Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
— Есьці хочаш? — спытаў Дыктатар, падсунуўшы твар да самых яе вачэй.
Тая зірнула абыякава ды адвяла погляд.
— Сястра... — прашаптаў Дыктатар, правёў далоняй па яе бліскучых валасах, узяў за горла, абхапіў пальцамі шчокі, памацаў. Дзяўчына не працівілася, толькі вочы ейныя пагардліва пазіралі на людзкое ракочучае месіва.
— Хадзем са мной, — Дыктатар схаваў яе халодныя пальцы ў свае ды павёў наверх. Яшчэ пранізьлівей зайграў скрыпач, які стаяў побач, і голас у глыбіні пераходу залямантаваў усьлед: „Мужчына! Мужчына! Паглядзіце, якія ружы!”
Яны выбраліся з праспэкту й пайшлі пад нізка навіслымі гаўбцамі вузкай ды застаўленай аўтамабілямі вуліцы. Краем вока Дыктатар заўважыў, што за ім зь пераходу выйшлі двое жабракоў — аднаго зь іх Дыктатар бачыў колькі хвілінаў таму ў пераходзе: апрануты ў выцвілую цяльняшку, той сядзеў, па-ўсходняму закруціўшы пад сябе ногі. Другі быў маладзей за першага, у руцэ ён трымаў мыліцу, калі-нікалі важка хапаючыся за самую яе сярэдзіну. Хаця перасьледнікі імкнуліся не паскараць сваю хаду надта відавочна, адлегласць між імі скарачалася. Дыктатар упіхнуў Сястру ў дзьверы грамадкай сталовай.
На шчасьце, у сталовай было некалькі наведнікаў. Чалавек у добра пашытым касьцюме, з дыпляматам у нагі, разгрызаў за столікам у вакна пузатую кагорту чабурэку. Дыктатар кінуў Сястру ля яго, а сам, на хаду дастаючы атрыманыя ад чалавека-рыбы грошы, пайшоў да раздатачнай. Вадкае першае, плоскае другое, кампот — Сястра прынялася за ежу шумна, рохкаючы, адрываючы, выплёўваючы на стол храшчыкі, яна прыняла абед як належнае. Іхні сусед з падвоенай хуткасцю ўзяўся за чабурэк, адвярнуўся да вакна, нібыта зь цікавасьцю аглядаючы краявід: напаўсьпілаваныя дрэвы сквэру, як пальцы нябожчыкаў, імкнуць да зацягнутага хмарным друзам неба, падлеткі, усе як адзін валасатыя ды ў чорных скуранках, п'юць гарэлку з плястмасавай шклянкі; ля сваіх пэйзажаў, больш падобных на дрэнна зробленыя фота Батанічнага саду, гаротна сядзіць барадаты мастак і змахвае п'яныя слёзы. Перасьледнікі стаялі каля ўваходу ў сталоўку й пра нешта актыўна спрачаліся. Дыктатар паглядзеў на Сястру, падбародзьдзе й нос якой цалкам пакрыліся бульбяным пюрэ, уздыхнуў і расшпіліў куртку — на плечы ўпаў каўнер. У сталовую ўвайшлі два хлопцы, стрыжаныя пад Таранціна, на парозе спыніліся, цвынкнула бутэлька, і першы сказаў:
— Ды ну нафіг, тут нейкі хоспіс...
Другі павёў носам.
Сястра аблізвала талерку. Дыктатар вынуў з кішэні сшытак, знайшоў абгрызак алоўка й, па-блізарукаму схіліўшыся да паперы, вялікімі літарамі напісаў:
СЁНЬНЯ ЗНАЙШОЎ СЯСТРУ
Ён пасьлініў аловак, кінуў беглы погляд у вакно. Сястра глядзела на яго безь цікавасці.
Сястра Дасьць Сілы Раз На Месяц Можна Трываць Інкогніта
Жабракі на вуліцы пачалі выказваць нецярпенне, адзін памкнуў да дзьвярэй, другі яго ўтрымаў, пракрычаўшы нешта ў самае вуха. Дыктатар зноў схіліўся над сшыткам.
Ногі Твае Рассунутыя Мая Трыюмфальная Арка
Сястра Народжаная Для Мяне
Грудзі Твае Мой Скіпэтр Мая Дзяржава
Сястра Жалезная Заслона
Вашае Дыханне Не Парушыць Маю
Паветраную Прастору
Ён захапіўся — на твары Сястры між тым нарэшце зьявілася падабенства выразу, — нейкае дзіцячае чаканьне далейшых падзеяў, зусім не азмрочанае страхам. Дыктатар таропка сунуў сшытак у куртку. Пазяхнула касірка, бліснуўшы залатымі зубамі. З гулкім тупаньнем, бы жаўнеры, паднятыя па трывозе, у масіўны бак паляцелі тоўстыя піражкі, прынесеныя паварыхай... Дыктатар ускочыў, са скрыгатам падсунуў да дзьвярэй стол, схапіў Сястру за руку ды рынуўся праз раздатачную ў нетры сталовай. На твары Сястры падскоквала застылая ўсьмешка. Яны пранесьліся празь цяжкую пару, празь загатаваную падлогу, пад якой гарэлі загадкавыя вагні, быццам у нейкай фантастычнай лябараторыі, перавярнулі абавязковы пусты рондаль... павары з ахвотаю крычалі, лаяліся ім усьлед — толькі й чакалі гэтага ўварваньня. Перад выйсцем Сястра пасьлізнулася на кафэльнай падлозе, Дыктатар, як фігурыст партнэрку, правез яе, моцна трымаючы за пальцы, і злавіў ужо на вуліцы, напоўненай рэхам.
Да дому Дыктатара яны йшлі моўчкі.
— А я ня ведаю, як мяне завуць, — сказала Сястра, калі Дыктатар спыніўся перад дзьвярмі бяз нумару, на якіх жоўтай крэйдай была намалявана зорка Давіда. Дыктатар выцер яе рукавом курткі — на дзьвярох засталася пляма, падобная да эмблемы аднаго маладзёвага радыё. — А я ня ведаю, як мяне завуць, — паўтарыла Сястра, калі яны ўвайшлі ў кватэру. Дыктатар пакапаўся ў выключальніку, сьвятло ўспыхнула й пагасла, ён зноў засунуў палец у чорную адтуліну, на гэты раз удала. Хаваючыся ля сьценаў, па кватэры прабіраліся скразьнякі. На цьвіку, спрабуючы сагрэцца, варушыў рукамі пінжак.