Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Каліноўскага і Касцюшкі? Няма такіх вуліц у Гомелі, таму і тэлефонаў там не можа быць…
– А бібліятэка па вуліцы Вітаўта, дваццаць пятая?
– Не значыцца такая ў даведцы.
Яніна адвярнулася, як быццам яе зацікавіла карціна, што вісела на сцяне. Яна вісела і пры ёй – што знайшла цяпер у ёй цікавага? А мо баіцца разрагатацца зноў, каб не выдаць сябе? Толькі з чаго рагатаць, што тут можа быць смешнага?
У глыбіні душы я пра нешта пачаў здагадвацца. Але толькі пачаў. Але толькі – здагадвацца. Штосьці ў маю свядомасць прылятала, але я і баяўся, і хацеў, каб тое знайшло сваё пацвярджэнне.
Тады я ўзяў далькажык.
І тады ж на табло-дысплеі высвеціліся словы: “Такога нумара тэлефона ў Японіі не існуе. Як і не існуе ў свеце Саямы…”
Тады не вытрымаў і, каб развеяць апошнія сумненні, паставіў табурэтку і зірнуў на люстру: там не было ні каробачкі з-пад сернікаў, ні кавалачкаў газеты з малінавым сіропам, ні самой мухі…
Калі ж зноў лёг на ложак, спытала ўстрывожана:
– Што з табой, каханы мой?
У позірку – смяшынкі. Вось-вось зноў засмяецца ўголас, але стрымлівае сябе неймаверным намаганнем унутранай волі, сціснула да болю вусны.
– Не ведаю… Усё перавярнулася. І – нічога не разумею, хоць забі. Адно толькі – здагадваюся. Падазраю. Але тое – яшчэ не доказ.
Пахітала скрушна-жартоўна галавой:
– Зусім галаву згубіў. Антон, прачніся. Зірні на свет. Ты з-за сваёй пісьменніцкай працы, з-за барацьбы за адраджэнне, і свету божага не бачыш… Прыдумаў нейкага Саяму, Мухіко… А мяне дык і зусім выкінуў са сваёй памяці. Ці не сорамна, га?
Яна стала сама сабой – сур’ёзнай і спакойнай.
Я пільна-пільна прыгледзеўся да яе, пранізваў яе як рэнтгенам, стараючыся дакапацца да самага донца сваіх падазрэнняў.
– Дык, значыць, Яніна, то ўсё ты?! Скажы – ты?!
Зноў смех, але ўжо не здзеклівы, а паблажлівы, пяшчотны:
– А хто ж яшчэ, Антон? Я бачыла, як табе было цяжка ў эміграцыі…
– І стала Саямам?
– Так…
– І дзоры падаравала. А радыётэлефон – далькажык, які пераадольвае любую даль-далячынь?
– Далькажык – гэта рэальнасць.
– Ну ладна, а муха?
– Імі я займалася прафесійна. Навучылася разумець іх мову. Вось такую разумную падабрала і паслала табе – да цябе.
– Гм… А Таццяна, як яна, адкуль нарадзілася?
– То таксама была я. Засумавала, ёсць такі грэх на мне. Засумавала па табе – вось і стала ёю. Але ты яе кахаў нашмат болей, чым мяне, – не ўтрымалася, нават папракнула мяне, але зноў жа – са смехам, з падначкай, ведаючы, што між намі ніякіх тайнаў не існавала. – Але і гэтаму я была рада…
Вось і зразумей яе.
3.
Вось і зразумей іх, жанчын…
Яніна паднялася, і толькі цяпер я заўважыў, што на ёй светла-шэры, пад колер скуры, плашчык; што пад ім, з-пад тонкага світэрка, выпіралі па-маладому грудзі – такія знаёмыя і такія жаданыя. Пайшла ў калідорчык, скінула верхняе адзенне, павесіла на вешалку. І яшчэ адну перамену прыкмеціў у ёй – коратка пастрыглася, а раней у яе заўсёды была доўгая каса. І сама яна як быццам змянілася, і як быццам не перамянілася зусім.
– Дык я ўсё ж такі хачу пачуць – жонка я табе ці не?
– Жонка, жонка! – крычу радасна, не ведаючы, куды хіліць Яніна, і што я павінен рабіць у дадзеным выпадку.
– Калі так, то я, мусіць, павінна рыхтаваць сняданак, як і некалі, ці не так?
– Павінна, павінна! – уключаюся ў яе гульню, падыгрываю ёй, а падсвядомая думка точыць маю душу – калі ж гэта я прачнуся, калі наступіць рэальнае жыццё? Але чамусьці і баяўся таго рэальнага жыцця…
– І лячыць цябе павінна?
– І – лячыць!
Жанчына падышла да халадзільніка, адчыніла, пляснула рукамі:
– А Божачка, тут зусім пуста!.. Адно толькі піва. І аніякага харчу! Добра, што я з сабою прывезла, як ведала, што так мяне сустрэнеш… А я марыла, што на стале будзе стаяць бутэлька “Ліцьвінскага шампанскага”, ружы ў вазе…
– Вінаваты, карай!
– Вінаватых не караюць, іх шкадуюць.
“А сапраўды – чаго не адчуў, не зразумеў? – выліваў на сябе дакор, здзіўляўся сваёй нездагадлівасці. – Саяма папярэджваў, а я…”
На кухні праз нейкі час засквірчэла, засычэла, – і праз момант па кватэры панёсся пах смачнага сняданку – аж закружылася галава.
Потым жонка прынесла кубак гарбаты з нейкім незвычайным пахам – ці то мяты, ці то багуну…
– Вось гэта выпі, і хваробу тваю як рукой здыме, – паставіла гарбату побач на тумбачку. – Потым пагаліся, памыйся, прывядзі сябе ў прыстойны стан – і будзем снедаць, святкаваць наш сённяшні дзень. Апрані сваё самае лепшае, каб я магла любавацца табой, каб пераканацца магла, што ты па-ранейшаму малады і бадзёры, вясёлы і дасціпны… Так што чакаю роўна праз паўгадзіны.