Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Размаўляць па-беларуску – гэта модна.
Мову Маці, кажуць, не забыць.
Для мяне ж гэта не модна, толькі родна,
Гэта так, як піць, як есць, як жыць.
Дзякую за кніжкі, а за ліст – асабліва. Разлічымся за іх пры сустрэчы, бо Марыя Міхайлаўна рашуча адмовілася мець нешта супольнае з нашымі фінансавымі разлікамі… На маё 60-годдзе чэхі дадумаліся паклікаць нас да сябе! Смешна! У такі дзень людзі бываюць у сваёй хаце, і іх сябры і пабрацімы вітаюць іх і старожаць, каб усякія нелюдзі і злыдні хоць у гэты дзень не муцілі вады ў крыніцы.
Болей я з А[ляксеем] К[арпюком], безумоўна, не сустрэнуся. Проста таму, што не маю намеру сядзець 15 сутак, якія даюць цяпер, калі некаму рашучым узмахам рукі забароніш раніць і паганіць тваё найсвяцейшае.
Спяшаюся на пошту. Вітаем Вас усіх і цалуем з Іванам Пятровічам – Вашыя Геніюшы.
Зэльва, 6 кастрычніка 1969 г.
Даражэнькія!
Што ў Вас, як здароўе Марыі Міхайлаўны, якая цяпер Марынка, які Вы? (Што душа беларуская – я не сумняваюся.) На Зельну я шчаслівай нагодай (аўтобусам АН БССР з супрацоўніцамі Акадэміі) заглянула ў Гудзевічы. Было гэта над вечар. Саша і Вера [Белакозы] адпраўлялі на аўтобус гасцей з Гродна. Вас, на жаль, не было. Белакозы горка сумавалі з гэтай прычыны. Міхаська – высокі, танклявы, хораша гаворыць. З твару ён падобны на бабу Белакозіху, з чаго яна вельмі рада.
Экспедыцыя АН (дзве жанчыны, Збралевіч і яшчэ адна, малады студэнт-хімік, Саша Ярашэвіч – энтузіяст беларускай даўніны і архітэктуры, ды бурклівы шафёр) – у пошуках старых беларускіх выданняў, кніг, дакументаў і т.п. Галоўнае – шукалі па цэрквах і касцёлах, але – нідзе нічога! Усё гэта даўно некім забрана, і стары дакумент з Гудзевіцкай царквы, пісаны на беларускай мове і з каралеўскім подпісам, – таксама згінуў. Дарма мы ездзілі.
Белакозы частавалі нас шчодра, спалі мы добра. Я там была толькі ноч. Мне здавалася, што Вера і бабуся нейк незадаволена крывіліся, можа, было нас замнога, а можа, яны – проста на Сашу, які лішне выпіў. Мне было так прыкра, што я раніцай уцякла дамоў і не магу ім напісаць да сяння… А можа, мая асоба выклікае небяспеку, якая адаб’ецца на спакоі іх сям’і ці на матэрыяльным боку іх благабыту? Бог ведае, але мне было горка… Была там і Юлія Бібіла. Мне яна спадабалася. Я ёй туды прывязла ніцей.
Быў у нас Мікола П[рашковіч] з Ірай Крэнь і адным студэнтам – у самы сезон баравікоў. Было цікава. З Прашковічам цяпер – не тая гутарка! Вось змяніўся сябра! Прычапіўся, каб бралі грамадзянства. Чуць мы не пасварыліся. Нас пусцілі з няволі таму, што ў ААН была дамоўленасць аб звальненні ўсіх не грамадзян СССР. Мы ніколі ў жыцці не былі грамадзянамі гэтай дзяржавы! І што яны зробяць з намі, калі мы будзем іх грамадзянамі – мне неахвота думаць. А Мікола П. гэтага ніяк не цяміць. Адным словам – на нас анафема! На мяне… Ну што ж, не першы раз.
Юра быў у Балгарыі, праездам у Чэхі. У 1963 г. (нас звольнілі 4 чэрвеня 56 г.) адначасова напалі на ўсіх нашых знаёмых у Чэхах і пазабіралі ўсё вартаснае. Людзі паказалі Юры паквітаванні… А былі вершы, дзённікі, карэспандэнцыя, архівы – мае і не мае. Былі рэчы, кнігі і г.д. Такая жудаснасць – як быццам мы былі ўжо нябожчыкі! Як гэта так абакрасці?! І дзе гэта ўсё падзелі? Там былі вартасныя для народу рэчы. Была копія апошняга ліста кс. Гадлеўскага перад расстрэлам яго гестапаўцамі, былі апошнія, абрызганыя крывёю (кроў – горлам!) паштоўкі дзядзькі Васіля Захаркі, дзе ён мяне выклікаў, каб радзіцца, што яму рабіць перад смерцю з паўнамоцтвамі Ураду… Былі дзесяткі фатаграфіяў Ураду і г.д.
О Божа, колькі ж можна? Адно сумленне і стойкасць маю яшчэ не раскралі! Адскакваюць, як ад каменнай глыбы! Дарога мая, сцежка зрабілася вузенькай-вузкай і вядзе яна ўжо ў магілу…
Як мала я змагла зрабіць! О Божа, як мала! Усё – быт, хата, бульба, гарод, муж… А жыццё і ўцякло… Быў у нас М. Грынчык і настаўнік з Гродна – Дрозд. Добра пагутарылі. Я Вам удзячная, што Вы далі мне магчымасць раз выступіць перад сваімі людзьмі ў Гродне! Я Вам шчыра ўдзячная! Я так люблю выступаць перад суайчыннікамі, але толькі так, як дыктуе сэрца.
Мелася да нас прыехаць Дануся Б[ічэль] з Васілём Б[ыкавым], але, відавочна, баяцца і яны. Няхай! Чаго баяцца? Што значаць усе багацці свету, калі наша Бацькаўшчына менавіта сяння патрабуе нашай мужнасці, нашай славы, падтрымкі, ратунку! Ці ж варта жыць для нечага другога?!
У жніўні аднойчы завітаў да нас адзін джэнтльмен і кажа: “Столькі бачыў Вашых партрэтаў, фатаграфіяў, гэта Вы будзеце Л.Г.?” Думаю сабе – скуль і дзе тыя мае партрэты? Ажно ён кажа: “Я беларус з Аўстраліі”. Тут мы і пачалі выціраць слёзы… Ён ужо ўдома. Прывітанні даходзілі толькі з Польшчы і з Чэхаў… Пішуць ужо і з Дэтройту, просяць кніжку, спасылаюцца на яго…