Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Пачнем? – папытаўся, як выпрошваў усё роўна ў іх дазвол, весела міргануў – па-змоўніцку, як сваім сябрам, жыхарам нашага жытла.
Атрымаўшы ад іх маўклівую згоду, ўзяў з горшчычка пэндзлі. Дастаў з шафы фарбы, паклаў побач, на столік.
Чорным алоўкам хуценька зрабіў накід будучага сюжэта “Дарога да храма”. Удалечы, за купчастымі кронамі ліпаў, узвышалася царква – Сафійскі Полацкі сабор. Ад жытнёвага поля, на пярэднім плане, адкуль адкрываецца панарама, угару цягнецца чырвоная палоска вузкага поля – у пышнай квецені макі. Абапал гэтай паласы – такой самай шырыні – цвітуць рамонкі. Яны – белыя-белыя, толькі жоўтыя кропачкі песцікаў... Дарога да Сабора – бел-чырвона-белае поле. Штандар Вялікага Княства Літоўскага, тканіну якога нехта рассцяліў на святой зямлі...
Мне патрэбны цынкавыя бялілы і чорная сажа: гэта фон трывожнага неба. Па ім будуць плысці шэрыя воблакі, з якіх ніяк не можа вынырнуць паўдзённае сонца. Задума непакоіла мяне ўжо з год...
Выціснуў фарбу на палітру, узяў пэндзаль. У той жа самы момант у дзверы майстэрні нехта асцярожна пастукаў. Потым зноў, ўжо больш настойліва, – як быццам той, нехта, хто стаяў за дзвярыма, дакладна ведаў, што я знаходжуся ў майстэрні.
Прыглушыўшы ў сабе незадаволенасць, рушыў да дзвярэй. А яны прачыненыя (здаецца ж накладваў засаўку!).
Чалавек у светлым плашчы і шэрым капелюшы стаяў на пляцоўцы паверха.
– Добры дзень! Выбачайце, вы – Антон Клімовіч?
Я расчыніў дзверы насцеж:
– Так. Слухаю вас...
Чалавек прыхільна ўсміхаўся.
– Ці не запросіце да сябе?
– Выбачайце... спахапіўся, адступаючы крок назад, даючы дарогу госцю. – Заходзьце, калі ласка!
Незнаёмец пераступіў парог, і я зачыніў за ім дзверы. Прапанаваў распрануцца і павесіць плашч на вешалку, прыбітую да сцяны. Плашч ён зняў, павесіў на кручок, а капялюш чамусьці з галавы не здымаў. У паставе, ў паходцы і ў позірку, калі ён разглядваў маю бярлогу, было пачуццё годнасці і самаўпэўненасці.
– Я заходзіў да вас пазаўчора дадому, – ён склаў рукі на грудзях, ужо асвойтаўшыся, злёгку пагойдваўся на дыбачках, глядзеў мне прама ў вочы – аж зрабілася ніякавата. – Але ваша жонка сказала, што вы ляжалі з тэмпературай і папрасіла не турбаваць... Дала адрас, дзе можна вас будзе адшукаць. І вось я у вас...
Мне хацелася папытацца, як яго імя, як звяртацца да яго, але ён, як усё роўна ўгадаў мае думкі, сказаў:
– Даруйце, не з таго пачаў... Я – Анатас Алкепаў. Бізнесмен. Прадпрымальнік. Сумесную фірму трымаем з амерыканцамі і французамі. З балотнай мазырскай і тураўскай вольхі робім мэблю. Яна пасля спецыяльнай апрацоўкі атрымоўваецца як з чырвонага дрэва. А сакрэт той апрацоўкі ведаю адзін я. Нашая мэбля, так бы мовіць, ідзе на расхват. Таму маю вялікія прыбыткі. А сёння, пад час цяжкай эканамічнай сітуацыі, гэта не малаважна. Але не толькі мы робім мэблю, шмат чаго і іншага...
– Слухаю вас, Анатас. Кавы, гарбаты?
– Кавы. І я прыхапіў да кавы французскага каньячку, калі вы не супраць. І тры грушы, каб пасаладзіць душу. Вы любіце грушы?
– Люблю, асабліва “Бэру”. Вы – латыш?
– Так, я балт, вы правільна вызначылі...
“Саб’е мне ўсю працу, – варухнулася недзе ўсярэдзіне незадаволенасць – ніколі не любіў няпрошаных гасцей. Прынесла ж яго нялёгкая ў такі час... Але ж – нейкі заказ... а заказ, значыць, грошы...”
Па пакоі паплыў водар бразільскай кавы – высыпаў апошнюю лыжку. Тым часам госць разліў па шкаліках невядомы мне, і, мусіць, дарагі французскі каньяк. Каўцянулі па кроплі, прыкусілі скрылікам лімона.
– Па-першае, выбачайце, што без папярэдняй узгодненасці. Сам не люблю, калі ўрываецца хто нечакана, – павінаваціўся госць, – але я пастараюся вельмі коратка данесці да вас прадмет размовы, каб не сарваць вам творчы дзень...
– Нічога, нічога...
– У мяне да вас вялікая просьба. Я хачу, каб вы намалявалі мой партрэт. Але намалявалі яго ў такой манеры, у якой ніхто ніколі не маляваў. Каб у ім было нешта магічнае, з адценнем алегорыі, фантасмагорыі. Нешта сярэдняе паміж іконай і партрэтам. Гэта не ўмова. Гэта проста падказка да вашай фантазіі. Поўная свабода. Вольны палёт... Я ўпэўнены, што ў вас атрымаецца тое, што я хачу. Толькі ў вас аднаго гэта і атрымаецца... Я быў на вашай выставе, таму ведаю, што кажу. Я наведаў амаль усе сусветныя пленэры і выставы. Так што мне ёсць з чым і з кім параўнаць. Да вас я прыйшоў, так бы мовіць, падрыхтаваны.
Я хмыкнуў. Мусіць, ад таго, што не зусім зразумеў, што ад мяне хочуць.
– А цяпер пра галоўнае, спадар Антон. У колькі вы ацэньваецце сваю працу? Давайце адразу дамовімся, толькі без залішняй сціпласці. Я чалавек не бедны, далёка не бедны... Пагэтаму дыктуйце мне па самай высокай шкале.