Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Надзеі няма. Вашаць ня стрэне сяброў на паўночных межах.
– Аднак яны там. Мы знайшлі непадалёк ад Усходняй сьцяны ясную пазнаку таго, што хоць бы адзін зь іх жывы. А паміж сьцяною й пагор'ем не было аніякага іншага іхняга сьледу, аніякі сьлед ня збочваў – вядома, калі маё мастэрства сьледапыта ня здрадзіла мне цалкам.
– Тады як спадар мяркуе, што адбылося зь імі?
– Ня ведаю. Магчыма, яны забітыя й спаленыя разам з оркамі. Але ты кажаш, што таго быць ня можа, і таму я не баюся. Застаецца адзінае: іх зьнесьлі ў лес яшчэ да пачатку бітвы. Мо да таго, як вы абкружылі оркаў. Ці магло быць такое, што нехта прасьлізнуў па-за вашыя заслоны?
– Я гатовы паклясьціся, што аніводны орк ня ўцёк ад нас пасьля таго, як мы заўважылі іх. Мы сягнулі ўзьлеску раней за іх. I калі хоць адзіная істота прасьлізнула скрозь нашае кола, дык гэта дакладна ня орк, а, напэўна, нехта з пэўнымі эльфскімі чарамі.
– Нашыя сябры апранутыя, як і мы, – тлумачыў Арагорн, – а вы ж мінулі нас, не заўважыўшы, сярод белага дня.
– Я й забыўся, – сказаў Эямэр. – Так цяжка быць пэўным хоць у чым-небудзь побач з столькімі цудамі. За нашым часам сусьвет зьмяняецца насамрэч дзівосна. Эльф з гномам поруч сярод белага дня крочаць па нашых палёх; нехта йдзе й размаўляе з паннай Залатога лесу – і вяртаецца жывы. Вяртаецца да бітвы меч, зламаны ў пракаветныя часы, задоўга да таго, як нашыя прабацькі сягнулі Ўкрайны й засталіся жыць тут. Як можа чалавек вырашыць, што рабіць яму, у гэткі неверагодны, непрадказальны час?
– Як і заўжды, – адказаў Арагорн. – Ані дабро, ані ліха яшчэ не памяняліся месцамі, і для эльфаў з гномамі, і для людзей яны тыя самыя. I абавязак кожнага: самому разьбірацца, дзе што, хоць бы ва ўласнай хаце, хоць бы ў Залатым лесе.
– Тое цалкам слушна, – пагадзіўся Эямэр. – У мяне няма сумневу ані ў вашаці, ані ў тым, што падказвае мне сэрца. Ад нак я ня вольны рабіць як пажадаю. Супраць нашага закону – дазваляць чужынцам бадзяжыць свавольна па нашай зямлі, калі сам кароль ня дасьць на тое дазволу, а ў цяперашнія неспакойныя часы закон трымаецца яшчэ стражэй. Я запрасіў спадара ехаць з намі вольна – вашаць ня згодны. Я не ахвочы соценнаю харугваю біцца з трыма.
– Мне падаецца, не для гэткіх выпадкаў быў створаны закон, – запярэчыў Арагорн. – I я не чужынец у гэтым краі. Я быў тут раней, і ня раз, выяжджаў разам з войскам рахірымаў, хоць і пад іншым імем, і ў іншым абліччы. Цябе я раней ня бачыў, бо ты малады, але гутарыў з тваім бацькам, Эямундам, і з Тэядэнам, сынам Тэнгела. Аніколі раней уладары гэтай зямлі не прымусілі б ваяра адмовіцца ад мэты, падобнай да маёй. Мой абавязак ясны – рушыць наперад. Дык вырашы, урэшце, сын Эямунда: дапамажы нам ці хоць бы дазволь рушыць вольна. Або шукай, як выканаць закон. Калі так – меней вершнікаў вернецца да вайны з сапраўдным ворагам і да свайго караля.
Эямэр памаўчаў, тады прамовіў:
– І табе, і мне трэба сьпяшацца. Мая харугва рвецца дахаты, і кожная гадзіна затрымкі памяншае тваю надзею. Дык пачуй маё вырашэньне: вы вольныя йсьці. Болей за тое, я пазычу вам коней. Толькі аднога прашу: калі вашаць сягне сваёй мэты ці ўпэўніцца ў яе недасягальнасьці, вярніся разам з коньмі за Энтваду, да Мэдусэльду, каралеўскага палацу, дзе цяпер Тэядэнаў сталец. Гэтак вашаць пакажа яму, што я не памыліўся з прысудам. Цяпер я – магчыма, самім сваім жыцьцём – залежу ад добрай волі спадара. Не падмані ж мяне.
– Не падману, – сьцьвердзіў Арагорн.
Сярод ваяроў харугвы многія надзвычай зьдзівіліся, што Эямэр загадаў пазычыць коней незнаёмцам, і пазіралі змрочна й з сумневам. Аднак толькі Эятан адважыўся пярэчыць адкрыта.
– Магчыма, роханскага каня годна даваць гондарскаму шляхцічу, якім ён сябе абвяшчае, але ж хто й калі чуў пра тое, каб роханскага каня давалі гному?
– Аніхто ня чуў, – адказаў Гімлі, – і не пачуе аніколі. Я хутчэй выпраўлюся пехатою, чым залезу на гэткую вялізазную жывёліну з уласнай волі ці з прымусу.
– Ты мусіш ехаць альбо надзвычай затрымаеш нас, – папярэдзіў Арагорн.
– Сядай з мною, сябра мой Гімлі, – запрасіў Ляголас, – тады ўсё будзе добра, і табе не спатрэбіцца ані пазычаць каня, ані турбавацца празь яго.
Вялізнага цёмна-шэрага каня прывялі Арагорну, і дунадан сеў на яго верхам.
– Хазуфэл ягонае імя, – давёў Эямэр. – Няхай ён добра нясе цябе, і да лепшага лёсу, чым свайго былога гаспадара, Гарульфа!
Меншага коніка, лягчэйшага, але неспакойнага й гарачага, прывялі Ляголасу. Клікалі каня Арад. Ляголас папрасіў зьняць зь яго сядло й вузду. Сказаў: "Мне яны не патрэбныя", лёгка скочыў у сядло – і, на агульнае зьдзіўленьне, Арад паслухмяна й пакорліва пайшоў пад ім, рухаючыся туды й сюды на слова. Гэткім чынам слухаюцца эльфаў усе добрыя жывёлы. Гімлі падсадзілі, і гном усьсеўся, учапіўшыся за сьпіну сябра, але пачуваўся пры тым ня лепш за Сэма Гэйхада ў чоўне.