Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі

Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:

“Запіскі афіцэра чырвонай арміі” – пераклад з польскай твора Сяргея Пясецкага. Твор напісаны ў Англіі ў 1948 годзе. У ім аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў савецкага афіцэра. Аповяд ідзе ад першай асобы. У ім пісьменнік прадстаўляе свет вачыма свайго героя, разважаючы ягонымі катэгорыямі. Твор таленавіты, густа перасыпаны чорным гумарам, па-сапраўднаму смешны (часам да слёз), часам гэты смех вельмі горкі і нават балючы. У рамане шмат сарказму, абнажэння голай рэчаіснасці, якую гадамі прыкрывалі пад пелерынай “адзіна слушнай” ідэалогіі. Аўтар прыклаў максімум намаганняў, каб мова рамана была як мага больш грубай і прымітыўнай, што яскрава перадае і характар героя, і сітуацыю, час, у якіх ён апынуўся. “Запіскі” – найбольш вядомы раман Сяргея Пясецкага, які найчасцей з усяе творчай спадчыны пісьменніка выдавалі незалежныя выдавецтвы ва ўсім свеце. (Афіцыйныя дагэтуль староняцца гэтай публікацыі, уважаючы яе за злобны пашквіль.) (Н.Г.)
1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 46
Перейти на страницу:

Паведаміў я яму, значыцца, талкова:

– Па-першае, боты гэтыя каштуюць не 80 рублёў, а 100 рублёў, бо са спецыяльнага загранічнага матэрыялу зроблены. А па-другое, я ж магу яшчэ чаго важнейшага купіць. Напрыклад, патэфон ці радыё.

Тады ён кажа:

– Ты гэтыя свае боты найлепшым чынам абароніш, калі іх на ногі абуеш.

Заплаціў я слесарам за работу і ўздыхнуў з палёгкай. Цяпер магу спакойна спаць і ў горад без апаскі выйсці. Ведаю, што мая святая ўласнасць не будзе пад пагрозай. Так, прыемнае гэта самапачуццё. За 200 рублёў ад усіх небяспекаў пазбавіўся.

А ўвечары таго дня я ліст Дуняшцы грохнуў, бо даўно ўжо ёй не пісаў.

“30 верасня 1940 года.

Вільнюс.

Найкаханейшая мая Дуняшка!

Вельмі выбачаюся перад табою, што нячаста пішу, але ты ў стане зразумець, што я, пры маім высокім становішчы, мала часу маю. Вельмі заняты ўмацаваннем сацыялізму і распаўсюджаннем культуры ў гэтым дзікім краі. Жыццё маё сярод буржуазнага быдла нялёгкае. Але я не наракаю і ўпэўнены, што мы ўвядзем тут нашу савецкую культуру.

Цяпер я вельмі важная асоба. Маю нават дзве пары запасных ботаў. А адна з іх такой прыгажосці, што і апісаць таго не здолею. Як буду мець троху больш вольнага часу, дык занясу іх у фатаграфію і закажу зрабіць з іх здымак. Тады пашлю яго табе, каб убачыла: як высока твой Мішка зайшоў і якімі скарбамі валодае! Аб чамадане я табе ўжо пісаў. І аб гадзінніках таксама. Пачынаю нават падумваць аб патэфоне і, можа, пасля Новага года куплю.

Цяпер, калі выходжу прыгожа апрануты і з двума гадзіннікамі ў горад, дык усе буржуйкі на мяне са здзіўленнем і замілаваннем пазіраюць. Але я на гэта нават ніякай увагі не звяртаю, бо толькі аб табе думаю і заўсёды буду табе верны.

Віншую ўсіх знаёмых. Цалую цябе моцна. Твой да магілы. Малодшы лейтэнант, Міхаіл Зубаў”.

А сёння раніцай я з цікавым, можна сказаць, чалавекам пазнаёміўся. Пайшоў на кірмаш, прагуляцца троху, ну і тавары агледзець. Бо тутэйшыя буржуі розныя рэчы там на продаж выносяць і часам за малыя грошы можна купіць штосьці вельмі карыснае. Убачыў я на кірмашы нейкага мужчыну, які вялікую скрынку з сабою меў.

– Што прадаеш? – спытаўся я ў яго.

– Акурат для цябе, – кажа ён. – Музычны інструмент вялікай вартасці. Табе танна прадам, бо бачу, што ты вельмі сімпатычны мужык і надзвычай мне падабаешся. Карыстайся з выпадку.

– А што гэта такое?

– Арган, грамафон, патэфон і піяніна разам. Цэлы аркестр ў гэтай скрынцы месціцца. Апошні цуд музычнай тэхнікі. Танна прадаю, амаль задарам аддаю!

– Ну а пакаж мне, як гэта твая машына працуе?

Ён адразу да скрынкі драўляную нагу для апоры прыстасаваў, рэмень сабе праз плечы перакінуў і пачаў збоку нейкую ручку круціць. Чую я: кашлянула, пыхкнула, а потым як бумкне, як грукне і… марш грае. І як грае? Гучна! Ну, людзі сабраліся і назіраюць. А ён ручку круціць і мне міргае.

– Што, файнае вынаходніцтва?… Гэта мне адзін вялікі прафесар з Акадэміі музычнага мастацтва прадаў, бо з голаду здыхаў. Ажно заплакаў, калі прадаваў, бо вядома, што гэта вялікай вартасці інструмент.

– І за колькі ты яго купіў? – пытаюся я.

– Як задарма. 250 рублёў аддаў. А павінна прыкладна тысячу каштаваць. Бо гэта, разумееш, інструмент дэмакратычны: для кожнага!… Бо ні табе нотаў не трэба, ні току… як у радыё напрыклад. Ні пласцінак – як у грамафоне. Толькі стаў і грай што хочаш, з усёй моцы, людзей тым здзіўляючы. У гэтай адной скрынцы цэлы вялікі аркестр сядзіць. Вось што.

Ён так сабе кажа мне, ручку круціць а інструмент грае на ўсю моц. Народзец вакол нас сабраўся, слухаюць і моцна здзіўляюцца.

– Колькі б ты за гэта хацеў? – пытаюся я.

– Як для цябе – адказвае ён, – дык толькі 300 рублёў. Бо бачу, што ты вельмі інтэлігентны чалавек і ў музыцы добра разбіраешся. Таму акурат пасуеш да гэтага інструмента, а ён да цябе.

– Але навошта ён, – кажу, – калі толькі марш грае?

Прадавец нават абурыўся.

– Як можна на гэты інструмент гаварыць, што ён толькі марш грае! Зараз што-небудзь іншае сыграем.

Перасунуў ён нейкі рэгулятар збоку інструмента, ручку схапіў і круціць. Пачуў я і ажно засмяяўся ад радасці. Гэта ж мой любімы вальс Дунайскія хвалі. Вельмі прыгожа атрымлівалася. А прадавец ручку круціць, свішча і мне ўвесь час падміргвае.

– Ну як, падабаецца? – спытаўся ён.

– Нішто сабе, – адказваю я.

– Усяго за трыста рублёў табе прадам, – паўтарыў ён. – Іншаму дык і за тысячу б не аддаў. А ты, бачу, чалавек з вышэйшым густам і ў музыцы добра разумееш. Таму бяры гэты скарб і валодай ім на здароўе. Будзеш сабе і іншым час упрыемніваць.

– Не, – кажу. – Гэта для мяне задорага.

– А колькі б ты даў?

– Даў бы табе 250 рублёў. Столькі, колькі ты заплаціў. Але грошай маю ўсяго 170 рублёў. Калі хочаш, дык аддавай за гэты кошт.

– Гэта, – кажа, – немагчыма. Не толькі ніякага заробку мець не буду, але яшчэ 80 рублёў згублю.

– Што зробіш, – уздыхнуў я, – калі большымі грошамі не валодаю. Купіў нядаўна дарагія боты і яшчэ іншыя выдаткі меў. Цяпер чакаю заробку.

– А ведаеш што, – звярнуўся ён да мяне. – Ты, бачна адразу, чалавек чэсны і не захочаш мяне пакрыўдзіць. Давай зараз тыя 170 рублёў, бо мне цяпер грошы на іншае патрэбны. А па 80 рублёў я да цябе пазней прыйду. Толькі дай мне свой адрас. Ведаю, што не ашукаеш мяне, бо ты – афіцэр годны.

На гэта я згадзіўся з вялікай радасцю. Даў яму свой адрас і сказаў, каб праз тры дні прыйшоў. Ён гэта ўсё на паперцы занатаваў і паўтарыў, што цалкам мне давярае, бо бачыць, што я афіцэр і высокаадукаваны чалавек. Абяцаў заўсёды мне дапамагчы, калі будзе патрэба што-небудзь танна купіць, бо ведае горад, як сваю кішэню.

Ну, развіталіся мы. Я інструмент гэты на плечы ўзваліў і пайшоў дадому. Цяжкі, аднак. Вельмі стаміўся, покуль яго з рынку да хаты данёс. І ўсю дарогу на мяне народзец са здзіўленнем і зайздрасцю азіраўся.

Прынёс я гэты інструмент дадому, усталяваў належным чынам і як зайграў, дык ажно ў камяніцы насупраць людзі пачалі вокны і форткі адчыняць і на вуліцу вызіраць. Пэўна, падумалі, што гэта вайсковы аркестр грае. Таму я, каб памылкі не было, інструмент на балкон вынес і там гадзіны са дзве, на здзіўленне ўсяму свету, граў.

Цяпер я маю вельмі цікавы занятак і атрымліваю вялікае задавальненне ад гэтага. Акрамя таго культурна праводжу вольны час. Зноў жа яшчэ і тая карысць, што магу людзям сваімі артыстычнымі здольнасцямі імпанаваць.

Я цяпер вельмі шчаслівы чалавек. Увогуле гэты месяц быў для мяне вельмі ўдалы. Боты купіў раскошныя. Пакой свой суцэльна абараніў. Гадавіна разгрому войск польскіх імперыялістаў была таксама страшэнна прыемная. А найважнейшая радасць ад таго, што наш улюбёны Гітлерочак Лондан бамбардзіруе і бамбардзіруе.

Мушу я ў ягоны гонар марш зайграць і з балкону яшчэ разы тры “ура” крыкнуць. Таму перапыняю пісанне да наступнага разу.

23 лістапада 1940 года.

Вільнюс.

Што са мною сталася, не разумею, але закахаўся я па самыя вушы. І ў каго?… У буржуйку. У дачку нейкага вялікага капіталіста. Хаджу п’яны і ні аб чым іншым думаць не магу, толькі аб ёй. І сорамна мне нават, што я, ідэйны камсамолец пралетарскага паходжання так уцюрыўся ў арыстакратку. Але нічога не магу з тым зрабіць. Зрэшты, ці такое ўжо гэта вялікае злачынства, што ўрадзілася капіталісткай? Ленін жа быў нават памешчыкам. Гэта значыць, крывасмокам і эксплуататарам чужой працы. Але потым падумаў, выправіўся і стаў нават бацькам пралетарыяту. Таксама Луначарскі або Чычэрын. Ну а Пятро Вялікі, напрыклад, дык нават царом быў, аднак нягледзячы на гэта, на карысць пралетарыяту і камуністычнай партыі працаваў і фундамент Савецкага Саюзу будаваў.

Але я мушу распавесці ўсё падрабязна. Пачалася гэта мая любоўная гісторыя з таго музычнага інструмента, які так удала на рынку купіў. Як потым даведаўся, называецца ён катарынкай. Нават назва вельмі прыемная. Наша, расійская. Ад Кацюшы, мабыць, паходзіць. А магчыма, што сама Кацярына Вялікая яго вынайшла. Мусіць, так яно і ёсць… Вось любіў я вечарамі на катарынцы канцэрты для ўсёй вуліцы даваць. Няхай буржуі ведаюць, што Чырвоная Армія валодае вялікімі музычнымі здольнасцямі і прыхільнасцямі. Таму выходзіў я сабе ўвечары на балкон і пачынаў граць то вальс, то марш, то полечку. Бо ўласна толькі гэтыя тры рэчы ў катарынцы і ёсць. Вось аднойчы граю я сабе вальс і бачу, што на супрацьлеглым баку вуліцы, у вакне насупраць мяне, нейкая сімпатычная паненка сядзіць. Пэўна, маю музыку слухае. Таму пачаў я ёй пасміхацца, вочкі рабіць і шматзначна пакашліваць. Вось і яна мне пасміхнулася. А калі сцямнела, дык яна вакно зачыніла і святло ў пакоі запаліла. Потым доўга нешта там рабіла, бо я цень яе на фіранцы бачыў. Пазней святло пагасіла. Пэўна спаць пайшла.

1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 46
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)