Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
12 сьнежня 2015
Зьміцер Бартосік , Менск
Перадача з цыклю «Падарожжы Свабоды».
Нобэлеўская прэмія па літаратуры валодае магіяй чароўнай палачкі. Прычым менавіта літаратурная, а не навуковая.
Бо кнігі ляўрэата, у адрозьненьне ад навуковага адкрыцьця, можна адразу пачаць чытаць. А ў мясьціны, дзе літаратар рос і выхоўваўся і якія паўплывалі на яго сьветапогляд, можна паехаць хоць заўтра. І тыя мясьціны, якімі б нецікавымі яны ні былі ўчора, пасьля дакрананьня чароўнай нобэлеўскай палачкі набываюць новыя рысы.
Дарога сярод вымерлых палескіх вёсак становіцца іншай. Бо гэта Яе дарога. Не сумняваюся, што калі-небудзь у Капаткевічы і Івашкавічы паедуць літаратурныя турысты. Усім раю са сталіцы ехаць празь Любань і Навасёлкі. Гэта карацей і даведаесься больш. А ў Навасёлках вас чакае сапраўднае адкрыцьцё. Можа быць, найлепшы помнік партызанам у Беларусі. Прынамсі, мяне гэты помнік проста агаломшыў. Я спыніўся і стаяў каля яго чвэрць гадзіны. Манумэнт уяўляе сабой тры агромністыя чалавечыя фігуры. Кожная вышынёй з трохпавярховы дом. Бэтонныя волаты не стаяць статычна, а выяўленыя ў дынаміцы. Тры гіганты з суворымі тварамі выходзяць зь лесу на вялікую дарогу.
І звычайная школа ў Капаткевічах, якую скончыла ў 1965 годзе Сьвятлана Алексіевіч, таксама дзякуючы чароўнаму Нобэлю перастае быць проста звычайнай школай. Дарэчы, школа сапраўды незвычайная. Школа выпусьціла каляндарык на будучы год, прысьвечаны Нобэлеўскай ляўрэатцы. А на дошцы аб’яваў на самым бачным месцы вісіць інфармацыя пра знакамітую выпускніцу.
Гэтую працу робіць настаўніца беларускай мовы Натальля Каліцька.
— Нашы настаўнікі заўжды падтрымлівалі цікавасьць да яе асобы. Хоць па праграме яна не вывучалася асабліва. Заўсёды зьвярталі ўвагу вучняў, што ў нас была такая выпускніца. Ёсьць і стэнд, прысьвечаны ёй. Нашы дзеці яе ведаюць.
Як шмат залежыць для выхаваньня пачуцьця радзімы ад выкладчыка беларускай мовы і літаратуры. Беларускую мову Сьвятлане Алексіевіч выкладала Аляксандра Антанішына.
— Матэматыку яна не любіла, беларускую мову яна ня надта паважала таксама. Яна цэлую сумку, кніг дзесяць, цягала з сабой. Часам у мяне на ўроку чытала. Я чытала яе кнігі. Цяжка чытаюцца. Яна апісвала найгоршыя эпізоды. Выбірала такіх людзей, хто перажыў многа. Аб партызанах адгукалася вельмі кепска. Гэта няправільна. Партызаны таксама былі людзі харошыя. Нашы Капаткевічы ў вайну спалілі. Дык партызаны апрацоўвалі агароды. А тое, што адзежу зьдзіралі... Дык людзі ж самі не давалі. Прыйдуць немцы, дык ім з-за страху давалі ўсё. І партызану нічога не дадуць. Што ім заставалася рабіць? Трэба было рабаваць! Партызаны многа зрабілі харошага. Праўда, з-за іх людзей палілі. Але што зробіш? Гэта вайна.
Уявіце сабе ўрокі беларускай літаратуры без Караткевіча і Стральцова. Без Барадуліна і Адамчыка. Бяз Быкава і Адамовіча. Бо яны зьявяцца ў школьнай праграме пазьней. А вось што было. І што не магло не адбіцца ў памяці юнай Сьветы Алексіевіч.
— Да яе ніяк не даходзіла, што такое «вобраз народу». Вобраз асобнага героя — гэта яна разумела. А агульны вобраз не даходзіў да яе. Гэта ж адзін народ. Рускі і беларускі. Усе так лічаць. Быў адзін і застаўся адзін.
А яшчэ чароўная нобэлеўская палачка цудоўна раскрывае людзей. Паслухаем словы старой настаўніцы на адрас сваёй знакамітай вучыніцы.
— Я зьдзіўляюся, як яна атрымала Нобэлеўскую прэмію. За тое, што плявузгала на Савецкі Саюз. Выбірала найгоршае. Чаму яна харошае не выбірала? Хай бы яна і тое, і другое апісвала. Навошта самае горшае?
Алексіевічы жылі ў Івашкавічах. У школу Сьвятлана хадзіла зь сяброўкаю, Надзеяй Шут. Надзея ўсё жыцьцё прарабіла сельскай бібліятэкаркай. І ўсё жыцьцё прапагандавала творчасьць сваёй сяброўкі.
— Яна ў самадзейнасьці ўдзельнічала і песьні нават пісала. Мы сьпявалі яе песьні.
Калгасныя кіраўнікі пабудавалі ў Івашкавічах аграсядзібу. Называецца «Матчына хата». Домікі ў той сядзібе зробленыя са зрубаў хат, дзе ніхто ўжо не жыве. Але дом, дзе жыла сям’я Алексіевічаў, калгасныя ўлады разбурылі і закапалі. І яго не ўваскрэсіць ніякая чароўная палачка. У мястэчку Асавец, дзе Алексіевічы жылі пасьля Івашкавічаў, таксама не засталося нічога памятнага — ні дома, ні школы, дзе пісьменьніца працавала свой першы працоўны год.