Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Жаль Арсенневу, памерлі яе муж і адзіны сын. Яна цяпер глядзіць унукаў. Памерлі, наагул, многія… Мікола Абрамчык пры смерці. У яго рак. Яго намеснікам цяпер – Вінцук Грышкевіч. Маральна ім там нялёгка. Казаў, што ў “Голасе Радзімы” заўсёды поўна маіх вершаў, а я аб гэтым паняцця не маю! З трудом верыў!
Пішуць з Польшчы, што патрэбны нам рынг, і час ужо на яго выходзіць… Я згодна! Пішу Вам праз свайго чалавека, можа, не падвядзе… Тут даходзяць да нізасці ў здзекаванні над намі. Маўчымо. Горай, што цяжка Івану Пятровічу. Пачынаецца з матэрыяльных умоваў…
Некалі ў зняволенні жонка Зарэцкага расказвала мне, што яе муж і др. пісьменнікі прыехалі ў Парыж, і там у іх нехта спытаўся: “Дзе Беларусь, гэта там, дзе Жмудзь?” – “Ага, там, дзе жмуць”, – адказаў Зарэцкі… Вось цяпер жмуць мяне, аж іх чорт бярэ! Не думайце, крый Божа, толькі, што нам трэба нечым памагаць. Вось жа не! У нас яшчэ ёсць грошы за кніжку, ды і муж сяк-так ходзіць на працу. Гэта ўсё – другарадная справа.
Напішэце аб сабе хоць пару слоў, як жывы. Кіньце картку без подпісу, я пазнаю яе па почырку. Мне так часта думаецца пра Вас. Аба мне што толькі ні выдумоўваюць! Толькі Вы верце мне, маім вершам! Няхай дурні вераць дурніцам! Мяне дзівіць толькі іх нізасць і агіднасць метадаў барацьбы са мною! Найболей баліць, што судзілі, мучылі мяне, і цяпер здзекуюцца нада мною – беларусы… Няўжо ў нашых не засталося ні каплі сумлення? Няўжо гэтыя людзі злепленыя толькі з халуйства і страху? О, сыны беларускія, няўжо іх не будзе?! Нават дзікары не здзекуюцца над жанчынамі! А які бруд яны льюць на Н. Арсенневу!..
Калі ёсць у кнігарні, то пашлеце мне пару “Невадам з Нёмана”. Просяць іх аж з Дэтройту (ЗША). Баюся слаць, але не вытрымаю, каб не выслаць!
Не магу забыцца на Вашага ліста, поўнага адвагі і праўды! Хаваю яго і ў думках часта на Вас апіраюся. Як там усе нашыя? З А. Карпюком мне сустракацца не хочацца… Сяння прыслаў сваю першую кніжку Г. Вельмі ён стаў нізкі як чалавек, нізкі сапраўды, але вершы яго добрыя і кніжка ўдачная. На наступны год, 27 ліпеня, мне будзе 60 гадоў. Недзе прыедуць дзеці, можа, яшчэ хто адважыцца з сяброў. Калі б было магчыма для Вас, дык завітайце! Будзе мала выгодаў, але многа радасці з Вас і шчырасці і цяпла між сваімі. Гэта, безумоўна, калі дажыву я…
Вось і ўсё. Зараз прыйдзе Аня па ліста. Яна Вам пра сябе раскажа сама, яна проста свая і разумная дзяўчына. Хораша напісаў пра Вас Чыквін у “Ніве”, чыталі? Як працуецца? Дзе былі летам? Прабачце, што Іван Пятровіч надакучае Вам. Яму проста хочацца з некім пагаварыць. Доўга ён ужо нідзе не бывае. Свой водпуск правёў у Росі.
Пішу Вам як людзям дарагім і блізкім. Не пішу нават Ніне, сястры сваёй, бо і яна мне далей за Вас. Перадайце ёй прывітанні. Многа мне ні пішэце па пошце! Не хочацца дрыжаць за Вас, дарагія!
Жадаю Вам усяго добрага. Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 30 кастрычніка 1969 г.
Шчыра паважаны сябра!
Імя Ваша мне ведамае. Вельмі ўдачныя пераклады з чэшскай і польскай моваў зрабілі яго папулярным. Многа добрага я чула аб Вас таксама і ад маіх сяброў. Дзякую за ліста і ўвагу.
Смерць др. Ф. Ціхага і для мяне яўляецца сумнай нечаканасцю. Ён вельмі цяжка перажываў смерць свае жонкі, відавочна гэта і скараціла ягоныя дні. Што ж, гэта непазбежнасць, і нам, жывым, застаецца толькі шчыра пажадаць яму, каб памяць аб ім намнога перажыла яго век. Страта гэта і для нас, беларусаў.
Што да справы, у якой Вы да мяне звяртаецеся, дык, на жаль, мушу Вас расчараваць. Нічым і не ў чым не магу Вам дапамагчы. Вас асабліва цікавяць 20-30 гады. Дык вось: я прыехала ў Прагу толькі ў самым канцы 37 году і не пазнала нават асабіста выдатнага палітычнага і культурнага дзеяча, беларуса др. Тамаша Грыба. Неўзабаве пасля майго прыезду давялося быць на яго крэмацыі. Як я пасля з’арыентавалася, дык гэта быў адзіны беларус, у якога былі моцна наладжаныя бел-чэшскія cувязі. Чэхі, з якімі мяне знаёміў мой муж, не былі літаратарамі, ды і я сама ў тую пору яшчэ нідзе не друкавалася, і ўвесь мой боль і бунт супраць нядолі майго народу мірна сабе ляжаў у сшытках…
Час тады быў не меней неспакойны, як сяння, асабліва пасля анексіі Аўстрыі. Я пазнавала народ, ягоны ўрад і палітычную cітуацыю толькі з прэсы, з літаратуры і з розных падзеяў на вуліцах Прагі. Ад іх я вучылася даражыць родным, цаніць славянскае і за сваё змагацца.