Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Валодзя махнуў рукой, як загадаў маўчаць, пасадзіў маёра на месца. Зноў пахкая кава, зноў каньяк – таго ж гатунку. Падумалася: а мо ёсць каньяк спецыяльнага разліву і гатунку пад назвай “Кэдэбісцкі вытрыманы марачны”?
8.
Выпілі мы кожны па адной бутэльцы, але ў галаве было светла, спакойна. Усе трывогі сплылі і адхінуліся на задні план. А Валодзя наліваў і наліваў па поўненькай чарачцы. Потым закурыў. А потым паставіў музыку.
“Антон, спытай, ці няма ў яго маёй любімай касэты”, – папрасіла муха.
– Валодзь, а Валодзь, а ці няма ў цябе песні пра муху?
– Пра муху? Не, тут няма… А дома дзеці круцяць нейкую: “муха моя муха, нашепчи на ухо…” А чым яна табе падабаецца?
– Ды не мне…
– А кому? – насцярожыўся раптам гаспадар кабінета, і я адчуў, што ён вельмі напруціў слых.
– Маёй жонцы Яніне, – схлусіў я. – Ды толькі на беларускай мове.
– А хіба такі ёсць запіс – на беларускай?
– Канечне ж, ёсць.
“А шкада, Антон. Настрой у мяне цяпер песенны… Мусіць, ад вашай каньячнай пары я балдзею… І як толькі вы яго смокчаце?”
“Я ж на заданні – трэба піць…”
“Пі, ды хоць не хмялей… А то выдасі ўсе сакрэты – чаго ён і дабіваецца ад цябе. Хіба не адчуваеш хітрасці?”
“Адчуваю… Добра, Мухіко, слухаюся…”
Зноў поўныя чаркі. Але чамусьці я не п”янею – ці не ваду мы пілі насамрэч? Зноў лімон, але ў дадатак ужо белы хлеб з чорнай ікрой. Добра яно вось так, на халяву…А на халяву, як ведаеш, і воцат салодкі, ці не так?
І потым ужо, калі дайшлі “да кандыцыі”, калі ў мяне і ў яго пачалі хістацца галовы, папытаўся мой субяседнік па-свойску:
– Антон, справа мінулая, як кажуць, але ты як сябру мне скажы, прызнайся, і я не выдам нікому твой сакрэт, буду трымаць у тайне – як табе ўдаецца ўцякаць з турмы? Ну, скажы, выдай тайну… Мы цябе ахоўваць будзем, аберагаць… Скажы, га?
Мы асалавелі. Хто з нас больш – невядома.
Пацюкевіч стаў самім сабой, голас быў той, ранейшы, які некалі я чуў – без падтэксту, шчыры.
– Калі шчыра, Вовік, то я і сам не ведаю, як гэта атрымліваецца. Я толькі падумаю пра ўцёкі – і перада мною расчыняюцца нябачныя дзверы.
– Мо і так, магу паверыць… Але прадай нам свой сакрэт. Любы ганарар выплацім, у любой валюце.
Нейкі момант я маўчаў. Абдумваў, як далей весці гамонку.
– Каб жа шчасце толькі ў грашах было, то яно канешне, але калі паглядзець з другога і трэцяга боку, то яно атрымліваецца і не зусім так, як і хацелася, – прагаварыў я абы-што, сам з сябе здзіўляючыся, чаго гэта я намалаціў столькі. Потым уздыхнуў і наліў (здаецца, першы раз сам разліваў – яму і сабе) па поўнай, не заўважыўшы таго.
– А ў чым тады заключаецца яно, тое шчасце?
– У адраджэнні. Тое, што я ўцякаю, нагадвае нейкі фокус, цыркавы атракцыён. А вось калі я табе пакажу, што мы сапраўды ўмеем, чым валодаем, то табе не хопіць ніякага ганарару адплаціць мне. Мы можам прадаць сакрэт, але з адной толькі ўмовай – калі вы з Галверам вернеце нам нашае, а вы і павінны самі тое рабіць, дарэчы, то ёсць ваш прамы і непасрэдны абавязак – ахоўваць і дзяржаўную бяспеку, і яе самыя дарагія каштоўнасці і багацце. Тую ж мову народа, якая недатыкальная, а вы яе растапталі…
– Ды не я это, Антон, пойми, – зноў не заўважыў пераходу на іншыя рэйкі субяседнік.
– Ну, няхай не ты, але ж вашая служба. Ну дык слухай – у нас ёсць яшчэ адзін сакрэт.
– Какой? – насцярожыўся і ажывіўся Пацюкевіч, радуючыся, што добрая ў нас ідзе размова, што мы можам па вялікім рахунку і дамовіцца. – Поделись…
– Ну, добра. Ты скажы, спадар Валодзя, вось пра што. Што робіць-парабляе ў дадзены момант самы галоўны дзяржавы? Якога вы, дарэчы, аберагаеце і ахоўваеце?
Гаспадар кабінета акругліў вочы:
– Ну, як дзе, у сваім, мусіць, кабінеце…
– Давай праверым…
Успыхнуў экран вялікага тэлевізара “Соні”. На секунду паказаўся бел-чырвона-белы штандар з “Пагоняю”, і адразу знік.Замест яго паказалася нечыя спіна, потым аб”ектыў выхапіў буйным планам твар Галвера, які сядзеў ці то ў асабістай прыбіральні, ці ў патаемным пакойчыку…
Нешта рабіла за сталом асабістая дакторка – ці то рыхтавала лякарствы, ці то афармляла нейкія медыцынскія дакументы…
Пацюкевіч нічога не разумеў.
Паглядзеў на мяне, як бы пытаючыся, што за жарты я наладзіў.
– Кто это снимает?
– Я.
– Как ты, если ты здесь?
– Я і тут, я і там…
А потым на экране з’явіліся мы абодва. Сядзім, п’ем каньяк. Здымае нас Мухіко ад кніжнай шафы, дзе стаяць творы Маркса і Энгельса, Леніна і Дзяржынскага. Праўду казаў Саяма – мы не ўбачым яе, ні пачуем. Мускулатуру ёй замяніў на іншую, што цяпер і гудзення яе не чуваць, і зліваецца з любым колерам, што немагчыма ўбачыць…