Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Мне давялося бачыць неверагодную рэч: народ ішоў на мабілізацыю з слязьмі радасці ў вачах, кожны быў гатоў змагацца і гінуць за сваю незалежнасць! Давялося таксама бачыць і горкі народны боль і паніжэнне, калі без бою трэба было адрываць часткі рэспублікі і аддаваць ворагу…
Бачыла і прыход немцаў у Прагу, і маўклівы, зацяты пратэст народу, які цяжка нёс чужое нашэсце і, акружаны, перанаселены, невялікі, не мог адкрыта выступіць супраць акупантаў.
Чэхі, наколькі маглі, вярталіся да класікі, выдавалі лепшыя творы сваіх “buditelu”, падтрымлівалі дух свайго народу.
У Нямеччыне паявілася шмат беларусаў – палонных з польскай арміі, рабочых. Трэба было думаць нам аб сваіх, вось тады я пачала друкавацца. Што я тады пісала – Вам гэта ведама… Сяння я сама здзіўляюся, як падобнае тады праходзіла, і як выйшла мая першая кніжка “Ад родных ніў”. Выйшла яна ў Чэхах і была яна ў духу народу, які і сам, як мог, ратаваўся духова супраць дэнацыяналізацыі і бесчалавечнасці. Вось тады і звярнуўся да мяне др. Ф. Ціхі – праз маіх знаёмых, сям’ю Галікаў. Др. Ф. Ціхага я не бачыла ў жыцці! Памятаю, як ён напісаў мне, што знішчыць усё, што напісана эміграцыяй за 25 лет у Чэхаславаччыне, і пакіне толькі мае вершы, якія перакладае на чэшскую мову, каб надрукаваць іх: “v dobe, khra se kvapem blizi”… Тады я яму паслала кніжку праз Галікаў.
Пасля было асвабаджэнне Прагі, пасля яшчэ многа падзеяў, і на запатрабаванне савецкага ўраду – наш арышт. Вось тут самае трагічнае. З вязніцы, баючыся за сына і за тое, што згінуць у пакутах і я, і мой след, я звярнулася да Ф. Ціхага, каб ён некалі пераказаў людзям, дзе я і што са мною. Тут, у вязніцы, з гора, я наткнулася на варожы, амаль страшны твар чалавека, які не толькі не меў крыху літасці нада мною ці нейкай чалавечай спогадзі, але яшчэ пісаў мне, ці не ведаю, дзе др. Янка Станкевіч (які працуе над Аль Кітабамі), што трэба пасадзіць і яго…
Гэта было для мяне настолькі страшна, што не магу забыцца аб гэтым і сяння…
Я ведала, што няма ў мяне ніякай віны, і толькі таму да яго звярнулася. De mortius aut bene, aut nihil – так, але ж няхай будзе праўда!
Зэльва, 16 студзеня 1970 г.
Даражэнькая Раіса!
Нарэшце атрымала Вашага ліста з паедкі да сяброў і вельмі ўдзячная Вам. Узварушаная мілым святочным прывітаннем і памяццю дарагіх людзей. Што да радасці сябру, то гэта зусім не мая, а Вашая заслуга, я і не ведала б.
А Месячык вельмі многа зрабіў для таго, каб выйшаў з мяне паэт. Бывала, пашлеш яму 11 вершаў, а ён раскрытыкуе іх, добра высмее і ледзь адобрыць – адзін! Сурова ён “лупцаваў” мяне за найменшыя памылкі, а пасля быў рад! Я лічу гэта сапраўдным сяброўствам. Ён жа ніколі не пахваліў мяне ў друку, добрага слова не сказаў, і гэта правільна, ён баяўся, што я сапсуюся. Добра, што быў эфект, як пішаце. Ну зразумела, гэта ж – як з таго свету. Дзіўлюся, што Вы вытрымалі і не сказалі раней. Нічога бабскага ў Вас няма, і гэта добра. Хацелася б чуць, як дэкламуеце, лэдзі. Напішэце мне хоць крыху, колькі было гасцей, як здароўе “нованароджанага”, Ксені, як другія іх дзеці?
Што да пасылкі з Чыкага, то яна расстроіла мяне зусім. Яны летась напісалі мне цудоўнага ліста, разумнага прытым, і аб пасылцы, якую “на днях высылаюць”. Я адказала ім, паслала сваю кніжку. Яны не адпісалі на ліста, не ведаю, чаму. Я непакоілася за пасылку – выраз сяброўства, і мне так не хацелася, каб яна загінула. Гэтай жа, “нарэшце высланай”, пасылкі я не магу прыняць – зразумейце! Ды нам яна тут не ёсць неабходнай. Жывуць жа людзі і за 60 руб., а калгаснікі, калі яны не механізатары ці жывёлаводы, маюць і таго меней.
У нас усе грошы ідуць на кніжкі, і ўсе пакоі, усе сталы і шафкі імі заваленыя, а адзін пакой – дык паўнюткі! Усё жыццё яны гінуць мужу, і ён зноў іх збірае! У 56 г., калі мы варочаліся дамоў, адзін сябра ў Баранавічах даў мужу 150 руб. У нас нічога не было, у мяне – адна пара бялізны, а ён купіў за 45 руб. “Беларускае ткацтва” і яшчэ кніг на ўсе грошы! Так у нас. Ён рад падвойныя экземпляры аддаваць людзям.
Раіса, зразумейце: нам малаважныя ўсе матэрыяльныя вартасці, але на людзях, на іх адносінах да нас, да беларускіх спраў, літаратуры, культуры і г.д. нам вельмі залежыць! Вам я дзякую за пасылку, яна была ад сэрца, а іншых мне сапраўды не трэба. Калі б мне залежала на вышэйсказаным, дык нам няблага жылося б… Усё.
Юра нам піша, пішуць і ўнукі. Маю ўражанне, што сын нарэшце паразумнее. Жыццё маё вельмі складанае, паслала Юры невялічкі нарыс, і той не дайшоў… Недзе пагінулі мае ўсе чарнавікі…