Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
— Вядома, ведаем.
— У мяне нават дзьве кнігі яе ёсьць. «Цынкавыя хлопчыкі», «У вайны не жаночае аблічча».
—Цяпер беларусы практычна нічога не паказваюць пра яе. А па спадарожніку, па канале «Белсат» я глядзеў, як яе ўзнагароджвалі. Нобэлеўская прэмія! Гэта ж першы раз такое ў Беларусі!
— Маці нямецкую мову выкладала, а бацька рабіў ваенруком.
— І пра яе нічога нашы навіны не паказваюць. Нічога! А на «Белсаце» будзе ўсё.
— Вы радыя?
— Радыя, вядома. Зямлячка.
— Хай бы ў родны калгас з таго мільёну купіла трактар. А мы б напісалі «Сьвятлана Алексіевіч».
— Гэта як раней на танках пісалі?
— Так, на трактары б напісалі.
Сапраўды, калі на фронце былі танкі «ад Любові Арловай», чаму б ня быць трактару «ад Сьвятланы Алексіевіч»? Ёсьць людзі, якія гэта заслугоўваюць.
12 сьнежня 2015
Што мы пачулі з Нобэлеўскай трыбуны, ці аб’яднае беларусаў прэмія і ці прывядзе грамадзтва ў рух? Пра гэта ў перадачы «Зона Свабоды» на тэлеканале «Белсат», якую вяла Алена Ціхановіч, дыскутавалі журналісты Радыё Свабода Аляксандра Дынько, Ян Максімюк і Сяргей Навумчык.
«Бяру на сябе сьмеласьць сказаць, што мы змарнавалі свой шанец, які ў нас быў у 90-ыя гады. На пытаньне: якой павінна быць краіна — моцнай або годнай, дзе людзям добра жыць, выбралі першы — моцнай. Цяпер зноў час сілы. Расейцы ваююць з украінцамі. З братамі. У мяне бацька — беларус, маці — украінка. І так у многіх. Расейскія самалёты бамбуюць Сырыю... Час надзеі зьмяніўся часам страху. Час павярнуў назад... Час сэканд-хэнд...»
Ціхановіч: Гэта фрагмэнт Нобэлеўскай лекцыі — вайна і мір, і чалавек Сьвятланы Алексіевіч...
Першая ў гісторыі незалежнай Беларусі Нобэлеўская прэмія стала заслугай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч. Можа быць, таму, што яна першая так шмат увагі і патрабавальнасьці надала гераіні ў грамадзтве, а зь іншага боку, у сыстэме першага прэзыдэнта так шмат разгубленасьці і дэманстратыўнай няўвагі. Дык з чым нас, беларусаў, можна павіншаваць? Ці можна казаць, што нацыя набыла свой новы маральны аўтарытэт? Першае пытаньне да Аляксандры Дынько, якая суправаджае пісьменьніцу на працягу ўсяго Нобэлеўскага тыдня. Якія ў вас уражаньні ад атмасфэры ўрачыстасьці, у якой была Алексіевіч, і увогуле, як вы яе ўспрынялі ў новай якасьці?
Дынько: Вы ведаеце, гэтыя мерапрыемствы, якія праходзяць падчас Нобэлеўскага тыдня — частка зь іх такая ўрачыстая, патасная, пратакольная і нават старамодная. Учора была цырымонія ўручэньня Нобэлеўскай узнагароды, і усе гэтыя дрэс-коды, калі мужчыны прыходзяць абавязкова ў фраках, а жанчыны ў доўгіх сукенках, удзел караля; калі кароль устае — усе ўстаюць, а падчас Нобэлеўскага банкету, напрыклад, пакуль кароль ня ўстане, ніхто ня можа ўстаць з-за стала, нават у туалет.
І вось гэтая ўрачыстасьць і патаснасьць, калі ты там прысутнічаеш, я ня ведаю, ці гэта было відаць праз трансьляцыю, але насамрэч ты адчуваеш, што гэта ўсё зроблена для таго, каб ушанаваць веліч чалавечага духу. Ты бачыш на сцэне дзесяць нобэлеўскіх ляўрэатаў — ты разумееш, што ты бачыш людзей, якія так цяжка працавалі і так шмат, якія настолькі таленавітыя, што ўнёсак кожнага з іх зьмяніў сьвет і тваё жыцьцё ў прыватнасьці. І ўсе гэтыя ўрачыстасьці зробленыя менавіта для гэтага. Не яны прыйшлі сустракацца з каралём, а кароль прыйшоў як сымбаль Швэцыі ўшанаваць, уганараваць іхны ўчынак.
Так было са Сьвятланай Алексіевіч, яна заўсёды была шчырая — гэта казалі мне ўсе, з кім я размаўляла пасьля імпрэзаў зь яе ўдзелам, яна была адкрытая, было відаць, што яна хвалюецца, але гэтае хваляваньне не перашкаджала ёй казаць пра тое галоўнае, пра што яна хацела сказаць.
Ціхановіч: Ці не здалося вам, што аплядысмэнты, якімі заля сустракала Алексіевіч, былі самыя гучныя?
Дынько: Гэта справядліва. Так, Сьвятлану Алексіевіч ведаюць, і, я б сказала, паважаюць і любяць. Там было шмат швэдаў, усе кнігі Сьвятланы Алексіевіч перакладзеныя на швэдзкую мову, шмат хто яе чытаў, ну і вы ведаеце, што Нобэлеўскі ляўрэат па літаратуры проста бліжэйшы да публікі, таму што яго вядомасьць і разуменьне таго, што ён зрабіў, нашмат шырэйшыя, чым, напрыклад, Нобэлеўскага ляўрэата па хіміі.
Ціхановіч: Непасрэдна перад тым, як Сьвятлана Алексіевіч атрымала свой дыплём і залаты мэдаль з рук швэдзкага караля, старшыня Нобэлеўскага камітэту па літаратуры Пэр Вэстбэрг назваў яе пяць кніг літаратурным і маральным шэдэўрам. Ян, як вы думаеце, гэта моцны аргумэнт супраць тых, хто раней казаў, што тое, што піша Алексіевіч, гэта, маўляў, не літаратура?