Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі

Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:

“Запіскі афіцэра чырвонай арміі” – пераклад з польскай твора Сяргея Пясецкага. Твор напісаны ў Англіі ў 1948 годзе. У ім аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў савецкага афіцэра. Аповяд ідзе ад першай асобы. У ім пісьменнік прадстаўляе свет вачыма свайго героя, разважаючы ягонымі катэгорыямі. Твор таленавіты, густа перасыпаны чорным гумарам, па-сапраўднаму смешны (часам да слёз), часам гэты смех вельмі горкі і нават балючы. У рамане шмат сарказму, абнажэння голай рэчаіснасці, якую гадамі прыкрывалі пад пелерынай “адзіна слушнай” ідэалогіі. Аўтар прыклаў максімум намаганняў, каб мова рамана была як мага больш грубай і прымітыўнай, што яскрава перадае і характар героя, і сітуацыю, час, у якіх ён апынуўся. “Запіскі” – найбольш вядомы раман Сяргея Пясецкага, які найчасцей з усяе творчай спадчыны пісьменніка выдавалі незалежныя выдавецтвы ва ўсім свеце. (Афіцыйныя дагэтуль староняцца гэтай публікацыі, уважаючы яе за злобны пашквіль.) (Н.Г.)
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 46
Перейти на страницу:

– Што ты яму тлумачыш? – прамовіў старэйшы шавец. – Ён і без цябе гэта добра ведае, але яму такую школу наладзілі, што інакш казаць не можа, акрамя як: “У нас всё есць!… У нас всево многа!… У нас всё лучшэ!… У нас всё дзешэвле!”[1] Зрабілі з яго папугая і з’яўляецца ён “круглым” дурнем!

Тады я ўстаў. Адчуў, што болей не стрываю. Нават на сур’ёзнае “мардабіцце” ў абарону Савецкага Саюзу рызыкнуў. І ім праўду ў вочы вываліў:

– Вы кажаце, што я круглы дурань! А ці ведаеце вы, што я гэтым толькі ганаруся?… Так… Вось вы, разумнікі, а нават сваёй дзяржавы не маеце і мусіце рабіць тое, што вам наш урад загадае! А мне розум наогул не патрэбны. У нас ёсць тыя, хто разумны, і яны ўсім кіруюць. Мы ўжо чвэрць свету маем. А за дзесяць гадоў над паловай свету запануем. А за 20 год наш рускі народ будзе ўсімі ў свеце кіраваць. Такія мы ёсць дурныя! А вы з вашай мудрасцю будзеце вымушаны нам служыць і рабіць тое, што вам загадаем! Таму тое, што я дурань, толькі пашана для мяне! Вось так: я дурань, дурань, дурань! І гэта мой вялікі гонар!

Скончыў я гаварыць і маўчу. Чакаю, што з таго атрымаецца? Зразумеў, што ботаў мне пэўна не зробяць. Але панёс я гэтую вялікую ахвяру ў абарону маёй Айчыны.

А яны нічога. Глядзяць на мяне. Можа чакалі, што я далей скажу. А потым – быццам дамовіліся – як выбухнуць смехам, што я нават спалохаўся. Мінут дзесяць смяяліся. Адзін нават на падлогу паваліўся і за пуза схапіўся. А ў другога слёзы з вачэй ляцелі.

Нарэшце яны супакоіліся. Старэйшы шавец да мяне падышоў, паляпаў па плячы і сказаў:

– Падабаешся ты мне… За такі спектакль дык я табе боты толькі за сто рублёў пашыю. Будзеш мець такія бацяры, якіх не мае нават твой мудры Сталін! Карыстайся з магчымасці, пакуль вы яшчэ не ўвесь свет захапілі, бо потым будзем усе хадзіць у калошах, лапцях альбо басанож.

Узяў ён меркі і нават сказаў мне нагу на паперу паставіць і алоўкам стапу абмаляваў. Потым сказаў:

– Прыходзь праз тыдзень. Будуць у цябе добрыя боты. Ты мяне вельмі парадаваў, і за гэта я сам табе іх зраблю.

Пайшоў я дадому і нічога зразумець не мог. Дзіўны народ гэтыя палякі! Я ім у вочы такіх рэчаў намянціў, а яны нават не раззлаваліся і яшчэ цану на боты знізілі. Не магу зразумець я гэтай дзікай народнасці. То за лухту да пысы падбіраюцца, а як відавочна трэба ў пысу біць, дык са смеху падыхаюць!

Так, гэты народ з псіхалогіяй!

У чэрвені 1940 года.

Вільнюс.

Не люблю часта пісаць, бо цяпер, па шчырасці, і няма аб чым. Таму чакаю заўсёды, каб сабралося болей спраў сусветнага значэння, а тады толькі ўвекавечваю іх у гэтай маёй навуковай працы. Зрэшты, з таго часу як вырашыў я напісаць найлепшую ў свеце аповесць, аб нашых савецкіх дасягненнях і аб геройскай непераможнай Чырвонай Арміі, дык я згубіў жаданне да напісання розных дробязяў. Але сёння не стрываў і пішу зноў. Бо сённяшні дзень (26 жніўня 1940 года) ёсць дзень вялікі.

Вось сяджу я за сталом і пішу, а перада мною на стале стаіць пара ботаў. Але якіх БОТАЎ!… Папросту дакранацца да іх баюся, а не тое што ў іх хадзіць!

Стаіць нешта такое на стале, на белым абрусе і ільсніцца, як зорка на савецкім сцягу. Скура на іх танюткая, мякенькая, а моцная – як наш Савецкі Саюз. Абцасы зграбныя, наскі захапляючыя, ранты – проста мара… А халявы!… Нават словаў мне бракуе каб выказаць іх прыгажосць! Папросту не боты, а маўзалей Леніна на Чырвонай плошчы, альбо савецкі танк апошняй канструкцыі!

Цэлую ноч я не спаў і на іх глядзеў. І страх мяне нават бярэ, што з’яўляюся ўласнікам такога скарбу. Буду вымушаны яго вельмі пільнаваць. Вырашыў пад раніцу, што трэба дзверы ў пакой замыкаць і ключ з сабою забіраць. Акрамя таго пажадана купіць навясны замок для дзвярэй і моцны прабой у іх умантаваць. Не магу такі скарб легкадумна падвяргаць небяспецы. Добра хаця б тое, што мой пакой знаходзіцца на трэцім паверсе, таму хоць з вуліцы рэакцыйны злодзей да іх лёгка не дабярэцца.

Так. Вось сяджу я і пішу, штохвіліны на боты паглядаю і думаю сабе так: “Вялікім і важным чалавекам, Міхаіл Мікалаевіч, ты стаў! Можаш сабой ганарыцца!”

А са сцяны да маіх ботаў з аднаго боку таварыш Сталін прыглядаецца, а з другога – ВЯЛІКІ наш сябра, таварыш таварыша Сталіна, сам Адольф Гітлер. І падалося мне нават, што гэтыя любімыя правадыры такую вось гаворку вядуць:

СТАЛІН: Паглядзі, Адольфік, як я свайго гераічнага афіцэра забяспечыў! Прыемна паглядзець.

ГІТЛЕР: Так. Бясспрэчна, боты дзівосныя. Я цябе шчыра віншую і моцна радуюся такому вялікаму поспеху Савецкага Саюзу.

СТАЛІН: Ён у мяне не толькі выдатныя боты мае, але і чамадан і два гадзіннікі!

ГІТЛЕР: Дык я ўжо заўважыў і калі б не быў так моцна заняты знішчэннем палякаў, жыдоў, французаў і іншых рэакцыяністаў, дык асабіста прыехаў бы, каб тыя скарбы агледзець.

Так. Шалёна прыемнае самапачуццё. Толькі адну трывогу маю: баюся гэтыя боты на ногі абуць. Магчыма, зраблю гэта толькі на вялікую і вельмі радасную для Савецкага Саюзу ўрачыстасць. Напрыклад: калі наш улюбёны таварыш Гітлер пасля французаў да англікаў дабярэцца і скіне тую заразу з вострава ў мора, каб патапіліся подлыя рэакцыяністы!

Пішучы гэта, я заўважыў, што даўно нічога аб палітычных справах не ўзгадваў. Але што пра іх шмат пісаць? Гэта справа нашага ПРАВАДЫРА і ягонага СЯБРА. Яны работу тую выканаюць спраўна і прафесійна. Вымятуць з Еўропы і ўсяго свету капіталістычных паразітаў. І яшчэ такое здзейсняць, што я сабе патэфон, а можа, нават і радыё здабуду. Хто ж гэта ведае! Апошні год пераканаў мяне, што спаўняюцца ў маім жыцці такія рэчы, аб якіх я нават не думаў, не марыў і не сніў. Адзін доказ гэтага стаіць перада мною на стале. Другі – чамадан – ільсніцца медзянымі замкамі. А два гадзіннікі шэпчуць удзень і ўночы… Адзін: вялікаму Сталіну ура, ура, ура… Другі: вялікаму Гітлеру брава, брава, брава!

Таму аб палітычных справах няма што шмат распісваць. Усё ідзе згодна з планам палітычнай прадукцыі, прынятым двума найвялікшымі дабрачынцамі чалавецтва. Далучылі ўжо Літву, Латвію, Эстонію, палову Польшчы, Бесарабію, Беларусь, Украіну. Толькі з Фінляндыяй нам не дужа пашэнціла. Але там неверагодна хітрыя рэакцыяністы з усяго свету сабраліся і за англійскія капіталы такую абарону зрабілі, што цяжка да іх адразу дабрацца. Апавядаў мне знаёмы капітан, двухразовы герой Савецкага Саюзу, каторы быў на фінскім фронце, што вельмі моцна там фашысты заселі. Аказалася, што яны зрабілі ўмацаванні з гумы. Мы, значыцца, валім па іх з гарматаў альбо лупцуем бомбамі з самалётаў, а снарады адскокваюць ад гумы і ніякай ім шкоды не прычыняюць. Таму плюнулі мы на тую заразу і пакінулі іх на потым. Тым часам нашы вучоныя такія промні вынайшлі, што гуму здалёк раствараюць. Толькі апараты тыя яшчэ не скончаныя, бо нейкі сабатажнік у фабрыку залез і працу папсаваў. Але гэта справу толькі ненадоўга зацягне. Потым як рушым з тымі промнямі на фінаў, дык уся іхняя гума растварыцца і патопяцца яны ў ёй, як мухі ў смале. А для нас яшчэ і тая карысць будзе, што шмат гумы на выраб калошаў для рабочага люду здабудзем, таму меней людзей будуць босымі хадзіць. Словам, ад гэтага прадбачыцца рост дабрабыту ў Савецкім Саюзе і эканамічны прагрэс.

А наш сябра сардэчны, Адольфік, тым часам Францыю ўпарадкуе і іншыя краіны таксама… Пэўна, і ягоныя героі шмат гадзіннікаў, чамаданаў і ботаў панакуплялі альбо папросту сацыялізавалі. Можна меркаваць, што ім не горш чым нам шанцуе. Таму ўсё развіваецца вельмі прыемна, як трэба згодна з планам вайскова-палітычнай прадукцыі. Па-стаханаўску, можна сказаць, нашы ўлюбёныя ПРАВАДЫРЫ Еўропу абрабляюць. А як яе скончаць, дык троху адаспяцца і да Амерыкі дабяруцца. Там таксама будзе шмат цікавай работы, бо долараў там, як чуў, вельмі шмат, і будзе за што пагуляць. Тады я сабе нават веласіпед куплю… з насосікам.

Учора было яшчэ адно цікавае здарэнне. Атрымаў я ад брата Васіля з Масквы пасылку. І нават шпарка дайшла, бо толькі два з паловай месяцы была ў дарозе. А найгалоўнейшая рэч у тым, што нічога з пасылкі не знікла. Можа, цяжка ў такое паверыць, але гэта шчырая праўда. Зверыў дакладна, бо ўнутры знайшоў спіс рэчаў, напісаны рукой брата. Вельмі прыемна, што ў нас у Савецкім Саюзе такія спраўныя і чэсныя служачыя. Мы можам служыць прыкладам усяму капіталістычнаму свету.

вернуться

1

Звыклыя сьцьверджаньні ўсіх расейцаў, якія прыйшлі на акупаваныя 6альшавікамі тэрыторыі "У нас усё ёсьць!... У нас усяго багата!... У нас усё лепей!... У нас усё таньней!".

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 46
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)