Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Я думала сабе: Вы там узіраецеся на агні Брадвея, а мы тут – на зоркі, на хаты з ёлачкамі, на іней ля свае хаты і на правадах. Крыху мы паздаровелі. Нічога мне цяпер не пішацца, палю печку і кратаюся, нешта раблю. П. Вераніка піша, мацуецца. Ведаю, што ёй цяжка, бо с.п. Муж быў надзвычайны сем’янін і харошы, цікавы чалавек. Яна рада, што я аб гэтым напісала Валі і г.д. Што да тае пасылкі, дык няхай гэта застаецца між намі, каб не было лішніх гутарак. Мы тут наагул не трэплемся словамі…
Спадзяюся, што Вы ўсе мае лісты атрымалі. Дзякуй Вам, даражэнькая Раечка, за ўсё, за ўсё. Як бачыце, я з Вамі вельмі шчырая, разлічваю на гэта і з Вашага боку, бо ў Вас мужчынская галава…
Цалуем і абнімаем Вас шчыра – Янка і Ларыса.
Зэльва, 9 лютага 1970 г.
Сябра Мікола!
Сяння мы атрымалі Вашага ліста. Адказваць Вам няварта было б зусім, бо страх апанаваў Вас нечаму такі, што баіцеся нават напісаць лішні раз. Пішу галоўнае таму, каб узялі ў бібліятэцы “Литературную газету” за 3 сентября 1969 г., прачыталі там і аднеслі Валодзі [Караткевічу] артыкул аб той песні-дрындушцы “Ладзе”, за якую той чучмэк найболей Валодзю папракае. Піша аб той песні М. Тарывердзіеў (кампазітар) і вельмі яе лае! Песня і мне не падабаецца, але паводле законаў Прокшы мы не маім права сказаць гэтага, бо яна па-расейску. Ды і надаела ўжо гэта песня, задоўга яна ўжо пануе па эстрадах і ўсюды. Час на новыя песні, калі гэта эстрадныя, і гэта ўсім зразумела, толькі ж не Прокшам, ён і ў гэтым бачыць тэндэнцыю. Жаль, што я не выразала артыкул з газеты, не мусілі б Вы шукаць. Прашу – знайдзеце яго, бо М[аксім] Т[анк] сапраўды лае яе не меней за Валодзю, але яго Прокша “не прыкмеціў”. Піша яшчэ, здаецца, аб ёй і Е. Валеўская, там жа, толькі 6 августа.
Жаль вялікі П. Броўкі. Нейкі трагічны закон марнасці: П. Глебка – П. Броўка. А памятаеце, як паміралі артысты-купалаўцы? Што гэта? Чаму гэта так? Гэта нагода ці трагічная нейкая заканамернасць? Ці гэта – гінем? Ці гэта – мусім усхапіцца, адумацца? Каб хоць хутчэй прыйшоў той 1-шы том! А можа – гэта не рак? Маёй сястры выразалі столькі ж страўніка, і лет 6 як жыве, п’е гарэлку, есць усё і чуецца добра. Справа ў тым, што мудрая прырода сама паможа таму страўніку быць паўнацэнным, дык можа, усё добра абыдзецца. Калі ж рак, дык – лічаныя месяцы, але, пэўна, не, бо пры раку не аперуюць, гэта прыспешвае смерць. Проста зараз жа зашываюць брушыну і пішуць: inoperalilis (не падляжыць аперацыі). Калі яго аперавалі – ужо добра!
Сяргей [Панізнік] пісаў мне, ведаю, як яму. Недзе ляжыць і чытае пасквіль, які напісалі яму на ад’езд “браты-патрыёты”. Вось ужо грызня сабачая, непатрэбная! Святошы знайшліся лічыць чужых дзяўчат, няхай ля сябе азірнуцца! Другіх думак у іх няма, “геніі”! Ад гэтай варажнечы няма карысці ні нам, ні камунізму! Што Вы, міленькі, далікатна замаўкалі, калі лаяў мяне дэкан Воўк у БДУ? Вось дэкан БДУ – гэта муіць быць чалавек сучасны, высокай культуры, які абагаціў сябе духова ўсім, што дала свету цывілізацыя. А атрымоўваецца? Махляр і годзе. Сказаць на жанчыну “фашысцкі прыхвасцень” – дык трэба ж даказаць гэта на справе! Следавацелі былі джэнтльмены ў параўнанні з дэканам. Акрамя Харашавіна і Цанавы голасу на мяне ніхто не павышаў, не тое, што назваць без прычыны такім словам.
Адным словам – ніжэй папуасаў, і вось падобны некультурны ўзровень дэкана мяне найболей трывожыць. Ну, я яму пару слоў напісала… Ужо пісаў і С[аша] Б[елакоз] з Гудзевіч, абураны да крайнасці за пасквіль на Валодзю. Быў у нядзелю ў нас Рыгор [Семашкевіч] з жонкай і неадлучны, п’яны, абрыдлы Ю. Рыгор трымаўся паважна. Наташа мне спадабалася. Толькі вось што (між намі) – лепш ёй не ездзіць у такія падарожжы з такімі п’яніцамі… Я запрапанала ёй, каб яна лепш засталася ў нас нанач, але яны недзе пакінулі свае рэчы (пэўна, у той Горнай) і пайшлі, а мы званілі дзецям. У іх усё добра, ужо мы падалі на вызаў. Хлопцы як след, толькі з польскім акцэнтам, шпараць па-беларуску, аж міла слухаць, асабліва малы. Летам, калі крыху пазбавіцеся страху, дык прыедзьце на іх паўзірацца – выраслі.
Пісала на днях Надзежда Васільеўна, 12 лютага спадзяецца быць у Менску. Хварэла. З вялікай цеплынёй піша аб Валі. А Вы ці не маглі б калі ў пятніцу да нас заглянуць inkognito? Не палохайцеся, сяння грамнічны час, зіма, і выць ваўкам наказана прыродай. Аксаначка прасіла фатаграфіі, я ім паслала. Скажэце Лёдзі, каб нікому не гаварыла, што была ў мяне. Юрка гэтым вельмі цікавіцца нечаму. Я – як баптыст, нікому не веру, але і нікога не баюся, думаю: Бог не выдасць – свіння не зесць! Ды і чаго мне баяцца? Я ж ад мае Радзімы за жывы Бог не адракуся, ад майго народу – таксама, а пісаць – дык цяпер не пішу нічагутка. Усе мае ворагі могуць драмаць спакойна.