Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Максімюк: Напэўна. Гэта моцны аргумэнт. Я прыгадваю, я быў у Беластоку праз два тыдні пасьля абвяшчэньня Нобэлеўскага вэрдыкту прэміі па літаратуры, і я ўбачыў у беластоцкіх кнігарнях чатыры кніжкі Алексіевіч на польскай мове. У кнігарнях у Празе мы бачым кніжкі на чэскай мове. Вось гэта ёсьць аргумэнт, людзі пачынаюць цікавіцца, хочуць даведацца, што існуе такая пісьменьніца, і я думаю, такое ўспрыманьне Алексіевіч чытачамі ў іншых краінах, бачаньне нашай пісьменьніцы вачыма іншых будзе аргумэнтам і будзе пераконваць тых, хто казаў: тое, што піша Алексіевіч, гэта журналістыка. Пачынаючы з часоў перабудовы гэта ўжо тысячы разоў перамалолася ў публіцыстыцы. Я думаю, успрыманьне Алексіевіч замежным чытачом, магчыма, дазволіць і нам убачыць яе ў іншым сьвятле, і ўбачыць таго, чаго да гэтай пары мы не бачылі.
Ціхановіч: А зараз пра тое, чаму над ёй вось так сёлета сышліся зоркі. Калі мы азірнемся на гэты год, які сыходзіць — у тую самую Нямеччыну прыйшоў мільён уцекачоў, калі зноў успыхнула вайна ў Сырыі, Расея пасьля Украіны кінулася біцца з Турэччынай. Сяргей, на вашу думку, ці можна назваць рашэньне Нобэлеўскага камітэту празорлівым, што яно дало прэмію таму аўтару, які дасьледуе чалавека ў часы катастрофы? Які піша літаратуру нон-фікш?
Навумчык: Справа ў тым, што ня толькі гэты год пераломаў, катастрофаў, як вы сказалі. Прыгадайце 2014 год — там увогуле ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, упершыню краіна-сябар Рады бясьпекі ААН учыніла агрэсію — такога проста ніколі не было. Я бы ня стаў ня тое што перабольшваць палітычны фактар, а ўвогуле неяк яго браць пад увагу.
Мы ведаем, што архівы, стэнаграмы, пратаколы Нобэлеўскага камітэту рассакрэчваюцца толькі праз 50 гадоў, мы з вамі ўжо іх не прачытаем, нашы ўнукі напэўна, але вось тыя архівы, якія рассакрэчаныя, скажам, да 1964-65-га году, паказваюць, што нават у прэміі Пастэрнаку за «Доктара Жывага» палітычны фактар — мы памятаем, якія тады былі дэбаты, якія падзеі, яны фактычна падкасілі Пастэрнака — практычна ня браўся пад увагу. Ацэньваюцца мастацкія, гуманістычныя якасьці.
Калі гаварыць пра Алексіевіч — я думаю, тут два фактары. Мастацкія якасьці, праблемы гуманізму і тое, што мы казалі. Пасьля Чэрчыля за 60 гадоў аўтар атрымаў прэмію за нон-фікшн, за дакумэнтальную літаратуру. На Захадзе нон-фікшн даўно ўжо прызнаны як літаратурны жанр, там дзіды ня ломяць з гэтай нагоды. У нас напэўна пройдзе яшчэ 50 гадоў, пакуль прызнаюць. Але гэта, канечне, важны момант, проста Нобэлеўскі камітэт паказаў, што так — гэта літаратура. Ну і, канечне, Алексіевіч — гэта выдатная пісьменьніца.
Ціхановіч: Якія спадзяваньні нарадзіліся ў беларускіх элітаў у сувязі з здабыцьцём Нобэля? Ці былі адэкватнымі спадзяваньні, што Алексіевіч павінна стаць голасам і сумленьнем Беларусі і гаварыць толькі як беларуская пісьменьніца, выступаць супраць «русского мира»?
Максімюк: Я б сказаў, што такія спадзяваньні былі, і яны былі нешматлікія, хутчэй за ўсё, як вы кажаце, большасьць сумнявалася ў тым, ці ўвогуле яна выступіць як беларуская пісьменьніца, ня кажучы пра тое, ці будзе яна прадстаўляць беларускае бачаньне рэчаіснасьці. Што тычыцца таго, ці беларуская яна пісьменьніца, ці нейкая іншая, думаю, яна дакладна адказала на гэтае пытаньне ў сваіх і Нобэлеўскай лекцыі, і банкетнай прамове. Што тычыцца таго, ці фактычна яна можа стаць голасам і сумленьнем Беларусі — я б тут быў асьцярожны. Я думаю, што тут натуральна кожны пісьменьнік, які атрымлівае такую прэмію, ёсьць нейкім чынам ня толькі прыватнай асобай, але і голасам народу. Але я ня думаю, што Сьвятлане Алексіевіч роля такога голасу народу выгадная, яна хутчэй за ўсё прыватны чалавек.
Ціхановіч: Мы ня можам не заўважыць таго разьвіцьця, якое Сьвятлана Алексіевіч прайшла літаральна на працягу гэтага Нобэлеўскага тыдня, я хачу якраз у сувязі з гэтым зьвярнуцца да Аляксандры як да бліжэйшай сьведкі. Памятаеце, Аляксандра, толькі напачатку, адразу пасьля лекцыі некаторыя беларускія аўтары пачалі крытыкаваць Алексіевіч за тое, што яна мала гаварыла пра Беларусь у сваёй лекцыі, што не сказала ні слова па-беларуску, і яна якраз выбрала вас, каб праз вас адказаць сваім крытыкам. А вось тое, што прагучала як разьвітальнае слова на банкеце, хіба не паказала, што яна сапраўды мае такое мудрае вуха, каб і пачуць крытыку і рэагаваць?
Дынько: Сапраўды гэтая прамова, якая прагучала на банкеце, яна зрабіла ўсю Беларусь шчасьлівай. Адну канкрэтную краіну адной канкрэтнай прамовай нобэлеўская ляўрэатка ашчасьлівіла. Я ведаю, гэтая прамова дапрацоўвалася, зьмены ў яе ўносіліся літаральна за гадзіны да цырымоніі. Ня ведаю, у якой канкрэтна частцы яна была пераробленая, але тое, што Сьвятлана працавала над ёй да апошняга моманту — гэта сапраўды так, гэта тое, што мне сказалі падчас банкету. Канечне, я бачыла пасьля ў сацыяльных сетках, у Фэйсбуку, як людзі на гэта рэагавалі — усе былі шчасьлівыя. Я падышла пасьля да Сьвятланы Аляксандраўны, сказала, што я плакала падчас яе прамовы — гэта сапраўды так, але яна, праўда, мне адказала: «ну, Аляксандра, калі ўжо вы плакалі...».