Золата князёўны
- Автор: Ляхновіч Павел
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- ISBN: 978-985-6107-38-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:
...Цёпла. Вясна заканчваецца. Заграбаючы босымі нагамі мяккі пыл, Пётрык шпарка крочыць пасярод вуліцы. На лазовым дубцы, прасунутым праз жабры – два ляшчы. Яны вялізныя і цягнуцца хвастамі па зямлі. Пётрык выгінаецца ад іх цяжару ўбок і часта мяняе рукі. Вуду ён прыхаваў у зарасьніках трысьнягу ля ракі. Вось ужо і будынак былога тэатру, дом з пётрыкавай кватэрай адразу за ім. Даўно, год таму у тэатры ставіліся сьпектаклі і такімі вечарамі іхняя вуліца запаўнялася сьвяточна прыбранымі парамі. Мужчыны, вітаючыся прыпадымалі капелюшы, а жанчыны з прыемнымі ўсьмешкамі важна сьхілялі галовы: “Вечар добры, панове Вялічкі!” – “Добрага здароўя, панове Жылінскія!”. Часам хадзілі ў тэатр і тата з мамай, ад іх тады вельмі прыемна пахла. Ад мамы кветкамі, а ад таты нечым, падобным адначасова на кмен і палын. А калі летась зьявіліся рускія, іх усе называлі “таварышчамі”, сьпектаклі скончыліся. У памяшканьні тэатру спачатку жылі рускія жаўнеры. Яны насілі вострыя шапкі з зоркамі, а лыткі закручвалі анучамі, як сяляне ў час сенакосу. Гаворку “таварышчаў” Пётрык амаль не разумеў, хоць у ёй і траплялі знаёмыя словы. А яшчэ яны вельмі часта ўжывалі выразы, казаць якія мама строга забараніла, а што яны азначаюць не растлумачыла, толькі чамусьці пачырванела.
Ну і нічога, што сьпектакляў зараз няма. Жаўнеры летась пажылі крыху ў тэатры і перабраліся некуды, а там зараз так файна ў вайну гуляць! І ў школу хадзіць не трэба! Пётрык скончыў ужо тры класы. Ну яе, гэтую школу! Рвецца Пётрыкава сэрца на рэчку, а там сядзі за партай і не варухніся, а перапынкі такія кароткія, і так рэдка!
Добры ўлоў – гэта выдатна, але задавальненьне ад яго няпоўнае, калі ніхто не ўбачыць і не ацэніць.“Зараз завярну за кут, - думае Пётрык, - прайдуся да брамкі. Там заўсёды на лаўцы бабулі сядзяць. “Хар-ро-ошая рыба! – Скажа якая-небудзь. – Добры хлапец у Крыўды, ня вісус які, што па чужых садох шастае.” А дома мама: “Мой ты здабытчык! А якія вялікія! Як табе ўдаецца?!”
Калі папраўдзе, бывае, лазіць Пётрык цёплымі летнімі вечарамі па садох, у якіх ажно тонуць гарадскія ўскраіны, але цяпер у гэта неяк нават самому не верыцца. Каб хто спытаўся: “Латашыш чужыя яблыні?” – зусім шчыра адказаў бы, што не, не латашу.
Пётрык завярнуў за кут і скамянеў. Стала млосна і пакутліва захацелася па малой патрэбе. Насустрач два жаўнеры са стрэльбамі за плячыма вялі пад рукі тату. Яшчэ адзін, з рэвальверам у руцэ ішоў ззаду. Больш за ўсё Пётрыка ўразіла тое, што рукі таты закручаны назад, валасы раскудлачаны, а увесь твар запэцканы чорнай засохлай крывёю.
- Тата! – Не ведаючы навошта, Пётрык кінуўся ўперад, але дабегчы не пасьпеў. Той, што вёў зьлева вольнай рукой як шлагбаўмам спрытна перагарадзіў шлях. Балюча ткнуўшыся шыяй аб ягоны локаць – ногі прабеглі далей – з усяго маху грымнуўся ў вулічны пыл, выцяўся сьпіной і патыліцай аб зямлю, прыкусіў язык і раськідаў рыбу. Не памятаючы сябе ўскочыў і кінуўся на жаўнера – “Пусьці тату!”. Той злавіў Пётрыка за каўнер, затрашчэла тканіна. Пётрык крутануўся, учапіўся зубамі ў жаўнерскае перадплечча. Адчуў рэзкі пах нямытага цела і ў галаве ўспыхнула бліскаўка. Ачомаўся на траве пад плотам. Першае, што ўбачыў – заплаканы мамін твар. Як потым трапілі ў вёску, да бабулі зь дзядуляй, Пётрык не запамятаў.
* * *
Як трапіў у гэтае сутарэньне з падсьлепаватым газавым ліхтаром у канцы калідора, Сяргей Крыўда запамятаў цьмяна. Спачатку яго запхнулі ў памяшканьне без асьвятленьня. Пахла пылам. Сяргей абмацаў вакол сябе, памяшканьне нагадвала пенал, пастаўлены вертыкальна. Паміж супрацьлеглымі сьценамі было меней, чым расстаўленыя ўшыркі рукі. У галаве муцілася, ўсё цела балела, відаць яго доўга білі ўжо непрытомнага. Сяргей прысеў на кукішкі, абапёршыся сьпіной аб шурпатую сьцяну, і пагрузіўся ў нейкае здранцьвеньне – ні думак, ні адчуваньня часу.