Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
- Автор: Песецкий Сергей Михайлович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: VivaFutura
- ISBN: 985-6056-37-0
- Переводчик: Александр Островцов
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:
У пасылцы было: тры кіло бульбы – нават не папсавалася ў далёкай дарозе, кіло цыбулі, два вялікія буракі, торбачка хлебных сухароў, пачак махоркі і аркуш газеты для кручэння цыгарак. Была таксама пляшачка алею і – найважнейшая рэч – паўкілаграма масла нашай савецкай вытворчасці, зробленага на фабрыцы імя слыннай рэвалюцыянеркі Карвуце. Прачытаць надпісы на ўпакоўцы масла я не мог, бо ўсё было дробна парэзана, з-за цэнзуры, якая сачыла, ці няма ўнутры чагось палітычна шкадлівага. Але назва фабрыкі была добра бачна: КАРВУЦЕ.
Я асцярожна выклаў тое масла на талерку. Паскладаў кавалачкі, каб усё было ў парадку і вырашыў, што пакажу яго Марыі Іванаўне. Няхай капіталістычная гадзіна падзівіцца нашым савецкім дасягненням і высокаму ўзроўню жыцця.
З іншымі прадуктамі я толькі клопат меў і мусіў паціху ўвечары з дому выйсці і ў бязлюдным месцы ўсё гэта праз паркан выкінуць. Брату ж трэба будзе напісаць, каб нічога болей мне не пасылаў. Няхай лепей сам гэта спажывае на здароўе, бо ў мяне ўсё ёсць. Сам паслаў бы яму вялікую пасылку з вяндлінамі, салам, каўбасамі, маслам, але баюся, каб легкадумна і яго, і сябе на турму ці сасланне ў лагер не падштурхнуць.
Вось пагрукаў я сёння зранку да Марыі Іванаўны.
– Прашу зайсці да мяне на мінутачку, – сказаў ёй. – Хачу я табе паказаць надзвычайную, можна сказаць, рэч, якая выразна сведчыць аб гіганцкім узроўні нашай савецкай цывілізацыі!
Увайшла яна ў пакой, але была вельмі нясмелая, бо я апошнім часам цвёрда тых буржуек за пашчу трымаў. Пачаў нават іх рознымі заалагічнымі імёнамі называць. Няхай ведаюць, з кім маюць справу і дзе іхняе месца!
Вось стала яна ў дзвярах і з захапленнем глядзіць на боты, якія я усталяваў пасярод стала на яе белым абрусе. Гэта мяне троху змягчыла, таму сказаў:
– Падыдзі бліжэй. Не бойся. Сёння я ў вельмі добрым гуморы і не збіраюся ўважыць цябе мардабіццем ці якога футболу ўжываць.
Наблізілася яна да стала і са здзіўленнем на боты глядзіць. А я ёй пальцам на талерку паказаў і спытаўся:
– А гэта бачыш?
– Бачу, – адказала яна.
– Прыглядзіся добра, што гэта такое?
Яна нахілілася, панюхала і адказала:
– Гэта сапсутае масла.
– Масла, можа, і сапсутае, але аб чым гэта масла сведчыць?
Змоўкла яна на пэўны час, паглядзела на мяне і кажа:
– Гэтае масла сведчыць аб тым, што хтосьці трымаў яго задоўга і не з’еў своечасова, таму яно прагоркла.
– Дурная твая галава! – сказаў я ёй. – А яшчэ вучыцелькай была!… Гэтае масла сведчыць аб нашых вялізных савецкіх дасягненнях, бо зроблена на спецыяльнай фабрыцы масла пад Масквой, якая называецца імем слыннай загранічнай рэвалюцыянеркі пралетарскага паходжання, каторая загінула ў барацьбе з буржуазіяй за вызваленне пралетарыяту.
А яна паглядзела на мяне і кажа:
– Гэта троху дзіўна, што вы мне апавядаеце, бо масла гэта не з Масквы, а з Коўні. Вось тут штэмпель. І ўсе надпісы на летувіскай мове. А “Карвуце” зусім не чалавечае імя, а толькі назва каровы па-летувіску.
– Каровы?! – спытаўся я.
– Так… каровы, – паўтарыла яна.
Тут ужо я напружыўся, пальцам на дзверы паказаў і сказаў толькі адно слова:
– Вон!!!
Але як сказаў?!… Ну, натуральна, знікла яна з пакоя ў адзін момант. З буржуйкамі трэба ўмець адпаведна сябе паводзіць. Так.
30 верасня 1940 года.
Вільнюс.
Вялікаму Гітлеру ура! ура! ура!
Радасць распірае маё савецкае сэрца і па самыя берагі напаўняе камсамольскую душу. Гонар залівае мой сацыялістычны мозг. Я такі шчаслівы, што вырашыў напісаць усё гэта падрабязным урачыстым чынам. Таму абуў новыя боты, і, штохвілінна на іх паглядаючы, пішу гэтыя словы.
Дзень гэты з’яўляецца днём вялікай радасці для Савецкага Саюзу, увогуле пралетараў усяго свету, камуністаў жа асабліва… Папросту не магу паверыць сваім вачам і вушам, калі чытаў аб гэтым усім у газетах і слухаў па радыё. Але пераканаўся, што так яно і ёсць… І толькі 7-га верасня.
Вось:
ГІТЛЕР БАМБАРДЗІРУЕ ЛОНДАН!!!
Дабраўся, нарэшце, любы ПРАВАДЫР нямецкіх сацыялістаў і найвялікшы сябра савецкага народу да англійскай скуры! Патанцуюць яны цяпер пад бомбамі. Вельмі гэта мяне радуе. Усе нашы хлопцы ходзяць усміхаючыся і рукі ад радасці паціраюць. Ведаем, што гэта пачатак канца англійскага народу. Столькі гадоў чытаў і слухаў аб гэтай найвялікшай напасці чалавецтва і найпадлейшым ворагу Савецкага Саюзу, Англіі, аднак дачакаўся ўрэшце, што ўзялі яе ў абарот! Шкада толькі, што нас там не будзе. Навучылі б мы іх рускаму боксу! Пагулялі б хлопцы на славу. Ну і карысць была б вялікая, бо, напэўна, там кожны дзесяты англік гадзіннік мае, а некаторыя буйныя капіталісты могуць нават веласіпеды мець. Было б з кім там пазабавіцца!… А можа, любы Гітлерочак сам не здолее і нас папросіць дапамагчы? Вось жа было б свята! А палякі ходзяць як прыгнечаныя. Насы паапушчалі. Я ўжо Марыю Іванаўну разоў з дзесяць пытаўся: “Што гэта вашы англічане так доўга сюды не прыходзяць, каб вас вызваляць? А можа, сваю шкуру вымушаны бараніць?” Але яна мне на гэта нічога не адказвала альбо казала, што не разбіраецца ў гэтых справах. Хітрая шэльма!
Увогуле гэты месяц вельмі ўрачысты і важны для Савецкага Саюзу. 17-га верасня святкавалі гадавіну вялікай перамогі Чырвонай Арміі над фашысцкай Польшчай. Гэта, можна сказаць, рашучы доказ нашай моцы, якой ніхто ніколі супрацьстаяць не зможа. Была ў той дзень вялікая радасць і задавальненне.
А заўчора я выклікаў слесара, каб зрабіў адпаведнае ахоўнае ўмацаванне на дзвярах да майго пакоя. Бо я з таго часу, як боты купіў, вельмі неспакойна спаў. На дзень як заўсёды дзверы на ключ замыкаў. Але гэта няпэўная абарона. А раптам якая вучыцелька дзверы адмычкай адчыніць і мае боты альбо чамадан скрадзе!
Слесар дзверы агледзеў і спытаўся, што трэба рабіць. Сказаў я яму, што хачу мець такія засаўкі, каб найспрытнейшы злодзей у пакой забрацца не мог. Слесар пачухаў галаву і адказаў:
– Ад добрага злодзея цалкам надзейных засавак няма. Бо калі замкі будуць добрыя, дык ён дзверы з завесаў здыме, альбо з іх шворан выб’е.
– А ці можаш абараніць дзверы так, каб ніякім чынам не даў бы рады?
– Гэтага, – адказаў ён, – гарантаваць не магу. Але калі вам грошай не шкада, дык можна вельмі моцна абараніць. Тады злодзей дзвярам рады не дасць і будзе вымушаны іншы шлях шукаць.
– Колькі б такое каштавала?
Ён падумаў і сказаў:
– Гэта трэба падлічыць. Завесы мусяць быць запраўлены праз каробку ў цэглу, і “вусы” ад іх трэба будзе ў сцяне цэментам замазаць. Гэта першая справа. Пасля дзверы знутры трэба будзе тоўстай бляхай абабіць і прыкляпаць. Тады борам дзірку не прасвідруе і засаўку не адсуне. Краі дзвярэй трэба, канешне, тоўстымі ліштвамі жалеза абабіць, так, каб ніякай шчыліны не было і тады ў іх замок “Yale” урэзаць. А звонку можна яшчэ дзве моцныя скаблы дадаць для двух навясных замкоў.
– Колькі б гэта каштавала?
– Дзвесці рублёў, – паведаміў ён. – Сам матэрыял будзе каштаваць 80 рублёў. Замок “Yale” і два добрыя навясныя 70. Ну а 50 за работу, бо за адзін дзень наўрад ці скончым і ўдвох будзем працаваць.
Падумаў я сабе: што тут рабіць? Дорага мне гэта падалося. Але ж ці не лепей адразу абараніць маю сацыялістычную ўласнасць ад замахаў усялякіх рэакцыйных злодзеяў і мець спакой? Таму згадзіўся я на тую цану, толькі папрасіў, каб хутка работу выканалі.
Паўтара дня ўзмацнялі яны дзверы. Я ж увесь гэты час з дому не выходзіў, бо баяўся боты і чамадан без нагляду пакінуць. Але ўрэшце скончылі яны работу. Выканалі ўсё. Выйшла добра без пытанняў.
Памочнік слесара спытаўся ў мяне:
– Навошта вам такія запоры? Тут жа не банк.
– Як гэта “навошта”?! Вось чамадан добры маю. А найважнейшае – гэта боты!
А ён як пачне смяяцца і кажа:
– Дык ты, каб захаваць боты, якія каштуюць 80 рублёў, адваліў за гэтыя дзверы 200 рублёў!