Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Дык гэта ўсё сапраўды было?!
– Было, Антон, сапраўды было… “То не мроі, а ява, як сапраўднае наша жыццё…” Ты ж так, здаецца, пісаў у сваім зборніку вершаў, ці не так?
Напой салодкі, з кіслінкай, дзівосны і незразумелы, як і нашае каханне… Мы пілі і не хмялелі, гаварылі і не маглі нагаварыцца… Узляталі ў блакітнае неба, не адчуваючы вышыні, не бачачы перад сабою планеты… Мы чаргавалі асалоды – нейкі час праводзілі на кухні, тушачы шал, а потым вярталіся ў спальню – пад воблакі-прасціны, – на планету Ахутавану…
Калі стамляліся нашыя крылы ад тугога паветра, калі мы зняможана раскідвалі іх на падушкі, – прашаптаў я соннай і зняможанай Яніне:
– Ты паспі, адпачні, бо ты з дарогі… Я адлучуся па сваіх клопатах. Праз гадзінку вярнуся. Толькі ты не ўцякай больш ад мяне, добра?
Не расплюшчваючы вачэй, прашаптала:
– Добра, маё сонца, ляці… Вяртайся…
5.
Не верылася, хоць забі, не верылася да канца ў тое, што адбывалася пасля прыезду Яніны. Таму не вытрымаў, сеў на “чацвёрку” – і тралейбус даімчаў мяне да прыпынку “Сасновая”. Прайшоў трохі назад, узяў лявей, пачаў шукаць яе дом… Стаяў на месцы, нікуды не падзеўся…
Падняўся на другі паверх, падышоў да яе дзвярэй – № 25, паразважаў, што рабіць – пазваніць ці адкрыць дзверы ключом, што дала мне Таццяна. Дастаў яго з кішэні і трымаў у руцэ…
Уставіў у шчылінку, але ён не тапіўся да канца – зусім быў іншы замок.
“Калі паспела пераставіць?”
Пазваніў. Доўга чакаў, калі адчыніць дзверы гаспадыня.
Праз колькі хвілінаў шчоўкнулі ўнутраныя засаўкі, прачыніліся дзверы, і на парозе стала жанчына ў старым паношаным халаце. У зубах цыгарэціна.
Спытала строга, змераўшы мяне з ног да галавы:
– Вам каго?
– Мне Таццяну Аўсяюк. Яна тут жыве?
Яна здзіўлена акругліла вочы:
– Якую Таццяну? Я тут сорак гадоў жыву адна. Не ведаю такой… І нікога я не брала ніколі на кватэру… Вы можа не пахмяліліся сёння, малады чалавек? Калі ж выйшаў на вуліцу, найперш пацікавіўся назвай вуліцы. Шыльды сведчылі, што вуліцы не насілі імёны слынных сыноў ліцьвінска-беларускай зямлі Каліноўскага і Касцюшкі. Вуліцы называліся інакш, ды яшчэ на расейскай мове – Коммунистической и Дзержинского…
Калі ж прайшоў да таго дома, дзе павінна быць бібліятэка імя Еўфрасінні Полацкай, то на першым паверсе знаходзілася не бібліятэка, а “магазин “водка-вино”, і п’яныя члены электарата сеткамі насілі таннае “чарніла” “Лукамольскае”… І бібліятэкі, значыць, зусім не было?!
Дык што ж тады ўсё-ткі было?! І ці было ўсё тое наогул? І ці з’язджала ад мяне Яніна? І ці я сам – Антон Клімовіч?
Хто дапаможа мне раздзяліць праўду ад маны, рэальнасць ад уяўнасці, на тое, што было насамрэч, а што прымроілася ў маёй галаве? Хто?
7.
Калі я вярнуўся дадому, Яніна спала, падклаўшы пад шчокі далані – скурчылася, падабрала ногі, як быццам было холадна ў кватэры.
Не чула, як я зайшоў, а мо і чула, ды не паказвала выгляду.
Накрыў яе махровай, на ўвесь ложак, прасцінай.
Жанчына ўсміхнулася, як падзякавала, што ўгадаў яе жаданне. Ці буду я ўгадваць яе жаданні і надалей?..
На кухні наліў паўшклянкі гарэлкі і выпіў нагбом, каб утаймаваць незразумелую дрыготку і хваляванне. Але смаку не адчуў, і ў кроў, здаецца, алкаголь не папаў…
“Што са мной адбываецца? Ці рэальна ўсё, што я бачу? А калі рэальна, то чаму не адчуваю? Калі ж то сон, то чаму не магу прачнуцца?!”
За акном вецер згінаў галіны дрэў, яны стукаліся ў шыбы, як напаміналі пра нешта, ці стараліся растлумачыць мне пра маё незайздроснае становішча… Толькі я ўжо, здаецца, развучыўся разумець мову ветру.
Перада мною, на стале, ляжаў далькажык Саямы.
Набраў на дысплеі роспачнае пытанне: “Хто ж я ў гэтым свеце і як мяне назваць пасля ўсіх прыгод?” Міргалі доўга лічбы, наскокваючы адна на адну, высвечваліся формулы, а потым на маёй роднай мове высвецілася ўсяго толькі адно слова з шасці літар… Як прысуд. Як дыягназ маім дзеянням і мроям. Каб зразумеў, што нельга жартаваць у жыцці з многімі рэчамі, каб умеў заўсёды адрозніваць мроі ад рэальнасці, жаданні ад іх здзяйснення…
Доўга сядзеў на кухні ў роздуме, даючы рэальную адзнаку сваім дзеянням і ўчынкам. Шмат чаго мне самому не падабалася ўва мне, і было сорамна за сказаныя неўлад словы, за сваю саманадзейнасць, за непадмацаваную нічым радасць, за…
Адзінае тое слова, што высвецілася, было чыстай праўдай…
Хаця яно было і абразлівым, я не крыўдаваў. А на каго было крыўдаваць, як не на самога сябе?Праз прачыненыя дзверы кухні бачыў, як падымалася з ложка Яніна. Яна спусціла ногі з ложка.