Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Тады – дабранач?
– Дабранач, Антон!
– Звані. Прыязджай.
– Добра. Будзьма!
Госці і не заўважалі маёй адсутнасці – іх цікавіў толькі экран. Яны рабілі вельмі важную і адказную працу – складалі расшыраны мартыролаг пакутаў нашага народа…
А ўсё дзеля таго, што калі пачнецца Вялікі Суд, калі Галоўны Суддзя будзе абвінавачваць адступнікаў у злачынствахсупраць сваго народа, – усё тое і будзе пакладзена ў галоўнае абвінавачванне, каб вынесці канчатковы прысуд кожнаму. Бо і ў другім саборным пасланні святога апостала Пятра гаворыцца пра такіх:
“Яны, як бязмоўная жывёліна, якой кіруе прырода, народжаныя для таго, каб даганяць, дзерпці ікламі, здзекавацца з тых, чаго не разумеюць, у разбэшчанасці сваёй знішчаюцца;
Яны атрымаюць кару за беззаконне, таму што яны раскашоўваюцца ў задавальненні штодзённай раскошы; сабутэльнікі і апаганшчыкі, яны маюць асалоду ад падману свайго, кіруючы вамі;
Вочы ў іх выдаюць іх пошасць і пастаянны грэх; яны зацягваюць у свае чорныя мярэжы чалавечыя душы, якія яшчэ не ўмацаваліся, не загартаваліся; сэрца іх прывучана да граху, гэта – сыны пракляцця.
Абяцаюць свабоду, будучы самі рабамі тлення: бо хто кім пераможаны, той таму і раб…
Лепш бы ім не пазнаць шляхі праўды, чым, пазнаўшы, вярнуцца назад ад аддадзенага ім Святога Запавету.
Таму з імі здарыцца так, як у выверанай прымаўцы: сабака вяртаецца да сваіх ванітаў, а вымытая свіння ідзе, каб выкачацца ў той жа гразі, дзе і была да гэтага…”
Хто шукае для сябе пагібелі, той і знаходзіць яе.
Такі ўжо закон жыцця, так і напісана прарокамі ў Святым Пісанні…
– Дзякуй табе за матэрыялы, – ціснулі на развітанне хлопцы руку, – неацэнныя дакументы. А што цяпер з імі рабіць, мы ведаем.
– Ды не мне дзякуй кажыце, а Мухіко. Яна мне дапамагала ў іх зборы …
– І Мухіко дзякуй, – сур’ёзна гаварылі госці. – Малайчына! Вышэйшы клас работы. Яе ўклад у агульную справу цяжка ацаніць.
“Чуеш, Мухіко?”
“Чую, чую… Гэта ж не ты, які доўга не мог аб’явіць мне падзяку. Скажы ім, што я шчыра ўдзячна за ацэнку маёй сціплай работы…”
Я перадаў яе ўдзячнасць – слова ў слова.
Яны схілілі ў знак падзякі галовы.
– Дзякуй за ўсё! Жыве наш вольны Край!!
Частка пятая
1.
У тую ноч я доўга не мог заснуць…
Яшчэ з вечара пачало блажыць, кружылася галава і дужа ламала суставы. Яшчэ сушыла ў горле…
“Мусіць, прастудзіўся, – падумаў найперш пра хваробу, і чамусьці ўспомнілася, як я піў у піўной разліўное піва – з чужога, вымытага ў халоднай вадзе, куфля. Гандлярка іх ніколі, мусіць, не мыла, а толькі апаласквала. А перада мной піў мо які прастуджаны…
Ноччу, мусіць, трызніў.
Ці то Саяма сядзеў каля мяне, ці то Таццяна, і Мухіко, здавалася, нешта крычала, як папярэджвала пра нешта…
Калі ж да мяне вярталася свядомасць, то ўсе некуды пазнікалі, пакінулі мяне аднаго…
“Ты дзе, Мухіко?”
Адраджэнка-аператар не падавала голас – мусіць жа, недзе на баявым заданні, якія яна сабе і давала.
Загарэўся, здалося мне, экран тэлевізара, але ішлі нейкія перашкоды – ішоў суцэльны “снег”. Тэлевізар у маіх вачах “гайдаўся”, мяне хіліла ў сон…
Зазумкаў прыемнай мелодыяй далькажык.
– Як ты там? – пацікавіўся Саяма.
– Прыхварэў штосьці – грыпую…
– А як жа ты будзеш сустракаць?
– Каго, Саяма сан?.. – з цяжкасцю прамаўляю словы.
– Ну, як бы табе… – ён чамусьці не адказваў напрамкі, і адразу парвалася з ім сувязь.
Зноў правальваюся ў беспамяцтва, і мроіцца, што йду нейкай невядомай сцяжынай, перанітаванай спрэс чарнічнікам і дзеразой, чапляюся нагамі, спатыкаюся і ледзьве не падаю старчма на зямлю…Выразна чулася, як недзе ззаду вылі ваўкі, і я чуў голас “маёй” ваўчыцы, якая некалі выратавала; бачыў, як на шчыку ссохлай хваіны дзяцел адбіваў лясному цару азбукай морзе тэрміновую тэлеграму; на краі ўзболатка, над балотнай тванню канавы, стоўпіліся вялізныя мухі… Пільна ўглядаюся ў іх рой, але Мухіко там не знаходжу…
Здалося, што нехта дакрануўся да маёй рукі.Не расплюшчваючы вачэй, падумаў, што то, мусіць, Таццяна. Але ж я ёй не даваў ключ. Хаця прапаноўваў – адмовілася, не ўзяла. Тады – хто?
Калі расплюшчыў вочы, нікога перад сабою не ўбачыў.
Пачуў нечае дыханне – як хто стаяў каля акна.
Прыўзняўся і павярнуў галаву ў той бок.
Спачатку перад маімі вачыма ўспыхнуў зыркі арэол, таямнічае свячэнне – як над абразамі, – яно пералівалася, было як жывое.