Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Адно не магу і не хачу бачыць п’янага Г. у хаце! Дзіцячы, п’яны твар – гэта не на мае нервы! Нейкія ж нормы прызваітых паводзінаў мусяюць абавязваць і паэтаў! Вось афіцэры пасля Сувораўскай школы – джэнтльмены, а тут – літаратары, вось ім бы ў такую Сувораўскую ці ў нейкую адпаведную Пушкінскую, ці ў Купалаўскую школу хоць на пару нядзель! Успамінаю літаратурныя салоны, што былі некалі, і шчыра шкадую, што іх няма.
Цікава, як Вы пазнаёміліся з АБЦ? Ну і ну! Добра, што абмеркаванне Вашага рукапісу пра Скарыну прайшло без асаблівых заўваг! Што Вы хочаце ад Прокшы, дзе Вы бачылі, каб яўрэі спрыялі таму, з чаго жывуць? Яны толькі – або сабе, альбо – сільнейшаму, альбо – за грошы. Думаеце, усю парнаграфію, усю гадасць, распусту на Захадзе – хто робіць? Яны – за грошы! Сапраўды так! А тут яны дзейнічаюць па-свойму. Каб яны тое з’елі, што яны жадаюць гэтай дзяржаве, але зарабіць трэба, беларусаў біць можна, то чаму не ўдарыць? Памятаеце тую Алку Берман з лагеру? Я ёй кажу: не данось на людзей – устыд. А яна: “Доносить русским на русских – разве это плохо? ” Дык і Прокша: “Бить белорусов, если это приятно русским – разве это плохо?” Бывайце! Пішэце.
Вашыя Геніюшы.
Зэльва, 21 сакавіка 1970 г.
Дануся!
Мы атрымалі Твайго ліста (верх адвагі!) і паштоўку на Сакавік! Заняслі гэта ў сямейны летапіс як рэдкасную з’яву памяці мінулых сяброў аб апальных літаратарах. Мы цяпер – як “кролікі”, на якіх праводзяцца доследы, колькі яны са сваім інтэлектуальным багажом могуць вытрымаць без кантакту з думаючымі людзьмі свайго асроддззя. Дзеля гэтага – поўная духовая ізаляцыя шляхам недапушчэння карэспандэнцыі нават ад сына, не кажучы аб іншых.
Чалавек з голаду будзе есці і выкінутыя другімі на сметнік скарыначкі хлеба (гэта калі мы заўсёды вясной ліквідавалі горы смецця перад парогамі сільных пад канвоем у Комі АССР). А вось ці не ўспрыме ён з гора і такое ж “інтэлектуальнае смецце” на галодную душу? Здаецца – не, ратуе сонца, якое гаворыць аб жыцці, цяпле і велічы, асвятляючы прытым усю чарнату замыслаў эксперыментатараў.
Я яшчэ хаджу, але ўсё, што з майго духа, нават мае успаміны пра дзеда, ліквідуюцца па дарозе да адрасатаў і нават да Юркі. Спыніліся і ўсе лісты здалёк, дзе жывуць людзі, якія любяць мяне. Пры вялікіх эксперыментах, якіх мэтай ёсць спаганіць маё імя (гэта не трудна), усё ж немагчыма зрабіць так, каб душа мая, я сама паверыла ў тое, чым я не ёсць, ніколі не была, і Бог дасць не буду!
Прапусцілі невялічкую пасылачку: цесны на мяне свэтарочак і дзве хустачкі, за якія трэба было ўнесці 35 руб. мыта. Што з гэтага? Тыя рэчы маўчаць, лепшы быў бы кусочак паперы са значкамі, якія людзі назвалі літарамі і вынайшлі некалі дзеля таго, каб на адлегласці гутарыць між сабою ўзаемна…
О, бясстрашная гераіня, якая не пабаялася ўласнаручна мне напісаць, поўнае Табе прызнанне ад мяне і майго мужа, які ляжыць цяпер і будзе так ляжаць два вольныя дні, каб у сваіх 68 год змагчы дапаўзці пяць дзён тыдня на працу, ну і прыпаўзці назад…
У душу маю пранікае ўсё, чаму трэба пранікаць у такі час, – праўда жыцця. Крокі мае і лісты мае абмежаныя, але думы мае не знаюць граніцаў, як галубы. Я цяпер у таварыстве сваіх уласных мысляў, якія бароняць мяне ад усяго ў рэчаістасці. Не будзьі кароткай памяці сяброў прывітаннямі ад мяне, будзьь гуманнай адносна іх. Не старайся быць болей героем, хопіць з Цябе і аднаго подзвігу, дарагая! Таму кіруйся розумам, не сэрцам, гэта аплачваецца.
Пацалуй ад мяне толькі два маленькія лобікі. Без слоў. Бывай, гераіня! Зрабіся божай кароўкай і прыляці на наш ганачак, сядзеш мне на далоні, а пакуль – няхай сніцца Табе дзядзька Нёман і шчасліва вядзе Цябе такую, як Ты ёсць, ва ўсе будучыя Твае сакавікі і траўні. Два старыя “кролікі” Цябе цалуюць.
Ларыса Геніюш.
Зэльва, 17 траўня 1970 г.
Дарагія і паважаныя!
Прабачце, што пішу са спазненнем, але і Вы доўга мне не пісалі. Мне не хочацца адказваць Вам па пошце. Сяння ў перадачы вестак лепш карыстацца метадамі Сярэднявечча. Пэўней.
Дзякую, што не забываецеся пра мяне Вы і нават студэнты. Гэта цудоўна, няхай будуць мужнымі і цэняць роднае! Раней ці пазней выплывем на шырокія воды свае народнасці і дзяржаўнасці, і Вы гэтага дачакаецеся.
Добра, вельмі добра, што аддалі належнае Аляксею Карпюку ў яго 50 гадоў. Ад нас была толькі тэлеграма, ну і муж бачыў яго асабіста, бо быў у тыя дні ў Гродне. Прыемна чытаць і пра Вашую пашану для Ф. Багушэвіча. Ліст Ваш вельмі цікавы, бо мы – як у мяшку, без аніякіх інфармацый і вестак. З Менску не маім ні слова. Не магу зразумець, што сталася з сябрам Міколам [Прашковічам]? Страх гэта, асцярожнасць, абыякавасць, дыпламацыя ці – проста беларуская пакорлівасць дужэйшым? Зразумець гэтага не магу, і не хачу болей нікога з іх бачыць. Не люблю людзей без каплі мужнасці ў сэрцы. Ёсць хвіліны, калі людзей відно, як на далоні.