Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі

Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:

“Запіскі афіцэра чырвонай арміі” – пераклад з польскай твора Сяргея Пясецкага. Твор напісаны ў Англіі ў 1948 годзе. У ім аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў савецкага афіцэра. Аповяд ідзе ад першай асобы. У ім пісьменнік прадстаўляе свет вачыма свайго героя, разважаючы ягонымі катэгорыямі. Твор таленавіты, густа перасыпаны чорным гумарам, па-сапраўднаму смешны (часам да слёз), часам гэты смех вельмі горкі і нават балючы. У рамане шмат сарказму, абнажэння голай рэчаіснасці, якую гадамі прыкрывалі пад пелерынай “адзіна слушнай” ідэалогіі. Аўтар прыклаў максімум намаганняў, каб мова рамана была як мага больш грубай і прымітыўнай, што яскрава перадае і характар героя, і сітуацыю, час, у якіх ён апынуўся. “Запіскі” – найбольш вядомы раман Сяргея Пясецкага, які найчасцей з усяе творчай спадчыны пісьменніка выдавалі незалежныя выдавецтвы ва ўсім свеце. (Афіцыйныя дагэтуль староняцца гэтай публікацыі, уважаючы яе за злобны пашквіль.) (Н.Г.)
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 46
Перейти на страницу:

Зранку я ўстаў раней. Памыў добра рукі і нават твар троху. Абуў новыя боты і два гадзіннікі на нармальныя месцы прыладзіў. Потым чакаў, калі яна ўстане. Але яна доўга спала. Толькі а гадзіне дзесятай фіранку на вакне адсунула. Дык я адразу ёй на дзень добры марша сыграў. Але на гэты раз яна ў вакне не слухала. Пэўна, часу не мела.

Пачаў я за вуліцай назіраць, каб яе з нагамі ўбачыць. І дачакаўся. Бачу: выйшла з параднага ўваходу. Паглядзела ўправа і ўлева і, здаецца мне, на мой балкон зыркнула. Потым пайшла сабе вуліцай. Элегантна!!! Касцюм на ёй зялёны ў жоўты гарошак. Капялюшык з пёркам і стужачкай. Так. Пад пахай парасончык, так, як найсвяжэйшая парыжская мода патрабуе. У руцэ, згодна з буржуйскім звычаем, мела скураную кайстру дзеля розных там пудраў, парфумаў і іншых крэмаў. Чаравічкі ў яе былі на высокіх абцасах. Па просту кветка, а не жанчына!

Тым часам да мяне той тып прыйшоў, у якога я на рынку катарынку купіў. Папрасіў я яго ўвайсці і адразу яму за інструмент 80 рублёў даплаціў, бо ўласны заробак атрымаў і быў цалкам забяспечаны.

– Ці задаволены вы? – спытаўся ён у мяне.

– Вельмі, – кажу. – Не толькі сам вялікае задавальненне маю, але і ўся вуліца з маёй музыкі цешыцца. Два разы на дзень па дзве гадзіны ім граю. А калі часам мне спаць не хочацца, дык і ўначы граць не лянуюся. Люблю людзям прыемнае рабіць.

Пачалі размаўляць аб розных рознасцях. Вельмі прыемны аказаўся мужык. Увесь час вясёлыя гісторыі апавядае і жартуе. Мікола ягонае імя. Таму я пачаў яго называць Колькам. А ён мяне Мішкам. Так, быццам з даўняга даўна былі сябрамі. Спытаўся я ў яго: якой ён нацыянальнасці.

– Я інтэрнацыяналіст, – адказаў ён. – З кожным чалавекам, які хоча, гандлюю і з таго жыву. І ніякай мне розніцы няма: ці гэта паляк, ці рускі, ці жыд, ці які іншы чорт. Абы толькі я зарабіць мог.

Сказаў, што мае да мяне вялікую сімпатыю і давер. Таму і не збаяўся пакінуць не сплочанымі 80 рублёў, бо ведаў, што такі культурны афіцэр не ашукае. Абяцаў мне, што калі трэба яшчэ што купіць, альбо якую іншую справу зарганізаваць, дык ён заўсёды ахвотна дапаможа. Таму я адразу ў яго спытаўся:

– Як у вас тут прынята з паннамі знаёмства закручваць?

– Залежыць ад таго, з якой паннай, – паведаміў ён. – Бо панна панне няроўная. Ёсць такія, што можна адразу і ўшчыпнуць, і дзесьці там пахлопаць. А ёсць такія, вакол якіх трэба з год часу на дыбачках хадзіць, пакуль штосці там да нечага дойдзе.

Тады я яму паведаміў:

– З гэтай, мусіць, будзе вельмі цяжка, бо перакананы, што яна асоба страшэннай важнасці. Апранутая як наша лепшая акторка і такая далікатная, што парасон нават тады носіць, калі дажджу няма. З вышэйшага класу тая паненка.

– А як яна да цябе ставіцца?

– А так сабе: сярэдне.

Колька адразу сказаў:

– Адразу бачна, што з такой будзе нялёгка. Мусіш быць вельмі ўважлівым, бо інакш з табою і знацца не захоча. Такую трэба заўсёды ў ручку цалаваць і розныя далікатныя рэчы ёй балакаць, і кветкі таксама купляць. Увогуле будзеш мець страшны заварот мазгоў, пакуль на цябе ласкава паглядзяць. Лепей знайдзі сабе іншую.

Так. Ён мяне моцна напалохаў. Дзе ж там мне год часу вакол паненкі завіхацца, калі я праз пару месяцаў магу быць дасланы куды-небудзь па службе. Але нічога. Я і надалей пяшчотна для яе наігрываў і шматзначна ўсміхаўся. Заўважыў, што і яна раз-пораз мне ўсміхалася. “Ого! – падумаў я сабе. – Мае справы з ёй ідуць угору!” Зразумеў, што яна пачала мною ўсур’ёз цікавіцца. Тады я ёй аднойчы рукой памахаў. Павітаўся такім чынам. Але яна нічога… Можа, не заўважыла.

З два тыдні я з ёю такім чынам какетнічаў і закахаўся ў яе па самыя вушы. Аднойчы забылася яна фіранку на вакне засунуць і перад столікам прыбірацца пачала. Дык я з балкона ледзьве не скочыў. Што за жанчына! Папросту цуд! Я святло згасіў – быццам мяне дома няма – і з гадзіну назіраў, як яна перад люстрам рознымі спосабамі круцілася і нейкімі мазямі шмаравалася, і валасы часала, і пазногці пілавала. Але болей ніколі не забывалася фіранкі зашморгваць. А шкада!

Некалькі разоў яна перад адчыненым вакном розныя там выпраныя дамскія бялізнавыя інтарэсы сушыла. А ўсё гэта альбо ружовае, альбо крэмавае, альбо блакітнае. Вядома, такая асоба абы- чаго нават пад адзенне не насуне. Гэта не нашы махмуткі, што ходзяць як каровы абгаджаныя, нос пальцам выціраюць і нястомна чэшуцца ў такім месцы, у якім публічна часацца не варта. Мяне некалі ў Лідзе нават Ліпа запытаў:

– Чаму вашыя саветкі так страшна смярдзяць? Няўжо мыла, каб памыцца, не маюць? Ці ніколі бялізны не мяняюць?

Дык я яму тады талкова адказаў:

– А хіба бабы існуюць для таго, каб іх нюхаць? Зрэшты, калі хто хоча, дык можа так адшмараваць і парфумамі паліць, што будзе пахнуць за кіламетр. Нюхай тады, калі хочаш – паўсюль буржуазны водар будзе мець.

Урэшце вырашыў я катэгарычна, што павінен з гэтай чарадзейкай пазнаёміцца. Паколькі ведаў я ўжо ўсе яе хады і абароты, дык заўважыў, што найлепей наша знаёмства будзе здзейсніць увечары, калі яна звыклым чынам з дому на прагулку выходзіць. Вось купіў я вялікі букет кветак і каробачку найдаражэйшых цукерак. Грошы пасля атрымання заробку меў, таму вырашыў нават разарыцца троху, абы яе сэрца здабыць, а можа, з часам і да капіталу яе дабрацца.

Але нічога… Праходжуся я па вуліцы з букетам і цукеркамі і чакаю мой ідэал. А яна з дому не выходзіць. Зарана прыйшоў. Нарэшце пачуў: дзверы ляснулі. А потым з’явілася яна і вуліцай у маім кірунку шуруе. Тады я валю ёй насустрач і смяюся як мага гучней. Але яна нічога. Мінае мяне. Таму я сказаў:

– Прабачце… Прашу пачакаць мінутку…

Яна стала і на мяне вочы вылупіла. Быццам бы нават спалохалася троху.

– А што трэба? – спыталася.

Таму я ёй каробку цукерак падаю і гавару:

– Бачу, вы разгубіліся, дык я чэсна аддаю. А адначасова маю гонар прадставіцца: маёр Міхаіл Мікалаевіч Зубаў.

Схлусіў я з тым маёрам, бо дапускаў, што такая асоба, высокага паходжання, з лейтэнантам і размаўляць не захоча. А маёрам я, пры маёй вялікай інтэлігентнасці і здольнасцях, некалі ж напэўна буду. Потым – цап яе за руку і ў далонь пацалаваў. А пасля букет кветак ёй пад паху ўсадзіў, туды, дзе трымала парасон.

А яна маўчыць. Пэўна, была вельмі захопленая маім інтэлігентным выхаваннем. Тады я ёй кажу:

– Можа, прагуляемся?

– Уласна, на прагулку я і іду.

– Тады і я з вамі, калі не ўгнявіцеся.

– Чаму я павінна гневацца? Можаце ісці побач. Толькі мне з гэтымі кветкамі вельмі нязручна.

Ну і пайшлі. Яна: дзыб-дзыб, дзыб-дзыб, дзыб-дзыб… на высокіх абцасіках. Я ж каля яе з важнай мінай букет кветак цягну. А як жа! Можна сказаць, выдатна выглядаем. А тым часам я вельмі шпарка культурную размову з ёю распачаў:

– Пані страшэнна прыгожая, – кажу, – і я вамі дзіка захоплены!

А яна гаворыць:

– Гэта мне ўсе знаёмыя мужчыны кажуць і ўсе вельмі мною задаволены.

Пасля кароткай прагулкі яна стала і кажа:

– Нешта мне есці хочацца. Нават у пузе бурчыць. Не мела сёння часу на абед пайсці.

– Дык можам, – запрапанаваў я, – у які-небудзь рэстаран пайсці павячэраць, калі пані сабе жадае. Гэта будзе для мяне вялікая чэсць.

Ну і пайшлі. Але я зусім не ведаў, што і як у тых буржуйскіх рэстаранах замаўляецца. Таму гэтым яна занялася.

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 46
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)