Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Што ж мне наканавана здзейсніць у гэтым, маім, жыцці?
І ці патрабуецца ад мяне яно, тое здзяйсненне? Ці дастаткова толькі таго, каб сумленна адбыць свой час на белым свеце? Не ўсе ж геніі, не ўсе ж тытаны...
Адно ведаю – Бог патрабуе ад кожнага з нас жыць па Яго запаветах. Гэта і ёсць галоўнае для чалавека. Можа гэта толькі пры такой умове чалавек робіцца несмяротным і застаецца, і працягваецца? Мусіць жа так!..
Ад гэтай думкі закалола ў скроні.
Ад маёй Сястры сыходзіла мройная цеплыня. А напачатку ж была прахалода. З першага слова. Потым пакрысе адчуў подых цеплыні – быццам аблашчаны сонцам. І мне рабілася хораша, утульна, мройна... Я ўжо не ведаў сам, дзе і на якім свеце знаходжуся, у якім вымярэнні, у якім часе?
– Так, у іншым. Пяць тысяч год назад. Яшчэ не нарадзіўся Хрыстос, сын Божы, але ў душах людзей і тады жылі дабрыня і спагада... Але ж не менш было жорсткасці і крыві... Пра тое пазней, асобная размова.
– Дазволь адно пытанне. Можа і апошняе. Ці кожны чалавек можа гаварыць са сваім Голасам і вяртацца разам з ім у свае мінулыя жыцці?
Адказ быў кораткі і сур’ёзны:
– Не кожны. Што тычыцца цябе, то на тое ёсць прычыны. Добрыя прычыны. У адным са сваіх жыццяў ты быў святаром. І да цябе прыходзілі бачанні. Ты тады выратаваў ад гібелі цэлы горад – Вірсай. Тое адбылося даўно. Вельмі даўно. Сёння і горада таго няма, ён спрэс пакрыты вадой і ільдамі.
Больш ні пра што не пытаўся, маўчаў. Разумеў, што і за ім, працягам, нешта тоіцца, нешта нараджаецца. Прадчуваў. Ужо сама сустрэча Цела і Голаса – з’ява незвычайная, як і нечаканая...
– Мне сорамна і ніякавата за маё сённяшняе жыццё, – вінавачуся, не расплюшчваючы вачэй.
– Ведаю. І мне таксама. Але нічога не паробіш. Такое не першы раз здараецца і з табою, і з іншымі. І – са мною.
Маё другое “я” спакваля абуджала мяне: Голас даводзіў мне тое, што сядзела ўва мне і доўга не прачыналася.
– А ці не ўтопія гэта? Колькі ўжо стагоддзяў, лепшыя і разумныя з разумных імкнуліся абудзіць людскія душы! Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, Вялікія Князі Княства Літоўскага, – ды, як заўсёды, у святую, распачатую імі, справу ўмешваўся д’ябал – рушыў усё... Бо умеў спакушаць.
– Ты спрачаешся са мною, Антон Клімовіч?
– Ды не, выбачай. Сумненні выказваю, а ты, калі сапраўды мой неадрыўны двайнік, бацька ці сястра маёй душы, то тады папраў мяне...
– Паправіць не магу, бо ў нас не дыспут. Мы, калі можна так сказаць, правяраем адзін аднаго: ці адпавядаюць праўдзе нашыя з табою думкі... Мы настолькі растварыліся ў аднароднай масе, абленаваліся, заплылі самападманам, што адмовіліся ад боскага і людскага: “А навошта, калі ёсць скарынка хлеба?”, “Вайны ж няма, і то дзякуй Богу”... Ці пагадзіўся б з гэтым той жа колішні ліцвін? Большай абразы яму і прыдумаць немагчыма…
– Памятаеш, што сказана ў Святым Пісанні паводле Яна Святое Дабравесце? Словы Ісуса (Х11:24) – “Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду. Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў свеце гэтым, захавае яе ў жыццё вечнае. Хто Мне служыць, Мне няхай следуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой. Душа мая цяпер узрушылася; і што Мне сказаць? Войча! збаў Мяне ад гадзіны гэтай! але на гэтую гадзіну я і прыйшоў...”
Ведаў гэтыя словы, хаця і не зусім разумеў, калі чытала іх у дзяцінстве мне баба Настазя. Яшчэ казала – калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою – і не знаходзіць...
– Дадам яшчэ... “Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.” Гэта з Паслання апостала Паўла да Рымлянаў (VІІІ:11). Бо, як сказана там жа, але вышэй, “помыслы плоцкія – смерць, а помыслы духу – жыццё і мір”. Каго водзіць Дух Божы, – сыны Божыя; Дух мацуе (нас) у нямогласцях нашых; бо мы не ведаем, за што маліцца, як трэба, а сам Дух заступаецца за нас уздыханнямі нявымоўнымі...”
Я ўсё яшчэ знаходзіўся ва ўладзе дзівоснага пачуцця бязважкасці і прасвятлення уплыву нябачнай далані Вышняга.
– І яшчэ... Памятай, бо спатрэбіцца: Хрыстос папярэджваў, – што замест Яго пад Яго імем могуць прыходзіць і прапаведаваць, дык таму не вер ім, умей распазнаваць Голас Божы і голас сатаны – антыхрыста... Бо ён ўмее пераўвасабляцца ў любую істоту – як чалавека, так і звера. І можа падацца такім добранькім, такім ласкавым і дабрачым, што страціш пільнасць і пападзеш у яго абдымкі…