Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
- Автор: Песецкий Сергей Михайлович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: VivaFutura
- ISBN: 985-6056-37-0
- Переводчик: Александр Островцов
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:
Некалькі разоў я ёй увечары з лаўкі дадому кошыкі з ежай і дужы бляшаны самавар занёс. Яна не пакідала гэтага на ноч у лаўцы, бо нашыя хлапцы дужа любілі падобныя правіянты і рэчы “нацыяналізоўваць”. Калі ёй кошыкі дадому заносіў, дык заўсёды што-небудзь на харчаванне атрымліваў. Але на ноч застацца не дазваляла.
– У мяне, – казала, – дачушка сямігадовая, і я не хачу, каб дзіця да маці павагу страціла. Дрэнны гэта прыклад. Ну і суседзі могуць даведацца.
Аднак аднойчы, пасля доўгага знаёмства, згадзілася яна пайсці са мною ў нядзелю на прагулку за горад. Але перад тым папярэдзіла:
– Толькі не разлічвайце ні на што большае за прагулку, бо я кабета чэсная і прыстойная. Бачу, што вы малады і што сумна вам аднаму, таму паразмаўляем і час на вольным паветры правядзем.
Але я на гэта яе мянценне увагі не звярнуў. Усё гэта – думаю сабе – твае буржуйскія хітрыкі. Але прыйдзе час, і ўсё гэта скончыцца.
Прыбраўся я ў нядзелю належным чынам. Шмат парфумы на галаву выліў. Два гадзіннікі ўзяў і боты англійскага фасону абуў. Выглядаў не горш за якога важнага савецкага начальніка. Вось.
У суботу купіў бутэльку гарэлкі, а ў нядзелю пайшоў да лаўкі. Яна таксама шыкоўна ўбралася. І пазнаць было цяжка ў новым паліце і ў боціках. Як вельмі значная капіталістка выглядала. Яна таксама прыгатавала пакунак з рознай ежай і пайшлі мы на прагулку за горад.
Надвор’е было выдатнае. Усё зялёнае… Заўважыў я каля гораду лес і адразу з шашы туды скіраваў. Знайшоў зручнае месца і разаслаў плашч.
Пачалі есці і размаўляць. Вельмі весела было і культурна. Толькі гарэлкі яна піць не хацела. Ледзьве яе на паўшкляначкі ўгаварыў. Рэшту выпіў сам. Потым пачаў я патрабаваць ад яе нармальнага для мяне задавальнення як мужчыны. А яна кажа:
– У нас так не робіцца. Я прыстойная жанчына, а не нейкая там вулічная дзеўка. Вы мяне на прагулку запрашалі для кампаніі, таму я і згадзілася. Але нічога, акрамя гэтага, паміж намі быць не можа. Магчыма, у вас у Расіі інакш і абы-хто з абы-кім распуствуюць. Але ў нас інакш.
Устала яна, зашпіліла паліто і капялюш на галаве паправіла. Потым гаворыць:
– Дужа выбачаюся, але мне ўжо час вяртацца дадому, бо дзіця засталося адно. Хацела правесці з вамі троху часу дзеля кампаніі і прыемнай размовы. А калі атрымалася інакш, тады вельмі шкадую. Прашу не гневацца на мяне. Я гэтыя справы трактую паважна, і вы мусіце паставіцца да мяне з пашанай.
Гэта мяне моцна раззлавала. Ускочыў я на ногі і сказаў ёй так:
– Ты дурная буржуйская свіння! Адурманілі вас капіталісты і ксяндзы сваёй фашысцкай прапагандай і зрабілі з вас дзікуноў. Толькі мы прынеслі вам вольнасць і паняцце аб свеце. Мы паказалі вам сапраўдную культуру. Мы далі вам свабоду. Але ты, ідыётка, гэтага не разумееш, бо атручаная ядам імперыялістычных забабонаў!
А яна пачырванела і гаворыць мне:
– Хочаце ведаць праўду, што вы нам прынеслі з Расіі? Хочаце гэта ведаць?
– Так, – кажу я. – Прашу паведаміць. У нас кожны свабоду слова мае.
– Дык вось, – кажа, але дзе там “кажа”, амаль што крычыць: – Прынеслі вы нам голад, гразь, вошай, венерычныя хваробы і тэрор. Бо іншага ў вас нічога няма!
– І тэрор вам таксама прынеслі?! – спытаўся я, адчуваючы, што мне ў вачах цёмна робіцца ад злосці.
– Так, – кажа яна. – Людзі па вуліцах хадзіць баяцца. Жанчына ўвечары з дому выйсці не можа. Няспынныя рабункі, марадзёрства і крадзяжы. Ніхто не можа быць спакойным ні ўночы, ні ўдзень! Як гэта ўсё называецца?
Паглядзеў я на яе буржуйскую пысу, на капялюш з пёркам. Потым адышоўся і хацеў стукнуць гадзіну нагой у гэта тлустае капіталістычнае чэрава.
Але прыгадаў, што з’яўляюся афіцэрам і маю на сабе мундзір Чырвонай Арміі. Таму, падумаў сабе, хай ведае маю годнасць! І толькі кулаком у зубы ёй заехаў. А яна, як куль з мукой – хлоп на зямлю. Наша бы, савецкая баба, нават і не міргнула. А тая… адразу бачна: буржуйскае паскудства– ніякай у ёй трываласці няма! Сплюнуў я на яе з суцэльнай пагардай і не азіраючыся нават з гонарам пайшоў.
З таго часу я ў лаўку болей не хадзіў. І ўвогуле ні на адну буржуйку ўвагі не звяртаў. Усё ж такі нашы саветкі бязмежна лепшыя і культурнейшыя! Вось.
5 мая 1940 года.
Ліда.
Учора я дзяжурыў на службе цэлыя суткі. А сёння выспаўся як мае быць і запісваю гэта ўсё, каб не запамятаваць. Вырашыў рабіць гэтыя Запіскі згодна з планам. А план мой такі: збярэцца троху цікавых рэчаў, тады іх адразу і занатую. Гэта можа стаць вельмі важным гістарычным матэрыялам, а таксама філасафічным. Я нават маю намер перарабіць гэта ў будучыні ў вельмі вялікую аповесць. Такую, напрыклад, як Вайна і мір Талстога. Чытаў я яе троху. Але напісана вельмі нудна і марудна. Увогуле, адзначым, што нічога яна не вартая. Бо і па-французску шмат у ёй гавораць і ёсць там розныя капіталістычныя паразіты. Што цікавага для нас можа быць у гэтым? Адна цемра, дурноцце і забабоны. Там нават моляцца і часта пра Бога ўзгадваюць. Акрамя таго ўслаўляюць розных дурных граф’ёў і князькоў. Я ж напішу аб нашай надзвычайнай Чырвонай Арміі, аб яе перамогах, аб маіх геройскіх подзвігах і аб нашым вялікім правадыры СТАЛІНЕ. Вось гэта будзе цудоўная аповесць!
Прыняў я ўчора ўдзень дзяжурства і расставіў варту, каб ахоўваць казармы і сацыялістычную маёмасць ад замахаў капіталістычных агентаў. Вартоўня знаходзіцца тут жа ў казармах і я як камандзір аховы меў у ёй асобны пакойчык. Час ляцеў. Уначы я некалькі разоў пасты праверыў і чуйна стаў на варце арміі. Прыкладна а трэцяй гадзіне раніцы я пачуў стрэл. Потым другі. Узяў я двух байцоў з вартоўні і пабег даведвацца: што здарылася?… Страляў пост нумар чацверты, пры складзе правіянту, што паблізу казармаў. Прыбеглі мы туды, а вартаўнік валіць з карабіну ўверх. Мы таксама па пары разоў пальнулі на страх ворагам. Потым я пытаюся ў вартаўніка:
– Хто там?
– Сабатажнік нейкі альбо злодзей улез на ліпу і іншым адтуль падае сігналы!
Сапраўды, каля складу правіянту стаяла вялікая ліпа і нават быццам бы нейкія рухі былі чуваць у галінах на версе дрэва.
– Злазь, рэякцыяніст! – крыкнуў я пагрозліва. – Злазь тэрмінова, бо застрэлім!
З ліпы ніхто не адгукнуўся. Тады я пачаў свяціць ліхтарыкам. Але высока. Нічога разгледзець немагчыма, бо святло ў галінах гублялася. Я ізноў крыкнуў:
– Злазь, фашыст, па-добраму, бо канец табе будзе на гэтай ліпе!
А там ціха. Тады я загадаў адкрыць агонь па ліпе. Таму байцы пачалі паліць па ёй з карабінаў, а я з пісталету. Толькі галлё і лісце ўніз ляцела, але ніхто не зваліўся.
Потым я аддаў загад байцам лезці на ліпу і тую дрэнь за ногі ўніз сцягнуць. Дужа баяліся, але палезлі. Мусілі загад выконваць. Лазілі яны па той ліпе мусіць з гадзіну часу. Крычалі, галіны трэслі. І нічога…
Тым часам развіднела. Усю ліпу бачна, але нікога на ёй няма. Я кажу вартаўніку:
– Што ў цябе ў галаве скруцілася! Бачыш, што нікога на ліпе няма.
– Але быў, – кажа ён. – Быў і іншым сігналы даваў.
– Якія сігналы?
– Свістаў паціху. Я выразна чуў… Вось, калі ласка, паслухайце… Зноў свісціць!
Стаю я каля яго і прыслухоўваюся. Спачатку нічога не чуў. Але потым рэальныя свісты пачуліся. Гляджу я на вартаўніка і пачынаю разумець, што гэта ў яго ў носе свісціць, а не на ліпе. Без сумневу: так яно і было. Аблаяў я вартаўніка адпаведна і пайшоў. Напісаў асобы рапарт аб прычыне ўзнікнення фальшывай трывогі і ў поўдзень дзяжурства здаў.
Першага мая адсвяткавалі мы вельмі ўрачыста. Увесь горад быў упрыгожаны чырвонымі сцягамі, і паўсюль віселі партрэты нашага вялікага ПРАВАДЫРА Сталіна. Былі таксама партрэты Леніна, а нават і Маркса, але, ясная рэч, меншыя і меней іх было. Бо што яны значаць у параўнанні з ІМ! Зразумела, яны таксама вялікія і заслужаныя ў дачыненні пралетарыяту і чалавецтва. Але не маюць такой вялікасці ў свеце, якую б нават прыблізна можна было параўнаць з ІМ!
Удзень быў вайсковы парад і дэманстрацыя саюзаў рабочых, служачых, а таксама школ. І заўважыў, што гарадское насельніцтва з кожным разам усё болей любіць нашу вялікую Расію і Сталіна. Столькі неслі розных сцягоў і транспарантаў з пралетарскімі лозунгамі. Напрыклад: ХВАЛА ВЯЛІКАМУ СТАЛІНУ! – ІМЯ СТАЛІН – ГАРАНТ МІРУ, СВАБОДЫ І ДАБРАБЫТУ! І буржуазія таксама пачынае патроху ўсведамляць сабе патрэбу ўстанаўлення сталінскага сацыялізму. Інакш не можа і быць!