Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Не кожнаму, і не ўсім, дадзена сапраўднае разуменне, існы сэнс, што закладзены ў Галоўнай кнізе Чалавецтва. Але ж і не кожнаму дадзена здольнасць зразумець, тым больш расшыфраваць загадкавы і чароўна-містычны, адначасова ж і просты, сэнс напісанага для нас. Знаходзіліся і такія, што хацелі пакласці пісанае на ноты навукі і настрадамаўскіх катрэнаў, але ім не ўдалося даказаць сваю трактоўку. І таму час высмеяў іх, ды яшчэ пакараў за блюзнерства, за Богазневажанне.
Мяне ж чамусьці заўсёды прыцягвалі радкі Адкрыцця Апостала Яна Багаслова, які казаў-папярэджваў: “І я таксама сведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтай: калі хто дадасць што да іх, то на таго накладзе Бог пошасці, пра якія напісана ў гэтай кнізе”. Святы Ян яшчэ папярэджваў, што вялікі грэх старацца смяротнаму чалавеку ўкладваць нейкі свой сэнс, сваё бачанне нечага іншага між радкамі пасланняў Бога і яго памочнікаў – сведкаў жыцця Ісуса і таго, што Ён рабіў...
Або сведчанне ў першым пасланні апостала Паўла да карынфянаў (15:51): “Я кажу вам тайну, ня ўсе мы памром, але ўсе пераменімся”.
Вялікая тайна... І яна нам не раскрываецца. Мы яе павінны разумець не розумам, а душою. І тады перад намі адкрыецца самая простая і звычайная з’ява. Нездарма ж сказана, што ўсё геніяльнае – у простым. І таму нічога і нішто мы не павінны падвяргаць сумненню.
Здзівіла мяне Пісанне прарока Данііла. Не ведаю, чаму, але мне здалося, што Данііл ведаў усе тайны жыцця, прадказваў духоўныя катаклізмы чалавецтва і падзенні дынастый і цароў...
Ён як бы казаў – няма безвыходных ці тупіковых сітуацый, і чалавек не можа загінуць, калі ў яго душы жыве толькі адзін Бог, а не прыдуманыя багі – язычніцкія.
Пра тое і гаворыцца ў апошняй частцы – з 23-га па 27-ы верш. Кожнае слова адгуквалася ў маім сэрцы, а нібыта падвяргаўся выпрабаванням, якія выпалі на яго долю...
“…Быў на тым месцы вялікі дракон, і вавіланяне пакланяліся яму. І сказаў цар Даніілу з пасміханнем, паказваючы на монстра:
– Калі ты, Данііл, прарок, і з Госпадам вядзеш размовы, і ведаеш усё загадзя, няўжо скажаш і аб гэтым, што ён – медзь?..
Прарок маўчаў.
– Вось ён перад табой – і есць, і п’е. Ты не можаш сказаць, што гэта бог нежывы.
Данііл апусціў галаву, абаперся на кій – посах.
– Таму я загадваю табе – пакланіся яму.
У адказ пачуўся глыбокі ўздых.
Мудрэц падняў галаву да неба, прашаптаў пра сябе:
“Бог мой адзіны! Цар Асціяг прыклаўся да бацькоў сваіх, і Кір, Персіянін, прыняў царства яго. Даруй Персіяніну неразумнасць яго, ён паверыць Табе, яшчэ палюбіць Цябе...”
Прарок паглядзеў са шкадаваннем на Персіяніна, праказаў:
– Ладна, уявім сабе, што я пакланюся яму... Але пасля гэтага мы з табой абодва ўпадзем мёртвымі. Ты ж ведаеш, што я ніколі не гавару няпраўды.
Цар збялеў тварам, не ведаў, што сказаць. Яго ахапіла дрыготка, быццам стала холадна.
– Цар! Аднаму Госпаду Богу майму я пакланяюся, таму што Ён – Бог жывы. Толькі Яму я служу, толькі Яму падпарадкоўваюся...
Персіянін ледзь заўважна, у знак згоды, кіўнуў галавой.
Данііл не сыходзіў са свайго месца. Паглядзеў зноў на дракона, які не звяртаў на яго ніякай увагі, адвярнуўся нават. З ноздраў пачвары выходзіў агонь, шыпела ўнутры яго сера і порах...
– Але ты, цар, дай мне дазвол, і я знішчу дракона без меча і жэзла.
Цар нахмурыўся, але сказаў без крыўды:
– Даю табе.
Толькі пасля гэтага прарок сышоў са свайго месца.
Данііл узяў міску смалы, гліняны кубак тлушчу і клубок валасоў, – аднёс пад паветку.
Потым адшукаў медны кацёл, паставіў на трыногу. Высыпаў усё змесціва ў кацёл. Доўга і моўчкі памешваў драўлянай палкай. Калі ж утварылася аднародная маса, запаліў пад трыногай касцёр.
Счакаўшы нейкі час, заліў агонь вадой.
Зноў чакаў, – калі астыне варыва, пачне цвярдзець. А пасля ўжо, калі да яго можна было дакрануцца рукамі, зрабіў камяк – трохі меней за гарбуз.
Увесь гэты час за яго дзеяннямі маўкліва назіраў Персіянін. Верыў і не верыў Прароку, але цікаўнасць, паміма яго волі, брала верх.
Данііл падышоў, на адлегласці кідка, да дракона, спытаў:
– Дык ты сцвярджаеш, што ты бог, так?
– Та-аак! – зарычэў дракон, раскрыўшы пашчу, з якой паляцелі на Прарока вогненныя змеі.
І ў той жа самы час Данііл размахнуўся з усяе сілы і кінуў камяк у адкрытую пашчу.
Дракон закашляўся, чыхнуў, закруціў галавой і... рассыпаўся на вачах цара і Данііла, растварыўся ў паветры, – як і не было яго...
Цар ад страху закрыў твар рукамі, упаў, як падкошаны, на зямлю.
І сказаў Данііл, падышоўшы да Персіяніна: