Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Былі мы на сустрэчы з “палякамі” ў Бераставіцы. Узялі нас вельмі “ахвотна”, думаю – у чым справа? Пасадзілі нават у аўтобус, сказалі нам, што адыходзіць ён у 8 г. вечара. Мы прыйшлі туды ў 7 г. 20 м. Аўтобуса не было… Толькі цяпер мне сказалі, што ўжо ў Зэльве аўтобус дастаў загад ехаць без нас у 7 г.! Смешна. Для іх гэта асабліва “весела”, бо мы ехалі на быдлячай адкрытай машыне, лёгка апранутыя. Яшчэ ўсё не магу павярнуць галавы… Якая тупая, азіяцкая нізасць, і жаль толькі, што робіцца гэта рукамі Брыкача. Што ж, “врага, который не сдаётся…” і г.д.
Не ведаю, як заехаў Юра і што там ужо зрабілі з ім? Бо я праводзіла яго, і машыны яго не было таксама, хоць ніхто з іх яшчэ з нашай тэрыторыі не ад’ехаў. У Юры – усё пагана. Ён жыве асобна ад сям’і. Усё выглядае на паважную правакацыю, бо аб заангажаванасці нявесткі – ведаем… Не вінавацім яе за гэта, бо на вагі быў кінуты лёс яе, сястры і яе маці, а тады яшчэ асветы яны не закончылі… Робіцца дзіка.
Нас адрэзалі ад добрых людзей, а рознай брыды проста нельга пазбавіцца з хаты. Людзі ёсць вельмі шляхотныя, бо прыходзяць і кажуць свае “клічкі”… Бедныя людзі, якім трэба жыць, бо адзін “гаспадар”, з якога ласкі – работа і хлеб… Якое ўдушша…
Што да маіх 60 гадоў, дык баюся (зусім паважна!) правакацыяў і то такіх “утончённых”, якія пасля не выдыхаць, як таго падарожжа на адкрытай машыне. З усяго гэтага ў мяне з паніжанага зрабіўся вельмі павышаны ціск крыві – 180 на 100. У галаве – траскатня і шум. Вельмі забываюся ўсё. Чуюся пагана і не ведаю, ці здолею напісаць успаміны.
Баюся за Юру. Ён не дурны, і таму яны яго знішчаць, а з унукаў будуць янычары. Бедныя мае хлопцы! Муж і сын – даволі наіўныя, і мне давялося многа перанесці ад іх у жыцці рознай несправядлівасці. Ім нагаворвалі на мяне несусветныя махлярствы. Метад гэты стасавалі да нас, асабліва да мяне, ужо ў лагеры. Як аказалася пасля, дык нада мною працавала ½ Мінлагу – нашага лагеру…
Метады ў іх не мяняюцца. Яшчэ ёсць адзін метад, гэта – давесці чалавека да вялікае злосці, да адчаю і тады выслухоўваць, што ён будзе гаварыць, бо ў расчуленні ён сябе выдасць. Метад – вербаваць, каб хадзілі стукачы да нашых сяброў і “размалёўвалі” нас як можна чорнымі фарбамі. Метад – падаслаць “закаханага” ці “закаханую” і так выпытваць, а калі гэта не ўдаецца, дык “травіць” чалавека, як дзікага звера і чарніць яго імя. Метад – лезці ў хату, падглядаць усе нашыя чалавечыя слабасці, пасля сварыцца штучна і раздуваць драбніцы ды нізасці. Для гэтага амаль год хадзіла да нас (і мы не маглі пазбавіцца) сваячка Алега Лойкі. Цяпер яна “робіць сваю справу”. Мы ўсё бачылі і не маглі пагнаць яе з хаты. Сістэма гэта не чалавечая, і такое не мае будучыні, бо гэта – проста агідная рэч.
Імя маё ўсюды паганяць – ад БДУ пачынаючы, на Зэльве канчаючы. Але я акажуся – і людзям ападае пыл з вачэй! Творацца нібы цуды! Патрабавалі ад мяне кінуць перапіску з сябрамі за мяжой. Я кінула яе, але пішуць усё новыя людзі, віншуюць з 60-годдзем, і нельга мне не адказаць ім, нельга! Дык вось, зноў ім дзякую і буду дзякаваць за іх сэрцы, за іх добрыя словы, пакуль буду ад іх гэтыя словы чуць!
Іх нянавісць – не мая нянавісць! Для мяне няма капіталістаў ці нейкіх інакшых -істаў, -філаў і г.д., а ёсць людзі. І з лепшымі з іх мне хочацца мець кантакт! Пішуць мне з Чыкага, што там – дзесяткі тысяч беларусаў, нясведамых, на жаль, нацыянальна, мала там нашых ідэёвых людзей. Пішуць, што “паэт – гэта душа эпохі, а не складальнік вершаў”. Цікавыя там голавы.
Калі хочаце прыехаць да нас на тыя 60 гадоў, дык трэба дамовіцца: можа, зробім гэта на тыдзень раней ці на тыдзень пазней? Гэта было б вельмі цудоўна, каб збіць са следу ўсю стукацкую свалату! Адна толькі ў мяне просьба: каб без падаркаў! Мы старыя, і навошта нам гэта? А добрае слова ад людзей патрэбнае заўсёды.
У Бераставіцы падышоў да нас і рэдактар са “Звязды” Іваноўскі. Радзіў перабірацца ў Польшчу. Кажу: мы тут на сваёй зямлі і тут застанемся. Нешта хваліў мяне, дык пытаюся: а чаму ж тады не друкуюць? Ён усміхнуўся і кажа: “Не тых касманаўтаў хваліце”. Што ж, кажу, хвалю тых, якія заслугоўваюць. І сапраўды, мне здаецца, што палёт на Месяц – гэта падзея, якой роўных не было і не будзе вякі! Брыдка няхай будзе таму, хто ў страху, у тупасці сваёй запалоханы, згорблены і прыбіты, не падняў вачэй у неба і не ўбачыў на Месяцы следу чалавечай нагі! Тут ляцелі сыны Зямлі нашай, і як было не адгукнуцца беларускім словам на гэты незвычайны лёт? Я і сяння зрабіла б тое ж!