго наплывала мройная палярына, як сядно агортваў сон, але не той, глыбокі, пад час якога сняцца цікавыя і дзівосныя сны, а павярхоўны, калі чуеш усё-усё, а сказаць нічога не можаш... – І пра бабу Васіліху ведае, так як і баба Васіліха ведае пра Яго, Бога...”
Гэтаксама думаў пра Васіліху і Віцька.
– І пачуў тады Ян Багаслоў сапраўдную лічбу ўсіх папячатных. А іх, Петрусёк і Віцька, было ні многа ня мала, а сто сорак чатыры тысячы – то з усіх родаў сыноў Ізраілевых...
Із роду Юдавага дванаццаць тысячаў папячатаных. Із роду Гадавага дванаццаць тысячаў...Тое ж із роду Асіравага дванаццаць тысячаў. Із роду Нафталімавага гэтаксама дванаццаць тысячаў, із роду Левіявага і Ізахарава – гэтулькі ж...
– Бабо, а бабо, а адкуль табе ўсё тое вядома? – не ўтрымаўся, забыўся пра перасцярогу Пятрусь, а, спахапіўшыся, апамятаўшыся, са шкадаваннем і трывогай паглядзеў у вочы старой.
– А адтуль і вядома, Петрусёк, бо я кажынны дзень і ноч з Богам размаўляю, з Ім вяду размову.
– І пра мяне ўспамінаеш?
– І пра цябе, і пра Віцьку. А як жа? Часта гавару пра вас, каб абярог ад бяды, каб сілу вам даў абодвум.
– І пра Курта?
– І пра яго таксама. Як жа ён без цябе? Вы ж як два боты – пара...
Пятрусь засмяяўся – вясёлая баба Васіліха! Нездарма ж людзі вымаўляюць яе імя на свой лад – Весяліха. Бо вяселіць усіх.
– Дык от слухайце, што было далей. Бо болей ні ад кога не пачуеце такое. Дык от што далей было... Папячатныя сталіся яшчэ і із роду Завулёнавага, із Язэпавага, Беніямінавага – па столькі ж...
Жанчына чамусці зірканула за акно, як бы цікавала за кім, але ўпэўнілася, мусіць, што памылілася ці не было вартае яе ўвагі, зноў да хлапчукоў павярнулася. А пасля як успомніла, што траціць дарма час са сваімі маленькімі суседзямі, за верацяно ўзялася. Паслюніла тры пальцы і пачала скубці з кужалю, што быў прымацаваны да прасніцы, нітку. Верацяно маўкліва закруцілася ў правай руцэ, і Васіліха ўсё далей і далей адводзіла руку ад каленяў...
Пятрусь і Віцька ведалі, што баба Васіліха была майстрыцай на ўсю вёску, што лепш за ўсіх ўмела ткаць прасцірадлы і ручнікі, – вунь на абразах якія прыгожыя. Бабка яшчэ і павітухай была. Маці казала, што то дзякуючы Васілісе ён, Петрусёк, нарадзіўся на Божы свет, як і ён, Віцька Дударэнка...
– Дык пра што гэта я? А, успомніла... Пасля ўсяго гэтага глянуў святы Ян, а перад ім велізарны натоўп, а палічыць, колькі там было жывых душаў, ніхто, здаецца, і не змог бы – із усіх пляменьняў і родаў, і народаў, і языкаў, земляў і абшараў, стаіць той натоўп перад пасадам і перад Ягнём, а ўсе такія незвычайныя, аж свецяцца ўсе, і як быццам бачна кожнага наскрозь, бо былі яны ўсе апранутыя ў белыя шаты, і пальмы, пальмы ў руках іхніх, як жывыя былі, лісточкі блішчэлі, адсвечваліся ад нейкага таямнічага сьвятла, хаця і сонца, здавалася, не было ў небе...
“А адкуль жа тады сьвятло было? – дзівіўся хлапчук. – Дзе ж тады сонца дзелася? Хто ўкраў яго?..”
– І тады пачуўся адзіны працяглы вокліч, нават не вокліч, а велічны і зычны, як удар языка аб сценку звона:
– Ратаваньне Ягняці!
– Ратаваньне нашым збаўцам!