Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– А-ааа! – сіліўся закрычаць Сіліч.
– А-ааа... а-ааа! – спрабаваў вырваць з сябе голас Віктар Дударэнка, – у сне ён заставаўся хлапчуком Віцькам...
Прахапіліся яна адначасова.
На вуліцы раскашоўвалася ноч. Глыбокая зімовая ноч. З халоднымі зоркамі і маладой, у росквіце красы і прыгажосці, поўняй.
“Дзіўна, – падумаў Пятро-Пятрусь, ніяк не могучы атрэсці з сябе рэшткі сну, – чаму прысніўся ты мне, мой дарагі сябрук Курт? Адкуль ты клічаш мяне, пра што хочаш нагадаць-напомніць? Пра сваю віну? Дык і не было яе асабіста ад цябе, наадварот, у маёй памяці ты застанешся самым дарагім чалавекам сярод чужых, не родных мне людзей. Што ж там здарылася ў цябе, на тваёй Планеце, што прымусіла цябе наведацца ў маю дзіцяча-дарослую душу? Неспакой за мой лёс, за маё здароўе?.. Ці што іншае? Няўжо ведаеш, што мне цяжка, невыносна цяжка – і фізічна, і духоўна?..”
“Цікавыя адбываюцца рэчы, – падумаў недаўменна Віктар-Віцька, патушыўшы цыгарэціну, прыйшоўшы ў пакой, завітаў на кухню, сеў за стол. Каб зняць хваляванне, наліў сабе беларускай “Белавежскай” у вялікую чарку – і за адзін глыток выпіў налітае. – Чым бліжэй да нас падкрадваецца старасць, тым часцей напамінае пра сябе дзяцінства... І чаму менавіта Курт напамінае нам пра тое? Дзе ж ён цяпер, дзе душа яго, на якім ён цяпер небе? Тады ж яму было, мусіць жа, гадоў з трыццаць, ну, мо меней на гады тры... А мо і жывы яшчэ, калі выжыў, калі вылузаўся з чорных лапаў той недарэчнай і нечалавечай вайны, калі не загінуў як нямецкі палонны... Чым жа мы тады запалі табе ў душу, добры наш сябар Курт? Мы памятаем твае добрыя вочы, твой пяшчотны пагляд, цяпер толькі здагадваемся, што ты ў кожным з нас, асабліва ў Петрыку Сілічу, бачыў свайго сына... Ці ўбачыўся ты хоць з ім? Ці лічыў ты тое спатканне і сяброўства з намі развітальным акордам са сваім сынам? Можа і так, хто ведае... Мы верым, што Бог дапамог выжыць табе, бо ты быў веруючым чалавекам, і строга прытрымліваўся аднаго з запаветаў – не забі...”
У абодвух нарадзілася жаданне напісаць адзін аднаму доўгі і падрабязны ліст, падзяліцца сваімі думкамі і успамінамі, папрасіць даравання адзін у аднаго за маўчанне, успомніць добрым словам свайго сябра – Курта Венцэля... І дзіўна – тыя лісты былі б падобныя адзін да аднаго. Бо адны і тыя ж думкі наведалі іх, прыйшлі да сяброў адначасова. І пісалі б яны пра адно і тое ж – успаміналі б дзяцінства, Забалацце, свае дзіцячыя гульні, нямецкіх афіцэраў, з якімі жылі ў дружбе і зладжанасці, адчуваючы іх прыхільнасць да сябе і ахову ад ворагаў – сваіх і чужых...
Калі яны -– Пятро і Віктар – здагадаліся хаця б пазваніць адзін аднаму, то адразу знялі б з сябе тое незразумелае напружанне і боль, што падгарнуліся да іх ў адну і тую ж хвіліну. Але Пятрусь баяўся, што разбудзіць сярод ночы Віктара ў Піцеры, а Віцька шкадаваў трывожыць сон свайго сябра ў Гомелі...
А тэлефон жа стаяў пад рукамі – толькі крутані на дыску неабходныя лічбы, і яны адразу апынуліся б там, у Забалацці, сярод сваіх аднагодкаў, якія заставаліся ў жывых, і якіх няма на свеце яшчэ з той дзіцячай пары, якіх вывезлі альбо якія папалі ў пастку смерці... Але усё роўна звінелі б дзіцячыя галасы, радасныя воклічы, смех, – весялосць дзіцячай пары не ведала межаў. Дарослыя толькі не разумелі іх, сцішвалі іх, як яны лічылі, дурную радасць, бо была вайна, вакол смерць і страх, – але ніхто не мог утаймаваць і забарніць ім радавацца жыццю... Дзеці не разумелі дарослых – немцы ж нічога кепскага вяскоўцам не рабілі, наадварот, кармілі іх, аберагалі ад нечаканасцей...
Не здагадаліся, не настоялі на сваіх памкненнях, пашкадавалі адзін аднаго, – ліцвінская сціпласць і далікатнасць узялі верх...
Толькі на адлегласці дасылалі праз прастору часу кароткія сігналы ці то ненапісанага пісьма, ці то шкадавання, а можа і духоўнай падтрымкі... І словы тых сказаў былі цёплыя, шчырыя, поўныя любові і павагі.
Бо дзіцячае сяброўства, апаленае вайной, хрышчонае ліхалеццем і нішчымніцай, горкімі слязьмі і душэўным болем, будзе працягвацца-доўжыцца і на тым свеце не адно тысячагоддзе...
1.
Вечаровае стомленае сонца раскідала млява-крывавыя пырскі па высозных гурбах свежага, яшчэ не зляжалага, снегу.
Здавалася, што снег выпраменьваў пахі свежага сырадою ці тварагу, пацьвельваў над галоднай дзіцячай душой і страўнікам, – і тады міжволі на язык накотвалася сліна і хлапчук каўтаў яе, каб не захліпнуцца. Кружылася галава, падкошваліся ногі.
Над Забалаццем плыла мройная і звонкая цішыня, і таму здавалася, што не было на свеце аніякае вайны і калатнечы, ніякіх чужых людзей у вёсцы, чужой мовы, ніякага гуду чужых машын, – тое было у нейкім трывожным сне, у хворым трызненні.