Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Але на маё здзіўленне чаргі зусім не было. Выйшла з пакойчыка дзяўчына, запрасіла мяне прайсці да працэдурнай сястры.
– Праходзьце, рыхтуйце руку. На якой руцэ ў вас лепшыя вены?
– Здаецца, на левай.
Дзяўчына ў белым халаце паклала маю руку на мяккую падушачку, паляпала даланёю каля локця. Іголка ў вену ўвайшла нячутна, як сядно камарык сеў на руку і не паспеў яшчэ прысмактацца.
– Ну, вось і ўсё, – весела праказала дзяўчына. – Але трэба правесці яшчэ адну працэдуру. Трэба тры кроплі крыві для іншых аналізаў – адзін на праверку памяці, другі – настрою, трэці – інтэлекта… І гэта ўжо бярэцца пальца.
Яна паклала перада мною паперку, разлінееную на тры часткі. Пракалола палец левай рукі, сціснула яго. На кожную частку капнула па кроплі.
– А цяпер унізе дамовы з паліклінікай пастаўце свой подпіс, пацвердзіце, што гэта вы здалі сваю кроў.
Подпіс паставіў, не чытаючы, пра што сведчыла тая медыцынская паперка. Адно, што запомніў, злева, уверсе, у куточку, выдзяляўся медыцынскі лагатып – гадзюка, якая абвіла ножку сасуда.
– Выдатна! – ветліва ўсміхнулася працэдурная сястра. – Праз тры дні мы перададзім аналізы ў бальніцу – вашаму доктару. Сяргей Піліпавіч званіў нам, папярэдзіў. Усяго добрага! Не хварэйце!
Калі выйшаў у калідор, на лаўках не было ніводнага чалавека. А была яшчэ толькі а палова на дзевятую гадзіну. Мусіць, перасталі людзі хварэць, і ім не трэба было звяртацца да дактароў.
“Куды цяпер? У майстэрню? Ці – дадому?”
Куды мне найбольш хацелася, я не ведаў…
А хацелася мне ў мурожныя травы, у лугі з п’янкім пахам толькі што народжаных кветак, у глухія бары і пушчы, бярозавыя гаі, дзе правяць баль птушкі і звяры, у ціхія затокі Прыпяці – паміж Туравам і Мазыром, дзе на дне шэрай вады дрэмлюць самы і тлустыя язі... Там вольна дыхаецца мне, і хораша адно думаецца, і неба з прасцірадлам зіхоткіх зорак пяшчотна і ласкава ахутвае мяне, абдымае нябачнымі рукамі, спавівае пялюшкамі душу і сэрца.
А сама найлепш – выбрацца ў лес ранняй восенню, калі пасля цёплых і спорных дажджоў, у беразняках з верасовымі палянамі, выцяліся крамяныя баравічкі, рыжыкі і мховікі, – падацца да іх – у Броньку ці Люхчэ – з лазовым кошыкам ці паляшуцкім кашалём, у якім мяне некалі, у вайну, насіла маці, – ды фотаапарат пачапіўшы за спіну. Менавіта ў такія хвіліны і забудуся пра ўсё на свеце, буду ўглядацца пільна ў праталінкі і лясныя закуткі, падымаць дубчыкам ці сцізорыкам успоранае лісце, думаючы і спадзеючыся, – а раптам там, у імху, стаіўся крамяны баравічок... І прадчуванне часта не падманьвала мяне.
Яшчэ часцей пачынае тады біцца сэрца, а позірк міжволі будзе шныраць-бегаць круга сябе, – бо заўсёды хочацца верыць, што побач, з адным з баравічкоў, абавязкова будуць яшчэ і яшчэ яго родзічы... Найчасцей так яно і адбывалася.
Тады, як правіла, стаўлю кашэль каля тых, знойдзеных напачатку, грыбоў, што напаткала вока адразу. Стаўлю як арыенцір, – і кружэлю па нябачным радыусе. І ў той жа час адчуваю, як радасна на сэрцы ад такой мясцінкі, якая так усцешыла мяне. І знаходжу, абавязкова знаходжу яшчэ і яшчэ, – і ўжо процьма карычневых шляпак-капялюшыкаў узнікае перад маімі вачыма. Аж вочы разбягаюцца. На памяць прыходзіць выслоўе маіх крушнічанаў – хоць касу закладвай.
Пакружыўшы па паляне, не знайшоўшы больш баравікоў, задаволены і ўсцешаны вяртаюся да знойдзеных. Дастаю сцізорык – і з яшчэ большай асалодай зразаю іх, акуратна складваю ў кашэль...
Складваю так, каб як мага больш умясцілася – вялікія шляпкамі ўніз, на спод, а зверху, паміж каранёў, кладу маленькія... Зразаю яшчэ і яшчэ, пры самай зямлі, тоўстыя ножкі. Застаюцца на грыбным месцы бялюткія кружочкі, і іх тут жа прысыпаю лісцем і ігліцай, – каб не ўгледзеў які грыбнік, і не прыйшоў замест мяне ранічкай... Бо кожны ж ведае, што на месцы гэтых заўтра будзе тое ж самае – новая плойма карычневых капялюшыкаў вырвецца на волю, будзе цікаўна дзівіцца на лес, на неба, на хмары...
О, мой родны лес! Мілыя сэрцу крушніцкія пушчы!
Колькі ўрочышчаў і прыгожых мясцінаў запала ў сэрца! Яны як стракатыя закладкі ў цікавай кнізе, якую буду чытаць зноў і зноў чытаць, слухаць спеў птушак, удыхаць тое дзіцячае, непаўторнае, паветра...
Колькі здараецца і забываецца чаго ў жыцці, а вось тыя хвіліны, тыя імгненні шчасця, калі трымаў у руцэ халодныя, яшчэ з начной расой, баравічкі, – назаўсёды ў памяці. Будуць яны стаяць перад вачыма і праз дзесяткі гадоў – яшчэ жывыя, якія і не падазраюць нават, што адрэзаныя ад зямлі, што ўжо ўся сям’я знаходзіцца ў кашалі... Ніколі, ніколі тыя імгненні не выветрацца з памяці, будуць не раз сніцца, лашчыць душу дарагімі сэрцу ўспамінамі.