Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Пішуць хлопцы, што ў Амерыцы бандыцтва, неспакой і непарадкі пад уплывам рознага шумавення, але даюць зразумець, што “загнівае” не толькі капіталістычная сістэма, а і іншыя. Відно, што вельмі цяжка нашаму Юры, давялі яго зноў да адчаю. П’е хлопец і робіць глупствы. Нас не слухае і немаведама як яго ратаваць. Усё самае горшае пра нас таўкуць яму ў голаў, якіх брудаў, гадасці толькі ні гавораць! Часамі не веру вушам, што гэта мой сын паўтарае такое!
Калі б бачылі Васіля [Быкава], дык скажэце яму, што і нам тут цяжка-цяжка. Як яму, беднаму? Ці хоць вытрымае пяту бяздумнага коласа-слана, якая яго прыціснула? Я нічога не раблю, і яны шныраюць у пошуках маёй “віны” і дурэюць ад бяссілля! Старожаць пад вокнамі, фатаграфуюць у начной бялізне нас праз фіранкі. Людзі парадзілі нечым тоўстым завешваць вокны. Маім ліслівых, але нялюдскіх суседзяў, якія даносяць кожнае наша слова, якое праз сцены чуюць нейкім чынам. Просяць нас ужо, каб мы іх не пускалі ў хату, але мы не сварымся з імі. Як? Ды і навошта?
А ў садзіку цвітуць туліпаны, будзе іх сёлета – добрых пару соцень. Сяння з палудня – навальны дождж, і забіла ў адной тут хаце два чалавекі. Кажуць, што малодшы памёр, а старога, можа, яшчэ выратуюць. І заўсёды так – як грыміць, дык абавязкова ў некага лясне. Вельмі адчуваю свае 60 гадоў. Я і не ведала да гэтага часу, што знача – старасць…
Ёсць у мяне крыху вершаў, крыху ўспамінаў, калі іх закончу, дык некаму трэба будзе ўзяць іх і перахаваць, бо ў нас тут болей як няпэўна. А няхай былі б нашчадкам для памяці. Нічога ў іх асаблівага няма, але ёсць факты і метады. Калі будзеце ехаць да нас ці пісаць мне, дык каб мелі на ўвазе адно – не пашкодзіць самім сабе!
Сыну далі вызаў, і мы яму яго паслалі. Ён баіцца, што нявестка зумысне не прывязе дзяцей на маё свята. Дзеці строга настроеныя супраць нас і Юры. Дзіву дзіўлюся, што гэта чаўпецца. Паўтараю – нічога не раблю недазволенага, хіба толькі тое, што – жыву…
А ўкраінцы надрукавалі ў сваім “Жовтні” ў Львове цудоўны артыкул! Павіншавалі мяне з юбілеем і далі ў перакладзе лепшыя, баявыя вершы! Во, дзіва! Просяць яшчэ прыслаць ім – дзіцячыя. Дануся не адказвае мне на лісты. Я чакала яе на свята і вельмі запрашала. Можа, і яна крыху баіцца, гэта наша мілая медалістка?
Бывайце, сябра! Прыедзеце да нас – буду ўдзячная, не прыедзеце – я і гэта зразумею, як маці, бо на Вашай бяспецы, працы і жыцці залежыць мне болей, як на сабе… Калі б не стала мяне, няхай беларусы не пакінуць майго сына і ўнукаў.
Нейк паштовачкай дайце знаць, што ліста майго атрымалі. Заставайцеся з Богам, мае сябры!
Ларыса Геніюш.
Зэльва, 1 чэрвеня 1970 г.
Паважаны і дарагі Рыгорку!
Шлю Вам пару вершаў (15!). Яны розныя. Калі нешта з іх дазволяць Вам узяць у “Полымя”, дык буду вельмі рада. Калі ж не, дык аддайце іх ласкава А. Мальдзісу, каб былі ў яго. Машынка наша без “і” і т.п., дык даруйце гэта. Калі б зайшла патрэба, дазваляю Вам правіць іх крыху. Паслаць іх Вам мне парадзіў Аляксей П[яткевіч] з Гродна. Не магу яго не паслухаць…
Бывайце, даражэнькі! Усяго Вам светлага і добрага ў жыцці!
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва,11жніўня 1970 г.
Дарагі сябра Іван!
Дружа мілы, дзякую Вам за памяць. Не ведаю, ці гэты ліст да Вас дойдзе. Кіне яго муж у Баранавічах. Сябры мае чыталі ў Аўстраліі “Жовтень”. Яны захопленыя. Гэта было для мяне адзінае прывітанне ў прэсе. Дзякую Вам усім! Людзі былі аж з Караганды. Было многа плачу. Адна дзяўчына шукала нас, каб павіншаваць і перадаць падарак аж з Лос-Анджэлеса. Ад свае сястры... Старая хата ўся была ў кветках. Не ўсе людзі баяліся. Ішлі з букетамі, нават прадаўшчыца з магазіна. Усім была чарка. Бог памагаў, усяго хапіла і асталося.
Яшчэ трывожна, усе раз’ехаліся. Здароўе маё няважнае. Столькі гора прынеслі мне і прыносяць мае ворагі, гэта надчалавечыя сілы.
Браты мае, сябры мае дарагія, дзякую Вам за ўсё, і буду вельмі рада бачыць Вас у сваёй хаце. Прыязджайце яшчэ зацепла, каб пагутарыць мы змаглі ў чыстым полі пад нашым небам.
Бывайце здаровыя, заставайцеся з Богам!
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва,18 верасня 1970 г.
Дарагі і паважаны дружа!