Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Сяння Прашковіч і А. Коршунаў прыслалі нам сваю кніжку “Прадмовы і паслоўі Скарыны”. Цудоўная рэч для нас! Усё ў арыгінале! Акадэмічнае выданне, на жаль – 1200 экз. усяго. Зноў сэрца баліць мне па той Паўліне М[ядзёлцы]. Але вось ляжыць чалавек пад пледам і кашляе… Ці пісала яна Вам? Ах, тое маё грамадзянства, як яно многіх людзей непакоіць…
Дзякую, што паслалі ў “Ніву” песні. Вось гэта добра! Як жа цяжка было М. Багдановічу ў сям’і… Мелася быць у нядзелю ў Гудзевічах – у дзеда на магілцы, але не змагла пакінуць мужа. Усяго Вам добрага! Галоўнае – здароўе! Муж мой просіць, каб не нерваваліся, бо сапраўды няма чаго. Абое мы Вас сардэчна цалуем. Усім хатнім шчырыя прывітанні –
Вашыя Геніюшы.
Зэльва, 28 красавіка 1969 г.
Дарагі сябра Сяргей! Дзякуем Вам за кніжку, за памяць. Не пісалі мы Вам, бо лісты ад нас не для ўсіх мілыя, пажаданыя. Нас нейк “ядзяць”, асабліва мяне. Івану Пятровічу, які ўжо ледзь ходзіць, адмовілі ў пенсіі... Толькі дзеці і унукі здаровыя, гэта важна. Я прасіла Ніну, каб Вам напісала, і сказала ёй, што пісаць. Мы, Сяргей, не ведалі, што там з Вамі. У мяне тут было такое нервовае становішча, што “сігнал”, каб стараніцца Вас, праўда, невыразны, не канкрэтны, я прыняла як нейкі новы “фокус” сваіх “апекуноў”. Жаль, што Вы не адказалі Ніне адразу. Я мучылася няпэўнасцю, бо сянняшні час крышыць і жалеза...
Сябра Мікола ўсё паясніў. Гневацца і крыўдаваць Вам няма пашто і на каго. Ёсць публіка, якая любіць “жарты” ці іншыя камбінацыі... Ёй жывецца добра, але нам вось тут не да жартаў, не да смеху і не да гарэлкі... Муж слабы. Найбольшую маю радасць, што Вы ёсць Вы. Ніны мне толькі жаль, бо тое шчырае дзіця тут зусім такі не вінавата. Я думала, што калі Вы, крый Божа, не той, якога я ведала, дык і ліст ад мяне быў бы Вам непатрэбны.
Тым людзям, зусім таксама не вінаватым (ім нагаварылі), я напісала аб нашых адносінах і аб тым, каб разабраліся ў справе і нявінна Вас не абразілі. Гэта прайшло, Сяргей. Я шчаслівая, што гэта толькі нейкія да некага адносіны... Я ужо баюся свайго ценю і, бывае, не веру нават найбліжэйшым. Аб гэтым трэба нам пагутарыць. Я Вас прашу не кранаць гэтай справы. Вы, недзе, ужо дадумаліся, скуль той вецер. Пакінем іх у спакоі, яны нам не кампанія. Я апошні раз прасіла Вас, каб болей да нас не прыязджалі, бо баялася за Вашыя нервы і г. д. Сяння прашу: прыедзьце хоць на пару дзён і будзьце сынам. Толькі адказнасць за свой спакой бярыце на сябе. Доўга не будзьце ў дарозе. Вяртайцеся.
О, Сяргей, як добра, што яно так, як ёсць. Добра прачытайце ліста Ніны і зразумейце, што між сябрамі мусяе быць яснасць, жыццё гэта не забаўка.
Цалуем Вас і чакаем дамоў.
Ян і Ларыса Геніюшы.
Калі будзеце ехаць, званіце: 4-90 (Ніне Лойка).
Р.S. Прышліце мне фатаграфію з Масквы, дзе вы усе з П[аўлінай] М[ядзёлкай].
Зэльва, 30 чэрвеня 1969 г.
Даражэнькія!
Прашу прабачэння, што не зайшла да Вас, як абяцала і як ад душы радзіў мне Іван Пятровіч. Я доўга шукала тую Падгарэсялку. Яна аказалася ў нейкім вузенькім рове, відавочна, прастарым карыце Нёмана, бясконца даўгая, такжа цікавая і крыху нават беларуская. Вясной там мусяе быць цудоўна! Людзі жывуць – як птушкі ў гнёздах, многа дрэў. Нагадвае мне гэта ваколіцы Прагі (толькі там – скалістасць) ці нейкую беларускую Швейцарыю, каб не смярдзючы раўчачок пасярэдзіне…
Дык вось, у адным такім гняздзе, якое старожаць малыя і злосныя цюцькі, і затрымалася тая цётка, якая прывязла падарачкі. Найбольшым падаркам быў гімн чыстага захаплення, які прапяяла на ўсе лады тая бабка для “свайго доктара” і нашага сына. Відно – любяць гіцля тыя людзі ў Гарадку, і гэта мяне ўсхвалявала. І хоць бабка не дадала мне два хвартушкі і ўсе лекі, якія сын паслаў (даведалася з сынавага ліста), усё ж я захавала вялікую ўдзячнасць ёй за добрыя словы пра Юру.
Да Вас не зайшла, бо мяне – калаціла. Гэта Вам, спадзяюся, аб’ектыўна, раскажа Данута. А вінавата я сама. Мяне цягне да ўсяго беларускага, і часам здаецца, што шыльда скрывае за сабою і змест… Для мяне беларускасць і беларус – не бізнес і не палітыка, а маё жыццё і сэнс майго існавання. І таму вось калі на склоне майго жыцця нехта пачне верашчаць аб тым, што ўжо час мне змяніць маю душу на інтэрнацыянальную і т.д., гэта выводзіць мяне з раўнавагі, бо: