Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
— А як ты мяне будзеш зваць? — спытала Сястра, высунуўшыся з вакна і ва ўпор разглядаючы суседку, якая стаяла на гаўбцы зьлева і якую душылі адразу два маньякі — вецер ды пасьцельная бялізна. — А адкуль у цябе гэта?
Сястра села на раскладанку і ўзяла ў рукі палац з каралём ды каралеваю. Дыктатар мягка забраў палац зь яе рук, паставіў у кут і сеў перад Сястрою на кукішкі. Сястра смактала валасы, лямпачку над яе галавой, як кадзіла, гойдаў вецер.
— Ты — Сястра, — сказаў Дыктатар, узяў яе за падбародзьдзе й зашаптаў — проста ў ноздры:
— Ты Сястра, і іншага ймя ў цябе ніколі не было... І ня будзе... Менш гавары... а лепш — не кажы нічога... лепш прыслухайся, чуеш... чуеш, што крычыць народ перад нашым палацам?
— Не, — галава Сястры з адкрытым ртом і вялікімі вачыма хіснулася.
— Выйдзі, Дыктатару, пакажыся — гэтак... крычаць... яны... Але нельга... бо — ворагі, бо вайна... абвешчаная.
— А ты будзеш мяне трахаць? — Сястра зазірнула яму ў твар зь непадробным інтарэсам. — Хворая я...
— Маўчаць! — крыкнуў Дыктатар, і ягоны голас нязвыкла сарваўся, віскатам аддаўшыся ў голых, абклееных газэтамі сьценах. Дыктатар зморшчыўся. Па-над стольлю загрукаталі, і іржавыя батарэі праз колькі імгненьняў азваліся звонам.
Дыктатар узяў сястру за руку ды павёў у ванны пакой. „Я хачу спаць”, — скрывіліся яе вусны, але Дыктатар уладна штурхнуў яе да шэрай, зь некалькімі рэшткамі белай эмалі, ванны. — Распранайся, — зь цяжкасьцю сказаў Дыктатар, ліміт словаў якога сканчаўся. — Рас...прадайся... Ну!
Ён адвярнуўся, шукаючы апошні брусок гаспадарчага мыла, доўга важдаў рукой за унітазам, падняўся. Перад ім стаяла, падрыгваючы, худая ды ладная дзяўчына гадоў шаснаццаці. Чырвоныя вочкі на грудзёх глядзелі амаль у розныя бакі, шыю накшталт караляў абвіваў белы шнар. На плячох і сьцёгнах гуртаваліся прышчы. Па пакоі, пазбаўленым ветру, лунаў пах мачы й чагосьці яшчэ — церпкага, гідкага і ў той жа час хвалюючага... гэта быў смурод, але смурод свойскі. Чалавек свайго смуроду часта не заўважае, а калі й заўважае, то гэта нават бывае й прыемна — хаваць нос пад даўно нямытыя пахі, нюхаць палец, пакрыты саладжавым потам ягадзіцаў... Дзяўчына адкінула валасы з твару на сьпіну і няўпэўнена ўсьміхнулася, запытальна ўзьняўшы падбародзьдзе.
Ён атрымаў выдатную Сястру.
Дыктатар пачаў з валасоў — нібы спрабуючы вылезьці з глыбіні яміны, ён усоджваў пальцы ў каўтуны й рэзкім рухам, зьверху ўніз, разрываў брудныя ільсьністыя жгуты. Рукі яго груба, ледзь не зрываючы разынкі радзімак, хадзілі па яе сьпіне, сьцяўшы зубы, яна стаяла на каленях, ад якіх ужо адставаў слаямі бруд, стаяла, утаропіўшыся ў чорную адтуліну на дне ванны, і варушыла пальцамі на нагах. Ужо густа намыльваючы Сястры шыю, Дыктатар адчуў са зьдзіўленьнем і жахам,.як напінаецца ў ім, цясьнімы нейкім унутраным ціскам, паветраны шарык, і быў гэты шарык зь ягонай, Дыктатаравай, плоці, ды і ня шарык гэта быў, не — пэтарда, хлапушка, поўная успамінаў.
Мыла выскачыла з рук і зрабіла плаўную дугу па ваньне — ад краю да краю. Дыктатар кінуўся на кухню, дзьверы за ім бразнулі і расчыніліся зноў, шырокім урачыстым тэстам адкрываючы вітальні траскун) постаць, якая з заплюшчанымі вачыма выгінала ў далонях пустату.
7
Стары Каспар узьняў руку, растапырыў пальцы... На твар яго, падобны колерам да выпаленай зямлі, апусьціўся цень вельмі важнага, лёсавызначальнага Дзеяньня. Рука некалькі разоў сутаргава здрыганулася, потым з палёгкаю ўпала на бліскучае кола інваліднай каляскі, пачасала яго, нібыта калена. Зрэнкі схаваліся за курчавыя валасы броваў — вочы прыязна паглядзелі на жонку, на квяцістыя шпалеры, на трох багатыроў, якіх звалі няйнакш як Алёша Араміс, Ільля Партос і Дабрыня Атос.
— Зноў нагадзіў, гора ты маё, — уздыхнула Каспарыха, адварочваючы галаву ад дзьвярнога вочка. Яна па-жывёльнаму панюхала паветра. — Нагадзіў... Ну пацярпі, надта ўжо цікава.
Ля дзьвярэй суседняй кватэры стаяў, абапершыся плячом аб сьцяну, малады чалавек у блакітным касьцюме. Гледзячы на яго, разьдзьмутага оптыкай вочка, Каспарыха адчувала зайздрасьць — яе сыночак нядаўна адзначыў сваё шаснаццацігодзьдзе... Шаснаццацігодзьдзе знаходжаньня ў розных калёніях строгага рэжыму. Гэты ж быў, па ўсім відаць, культурны, зь мяккімі, амаль дзявочымі рысамі твару, чыста апрануты, добра паголены, у руцэ трымаў вялікі букет белых ружаў, часам ён падносіў да вільготных бутонаў вольную руку й потым зноў прыбіраў — сьціскваючы пальцы, размазваў ваду па сухой далоні, далікатна так, нібы ў кіно. А галоўнае, гаварыў культурна, неразумела і ад гэтага быў яшчэ больш прывабны. Толькі адно бянтэжыла Каспарыху — прыемны малады чалавек прыйшоў да гэтай шлюхі, гэтай Толікавай мокрашчолкі. Авой, як гэта было ўсё ж цікава... Надта цікава, надта ўжо.