Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Адкінуўся галавой на падушку, павярнуўся да акна. Глядзеў туды, дзе павінны свяціцца прамавугольнікі шыбаў, за якімі, у двары, павінен гарэць ліхтар. Акна не ўбачыў.
Перагарэла лямпачка ці адключылі святло? Ці... ці не бачу яго... І ўжо лячу некуды, як часта снілася мне...
Усё перакруцілася, усё перавярнулася, перакулілася...
Толькі тое ўсё – у адной маёй галаве, ці сусвет сам па сабе пераіначыўся і стаў непазнавальны?
У вочы нечакана ўдарыла зыркае святло.
“Так блізка падляцеў да сонца? То яно так слепіць мяне?..”
– ...кардыяграму! Тэрмінова!..
Голас мужчынскі, знаёмы. Так, то, побач са мной, доктар Міклашэвіч.
Яго ж самога не бачу, як ні стараюся ўгледзецца. Балюча стала правай руцэ, потым левай... Шпыралі ў вену ўколы? Навошта? Я ж не прасіў іх...
Потым адчуў штуршкі ў скронях: адзін, другі, трэці... І тады з маіх грудзей вырваўся ўздых аблягчэння. І – расплюшчыліся вочы. Я ўжо выразна бачыў свайго доктара – схіліўся нада мною, углядаўся ў мяне
– Ну, як, Антон? – усміхаецца кардыёлаг. У яго чамусьці мокры лоб, у вачах ледзь прыхаваная трывога.
– А дзе Яніна, Ян Пятровіч?
– Хто такая?
– Медсястра вашая... Яна толькі што стаяла каля мяне.
– Няма, Антон, у нас такой медсястры. Яніна? Не, няма, і не было... Мо прыснілася табе ці прытрызнілася.
– Мусіць так, стомлена згаджаюся з кардыёлагам, і мне хочацца зноў прымружыць вочы, каб пабыць у цішыні...
– Антон, ці можна зрабіць так, каб вы колькі хвілінаў не зажмурвалі вочы? – просіць Міклашэвіч, і я адчуў, як на мяне ледзь чутна патыхнула мятай – такім у яго было дыханне. – Колькі зможаце...
Не ведаю, што было напісана на маім твары, але я зноў пастараўся паказацца усмешлівым і вясёлым:
– Магу і змагу... Я нават вам і песню магу праспяваць пра ваяроў і касіянераў...
– Не, гэтага не трэба. Праспяваеце мне тады, калі мы сядзем разам з вамі за вясёлы стол, ды з нагоды нейкай добрай і радаснай падзеі... Напрыклад – вы адкрыеце новую планету ці невядомую цывілізацыю, ці праславіцеся нейкім нечаканым вынаходніцтвам... А цяпер вы проста маўчыце, хаця можаце і гаварыць, што хочаце, але абавязкова глядзіце мне ў вочы...
– Мяне хлебам не карміце, а дайце пагаварыць. Язык – бы памяло, нясе і нясе розную лухту, якую непрыемна слухаць людзям... Мне тады цяжка спыніцца, тады мяне спыняюць іншыя...
– Ну і добра, вось так добра... Што ў нас там, Вераніка? – звяртаецца доктар ужо да сваёй памочніцы.
– Здаецца, стабілізавалася... Пульс роўны, насычаны.
– А інакш і не магло быць, – ужо, здаецца, з ноткамі весялосці, гаворыць кардыёлаг. – На іншае мы і не маем права... А якія вы песні, дарэчы, спяваеце, Антон? – удакладніў Ян Пятровіч.
– Ды розныя. Найбольш фальклорныя. Пра Яся і Яніну, пра вашую памочніцу – багдановіцкую Вераніку. А так – нашых бардаў Адраджэння – Андруся Мельнікава, Бартосіка, Данчыка, і – найбольш пра каханне...
– Пра каханне?
– Усе спяваюць пра каханне – і я таксама.
У мяне пачаў дзервянець язык, некуды ўбок пасунуўся Міклашэвіч, як праз тоўшчу туману чуўся яго голас – ужо без трывогі, спакойны і ўпэўнены, голас:
– Ну і добра. Ну і цудоўна... Мы яшчэ заспяваем з вамі, прыдзе тая неўзабаве пара...
Сіліўся яшчэ сказаць нешта, дадаць да яго слоў, але ў мяне нават не пашавяліліся губы – адзервянелі. Але адначасова стала ўтульна, добра і мройна.
Тады ж, у той самы момант, побач стала Яніна. Зноў дакранулася цёплай рукой да майго ілба.
– Ты дзе была, Яніна?
– Ды адлучалася... тут недалёчка.
– Ты хто, Яніна?
– Я ж казала – працую тут.
– А доктар казаў, што не ведае цябе...
– Затое я яго ведаю. Часта за яго работу раблю. Знаходзілася побач з ім, але ён мяне не бачыць. І ты не бачыў. Але адчуваў, што я побач, раз спытаўся ў яго...
– Адчуваў, праўда.
– Але ж я не ўсім памагаю.
– А каму ж, калі не сакрэт? Выбраным ці абраным?
– Не зусім так... Тым, каго праведвае ці апаноўвае дух святога пачуцця – дух кахання.
– ???
– Так, так... Ты ж быў на планеце Ахутавана, ты ж гарэў у тым агні, палаў як нябеснае свяціла, наталяючы тым жа пачуццём і сэрца сваёй каханай... Мо тое было і не пры гэтым жыцці, а шмат стагоддзяў таму назад... Ты тое павінен сам памятаць. Я ратую закаханых альбо тых, каго кахалі ці будуць яшчэ кахаць...