Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
- Автор: Песецкий Сергей Михайлович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: VivaFutura
- ISBN: 985-6056-37-0
- Переводчик: Александр Островцов
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:
Жыву я зноў у вучыцелек. Хаця яны зацвярдзелыя буржуйкі, але я лічу за лепшае жыць у іх, чым дзе ў іншым месцы, бо ўпэўнены, што не абкрадуць. А цяпер, калі ўласны чамадан маю і шмат каштоўных рэчаў, мушу быць вельмі асцярожны. Пасля таго ўрока, што дала мне Настка, ні да кога цяпер больш даверу не маю.
Вучыцелькі, як бачна, не дужа ўзрадаваліся, што я вярнуўся. Але нічога мне аб тым не сказалі. Зрэшты размаўляў я толькі з Марыяй Іванаўнай і то толькі тады, калі ёсць вялікая патрэба.
Найперш я загадаў выкінуць з майго пакоя абраз той дамы з каронай, бо зноў яго на ранейшым месцы павесілі. Замест яго я партрэт нашага БАЦЬКІ змясціў. Запаліў перад ім лампаду і пачаў вельмі гучна Інтэрнацыянал спяваць. Няхай чуюць, фашысцкія гадзіны, і дрыжаць ад страху!
Праз некалькі дзён мне ўдалося знайсці ў ілюстраваным штогодніку партрэт Гітлера, змешчаны на цэлую старонку. Я гэтаму моцна ўзрадаваўся, і хаця штогоднік быў не мой, выдраў з яго тую старонку. Потым, дома, на кардонку наклеіў і вялікімі літарамі знізу вось такі надпіс зрабіў: “АДОЛЬФ ГІТЛЕР – НАЙВЯЛІКШЫ СЯБРА ПРАВАДЫРА РАСІІ, І.В. СТАЛІНА”. Павесіў я партрэт Гітлера насупраць партрэта Сталіна. Няхай вісяць сабе так, любімыя правадыры, і цешацца сабою… Сталін глядзіць на Гітлера і, здаецца мне, гаворыць:
“Як там, любы таварыш, б’еш буржуазію?”
“Яшчэ як, сябра найдаражэйшы, – кажа Гітлер. – Як толькі жыдоў і палякаў прыкончу, дык адразу да англікаў дабяруся!”
“Лупцуй іх, лупцуй, Адольфік! – кажа Сталін.– Калі сам не здолееш, дык я табе дапамагу!”
Вельмі гэта хораша атрымалася: “кругом” сацялістычна.
А ўчора я атрымаў пісьмо ад брата. Ён піша:
“3 чэрвеня 1940 года.
Горад Масква.
Дарагі брат Мішка!
Адразу паведамляю табе, што я апынуўся пераведзеным на пастаянна ў Маскву, дзе буду працаваць на мэблевай фабрыцы. Усё папярэдняе кіраўніцтва фабрыкі выкінулі і даслалі туды, дзе падобнаму кіраўніцтву быць і належыць. Аказалася, што яны арганізавалі вялікі сабатаж і нішчылі прадукцыю а таксама станкі. Самі прызналіся на паседжанні ў судзе, што за такую здрадніцкую работу бралі грошы ад люксембургскіх імперыялістаў.
Я тут начальнік складу матэрыялаў. Мне ўдалося нават атрымаць асобны пакой. Малы, без печкі і цёмны, але цалкам незалежны. Можа ты ў гэта не паверыш і падумаеш сабе, што я толькі выхваляюся, аднак гэта чыстая праўда. А ўдалося мне гэта такім чынам, што новы кіраўнік фабрыкі, а таксама Планавы аддзел, выдалі мне пасведчанне, што забіраю дадому тэрміновую работу і там таксама працую. Аднак намерваюся я цяпер як мага хутчэй ажаніцца. Тады будзе больш упэўненасці, што да мяне ў пакой больш нікога не падселяць.
За фатаграфію тваю вялікі дзякуй. Але што гадзіннікі, якія на руцэ маеш, сапраўдныя і добрыя, дык, па-братэрску табе пішу, прымаю за хлусню. Я занадта стары і занадта мудры, каб верыць у цуды.
Учора кіраўнік нашага кааператыва прадаў мне на паёк паўфунту масла. А паколькі мне вядома, што ў той жабрацкай Літве і Польшчы заўсёды быў вялікі голад, дык сабраў я для цябе пакуначак з правіянтам і паслаў. Гэта выратуе цябе ад змардавання… Масла тое са спецыяльнай фабрыкі, якую нядаўна пабудавалі паблізу Масквы і назвалі імем слыннай загранічнай рэвалюцыянеркі: Карвуце. Мне вельмі хацелася самому пакаштаваць, якое тое масла на смак, бо першы раз у жыцці яго ўбачыў. Але мушу найперш цябе ад голаду выратаваць. Акрамя таго хачу, каб і ты ўбачыў і пераканаўся, якія цяпер нашы савецкія дасягненні.
Пасылаю табе прывітанне і братэрскія віншаванні.
Вася”.
Троху мне прыкра зрабілася, што брат мне масла пасылае, бо я ж маю яго колькі хочаш па два літы за кіло. Але зноў жа прыемна, што і мы цяпер маем савецкую фабрыку масла. Як атрымаю пачак, дык абавязкова занясу Марыі Іванаўне і пакажу. Няхай не задзірае носа. Яна думае, што у нас, у Саветах, дык і няма ўжо нічога добрага.
Кватэрай сваёй я вельмі задаволены. Найперш добра тое, што тут няма Ліпы. Вельмі я яго баюся. Зусім ненармальны чалавек. Заўсёды гаворыць, дурань, што думае. І такім чынам можа не толькі сам загінуць, але і іншых загубіць. А гэтыя вучыцелькі, дык яны пры мне нават пыскі адварочваць не асмельваюцца. Добра я іх выдрэсіраваў. Адна Марыя Іванаўна троху смялейшая са мною. Такую рэакцыйную дрэнь трэба цвёрда трымаць у кулаку!
А ўчора ўначы я зрабіў вялікае адкрыццё. Доўга не спаў, бо мне здавалася, што хтосьці там на сходах рухаецца. Цяпер, калі з’яўляюся заможным чалавекам, забяспечаным чамаданам і запаснымі ботамі з хромавай скуры, я мушу нястомна і вельмі ўважліва ўсіх навокал аглядаць, каб яны маёй уласнасці не скралі. Вось ляжу я ціха і прыслухоўваюся. Можа, злодзей пракраўся і будзе спрабаваць дзверы адчыніць?… Пісталет зняў з засцерагальніка і напагатове трымаў. Але нічога… сціхла ўсё. Аднак я заснуць яшчэ доўга не мог, бо дужа мне скура свярбела. Я ж у лазні з тры месяцы не быў.
Вось пачаў я пра ванну вучыцелек думаць, і раптам прыйшла мне ў галаву геніяльная думка. Неабавязкова ж я мушу мыцца ў гарачай вадзе ці толькі ў халоднай. Можна наліць у ванну адначасова гарачай вады і халоднай, і так яе змяшаць, каб была добрая для мыцця… Заснуў я неяк. А зранку нават не апранаўся, бо ўсё роўна трэба перад купаннем распранацца, і прама да Марыі Іванаўны пагрукаў і кажу:
– Прашу мне тэрмінова гарачай вады падрыхтаваць, бо такое ў мяне жаданне, каб усяму цалкам памыцца. Ну, жыва, бо я ў стане і прыспешыць вас!
Натуральна, дадаў яшчэ пару мацнейшых слоў, каб лепей мяне пачулі і зразумелі, а таксама з работай вошкаліся нядоўга.
Чую я: вучыцелькі па сходах бегаюць, дровы са складзіка на гарышчы носяць, пілуюць іх, сякуць… Добра я тых баб выдрэсіраваў. Умею з буржуазіяй абыходзіцца.
Праз паўгадзіны Марыя Іванаўна ў мае дзверы пагрукала.
– Ванна гатова!
– Добра, – кажу.
Хацеў нават падзякаваць, але падумаў сабе, што зашмат будзе гонару для іх. Гэта яна мусіць дзякаваць і радавацца, што мае шчасце чырвонаму афіцэру ўслужыць.
Ну, нічога. Пайшоў я ў ванны пакой. Напусціў паўванны гарачай вады і пачаў халоднай даліваць. Урэшце так размеркаваў, што вада была цёплая і прыемная. Толькі дрэнна, што ванна была поўнай. Але я так узрадаваўся, што на такую дробязь і ўвагі не звярнуў. Падсунуў табурэт да ванны, стаў на яго, крыкнуў “ура!” і скочыў. Палова вады з ванны ажно пад столь вылецела, але яшчэ досыць засталося, каб памыцца.
Вось ужо і адшураваўся я першакласна. Нават два разы намыліўся і спаласнуўся. Вельмі было прыемна.
Вылез я з ванны і хацеў брудную ваду спусціць, але яна была ажно чорная і прама густая, таму не захацеў у яе чыстыя рукі ўсаджваць. Горш было тое, што рушніка з сабой з пакою не ўзяў, каб працерціся пасля купання. Можна было б абсохнуць, але доўга чакаць. Таму я ў свой пакой мокры пайшоў, а брудную бялізну ў руцэ нёс. Вучыцелькі і Андзя былі ў кухні і чай пілі. Як убачылі мяне голага і мокрага, дык вочы паапускалі. Папросту смех і глупства. Ніякай цывілізаванасці ў сабе не маюць.
Таму я сказаў Марыі Іванаўне:
– Добрая была ванна!… Цяпер вырашыў рэгулярна купацца. Мы гігіену проста абажаем!
У жніўні 1940 года.
Вільнюс.
Учора са мной здарылася вялікае няшчасце. Я вельмі ўстрывожыўся і знерваваўся. Ішоў са службы дадому і на тых клятых капіталістычных сходах зачапіўся і падэшву ў бота амаль да паловы адарваў. Краі прыступак абабіты жалезнымі ліштвамі, каб дошкі не сціраліся. Вось некаторыя ліштвы вельмі тонкія і з цвікоў павысоўваліся, так што паміж імі і дошкамі шчыліны ёсць. Уласна такім чынам я свае лепшыя боты і сапсаваў.