Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
- Автор: Песецкий Сергей Михайлович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: VivaFutura
- ISBN: 985-6056-37-0
- Переводчик: Александр Островцов
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:
– Найперш, – звярнулася да афіцыянта, – падай нам вялікі графін гарэлкі і дзве пляшкі моцнага піва. Да гэтага два шніцаля і салёных гуркоў штукі чатыры. А потым паглядзім. Толькі хутка.
Адразу па ёй бачна, што асоба з вышэйшага грамадства, бо калі вячэру замаўляла, дык нават у меню не зірнула. Усё ведае на памяць. Вось прынёс нам афіцыянт гарэлкі і гуркоў штукі чатыры. А аб шніцалях папярэдзіў, што пакуль смажацца. Яна тым часам звярнула яго ўвагу на кілішкі і сказала замяніць іх на шклянкі. Затым наліла гарэлкі ў шклянкі і абвясціла ўрачыста:
– За наша халасцяцкае!
Выпілі. Закусілі. А яна гаворыць:
– Мне жытнёўкі вельмі не хапае. Бо ад простай гарэлкі мне пазней галава баліць.
Так сабе балакаючы, графінчык гарэлкі мы і высмакталі. Тым часам афіцыянт шніцаль прынёс. Тады яна другі графін замовіла. Калі падпілі належным чынам, пачаў я яе аб ейным грамадзянскім становішчы выпытваць.
– Я панна, – сказала яна. – За абы-каго замуж выходзіць не хачу, бо не дурная, каб на нейкага асла марна дома працаваць.
– А я халасцяк, – паведаміў я. – І лічу, што мы добра адзін аднаму падыходзім. Таму вельмі ўсцешаны ад знаёмства з такой прыемнай асобай!
Вельмі прыемна мы бавілі ў рэстаране час. Але ад гарэлкі мне ў галаве закруцілася канкрэтна. А па ёй і не сказаць было, што на падпітку. Потым пайшлі дадому. Я насмеліўся нават пад ручку яе ўзяць. І нічога… не запярэчыла. Відавочна, я ёй вельмі спадабаўся. Стала быць прэмся мы так сабе ўрачыста вуліцамі, хістаючыся ў бакі. А на нас усе прахожыя са здзіўленнем вылупляюцца і нават дарогу саступаюць.
Праводзіў я яе ажно да самага дому. У ручку, натуральна, пацалаваў і спытаўся, калі буду мець шчасце наступным разам яе ўбачыць?
– Праз два дні, – адказала яна. – У суботу. Буду мець вальнейшы час, дык магчыма ў кіно сходзім.
Дамовіліся такім чынам, што ў суботу ўвечары я буду яе на вуліцы чакаць. Потым яна ў мяне 10 рублёў пазычыла. Сказала, што ёй часова не хапае грошай заплаціць за кватэру. Натуральна, я з вялікай радасцю даў ёй тыя грошы, бо калі ж небудзь гэта мне моцна адплоціцца. У ручку яе зноў чмокнуў і сказаў рамантычна: “Дабранач! Прыемных сноў!”
Такім чынам развіталіся мы да суботы. Пайшоў я дадому. Убачыў, што ў яе вакне святло запалілася. Таму я на балкон выйшаў, катарынку вынес і, хаця вельмі халодна было, на дабранач для яе вальса сыграў. Потым таксама пайшоў спаць, але доўга заснуць не мог.
Так пачалося маё вялікае камсамольскае каханне.
30 лістапада 1940 года.
Вільнюс.
Назаўтра я абудзіўся вельмі позна. Вядома ж: паўночы не спаў, толькі аб маім гарачым каханні думаў і быў вельмі шчаслівы. Вось абудзіўся я і бачу, што на стале той букет кветак ляжыць, які я ўчора ў квяцярні для майго ідэалу за вялікія грошы купіў. Забыўся ёй учора яго аддаць. Яна ж, з-за далікатнасці характару, пра кветкі не нагадала. Зрэшты, магла таксама забыцца, бо выпілі мы два вялікіх графіны гарэлкі і шэсць пляшак піва. Уначы я нават свой пакой троху запаскудзіў, бо два разы “налёты на Рыгу” рабіў.
Вылез я хуценька з ложка і думаю сабе: “Трэба тыя кветкі ратаваць, каб да суботы не звялі. Тады здолею імі зноў маю ўкаханую абдарыць”. Але я не меў ніякага посуду, у якім бы мог іх у ваду паставіць. Аднак узгадаў сабе, што ў тумбачцы, пры ложку, стаіць нейкая вялікая эмаліраваная пасудзіна. Вельмі нават зручная, бо вушка збоку маецца, за якое яе можна лёгка браць. “У самы раз, – думаю сабе, – для кветак падыходзіць. І вялікая, і прыгожая, і зручная”. Пайшоў я, нават не апранаючыся з-за паспеху, у кухню і ваду з крану ў пасудзіну наліў. Кветкі ўсярэдзіну ўставіў і паказваю вучыцелькам, каторыя акурат у гэты ж час на кухні сняданне елі, бо там цяплей, чым у іншых пакоях.
– Бачыце, – кажу, – як прыгожа! Мы кветкі вельмі любім, бо з’яўляемся страшэнна далікатным народам.
Але яны нічога не адказалі на гэта. Пэўна, не спадабалася ім, што я ў адным споднім па кватэры хаджу. Колькі часу ў іх жыву, а так і не адвыкліся ад буржуйскіх забабонаў. Дурны народ!
Вярнуўся я ў свой пакой і кветкі на вакне паставіў, каб яна – царыца майго сэрца – убачыла, як я яе шаную. Потым, калі заўважыў, што яна фіранку на вакне адсунула (што значыцца ўстала ўжо), марша для яе на катарынцы рубануў. Падабаецца мне вельмі гэты сацыялістычны інструмент. Доўга вучыцца не трэба, ноты таксама непатрэбны, і калі хто здольнасці мае, дык вельмі хутка можа сабе і іншым удзень і ўночы жыццё прыемным зрабіць. Так.
Ну, дачакаўся я суботы. Новыя боты абуў. Палову флакону найлепшай на свеце парфумы “ПОДЫХ СТАЛІНА” на галаву выліў. Два гадзіннікі начапіў. А потым пайшоў з букетам кветак на спатканне з маёй каханай. Доўга, аднак, яе чакаў. Нават досыць змерз, бо ўжо на моцныя маразы схапілася. Але каханне мяне моцна разагравала і неяк ужо дачакаўся я майго ідэалу. У ручку яе, натуральна, пацалаваў і букет кветак уручыў урачыста. А яна не хоча браць. Кажа:
– Шкада, што не засталіся яны ў той прыгожай пасудзіне, у якой былі на вакне. Я не маю дзе гэтыя кветкі трымаць, бо мая пасудзіна, такая ж самая, як твая, бывае мне часам уначы патрэбная.
Таму я сам букет у руцэ панёс. І нават вельмі прыгожа тое выглядала. Яна сабе ў капялюшыку з пёркам і на высокіх абцасіках шуруе ўздоўж вуліцы. Я ж у ботах з сапраўднага французскага шаўро, пры двух гадзінніках і з букетам кветак, пад ручку яе вяду… Трэба, канешне, будзе ўгаварыць яе, каб разам сфатаграфавацца на памятку аб нашым каханні. І мушу не забыцца боты таксама сфатаграфаваць, каб у будучыні, калі вярнуся ў Савецкі Саюз, мець доказ, што сапраўды іх меў.
Прыйшлі ў кіно. Я для нас суцэльную ложу ўзяў, каб яна ведала, што не абы-кім з’яўляюся. Такім чынам уселіся мы там толькі ўдваіх і на экран тарэшчымся. Але было нейкае польскае свінства, і яно мяне зусім не зацікавіла. А яна так смяялася, што ўсе людзі ў кіне на нас аглядаліся. Асабліва калі яна, штохвілінна выбухаючы смехам, ікаўку атрымала.
Паспрабаваў я ў цемры ўзяць яе за ручку. І нічога, зусім не пратэставала. Намерваўся нават яе абняць, але ўзгадалася мне тая гісторыя з гандляркай у Лідзе. Калі тая,– падумаў сабе,– нос задзірала, дык што ж адмочыць гэта! Таму стрымаўся. Раптам яшчэ прылюдна ў пысу заедзе, альбо крычаць пачне… З гэтымі буржуйкамі любоўныя справы трэба закручваць вельмі асцярожна.
Пасля кіна пайшлі ў рэстаран на вячэру. Яна ізноў назамаўляла розных рознасцяў… нават празмерна. Гарэлкі на гэты раз набылі ажно чатыры графіны. І вельмі прыемна такім чынам час прабавілі. І заўважыў я, што апетыт яна мае надзвычайны. А гарэлку жлукціць лепей за мяне. Але бачна адразу, што гэта такі звычай у польскіх паненак з вышэйшага грамадства.
Пасля вячэры пайшлі мы дадому. Надвор’е было досыць добрае, таму і прагулка атрымалася прыемная. Толькі тое было дрэнна, што ў яе ногі пачалі балець ад цесных чаравікаў. Таму я з кіламетр дарогі на закарку яе нёс. А на развітанне спытаўся вельмі паважным чынам:
– Скажыце мне, шаноўная Ірэна Антонаўна, ці магу мець надзею вашыя меркаванні наконт мяне пачуць?
Хацела яна на гэта мне нешта адказаць, але млосна ёй стала і пачала “налёты на Рыгу” рабіць. Адышоўся я троху ўбок, каб яна мне новых ботаў не запэцкала, і чакаў. Ну, супакоілася яна троху, таму я гэтае пытанне паўтарыў. А яна адказала мне:
– Пакуль што я вамі задаволеная. Кавалер нішто сабе і нават не зусім скнара. Толькі я хачу ў вас яшчэ 20 рублёў папрасіць, бо холадна зрабілася, а таму мушу ў панядзелак купіць дроваў для печкі.
З вялікай ахвотай даў ёй тыя грошы і зноў тое ж пытанне паўтарыў. А яна кажа:
– Чаму не? Для гэтага ж і існую. Толькі зараз я вельмі стомленая і спаць мне хочацца. Акрамя таго троху мне вячэра зашкодзіла.
Развітаўся я з ёю. У ручку пацалаваў і букет уручыў. А яна ж кажа:
– За кветкі дзякую. Але абыдуся без іх. Звялі ўжо і крыху нячыстыя. Вазьміце іх сабе на памятку пра мяне.
Развіталіся мы такім чынам вельмі рамантычна. Дамовіліся, што ў наступную суботу пойдзем у іншае кіно. Карацей, усё адбылося так, як у добрым рамане з кніжкі альбо як на кінаэкране.
Прыйшоў я дадому. Калі яна святло згасіла, дык я для яе на сон, як звычайна, вальса на катарынцы сыграў. А потым да другой ночы розныя песні пра каханне вельмі гучна і ўзнёсла спяваў.