Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Вось такія, дарагі Алесь, справы.
Усяго табе добрага. Чакаю чарговага ліста.
Прывітаньне жонцы, Вінцэсю Мудрову і г.д.
Твой аднадумца і паплечнік.
ЖЫВЕ МАСТАЦТВА!!!
5.01.1992
Гародня
Р.S. Хутка дашлю табе «Кола» і вокладку з малюнкамі да майго зборніка. Трэба толькі сустрэцца з Аўчыньнікавым.
* * *
У Наваполацак прыехалі радыёжурналіст Віталь Сямашка і музычны крытык Юры Цыбін рабіць матэрыял пра «Мясцовы час». За мной у інтэрнат заехалі Кузьмін і Парфёнаў і мы разам накіраваліся ў гатэль, дзе спыніліся журналісты, даваць інтэрвію. Адной з галоўных музычных падзеяў 1991 году журналісты назвалі выхад «мясцовачасаўскага» альбому «Наша ўскраіна». Гэтаму альбому і мусілі быць прысьвечаныя матэрыялы, якія яны меркавалі падрыхтаваць у Наваполацку. Праўда, я крыху скрытыкаваў альбом за моўную неахайнасьць. Некалькі разоў Кузьмін няслушна прасьпяваў канчаткі ў назоўніках множнага ліку. Але самым моц-ным праколам было тое, што ў песьні «Шлях дамоў» Кузьмін прасьпяваў замест словаў «рукі на стырне» невядома што — «рукі на стрыне» (магчыма ў надрукаваным тэксьце песьні была памылка). І калі я гэта пачуў у першы раз, дык ледзь не атрымаў сардэчны прыступ. Фула, відавочна, ня ведаў гэткае слова, інакш ніяк не патлумачыш пракол (калі б нават і была абдрукоўка ў тэксьце, дык Фула павінен быў яе выправіць). Пра гэта я і сказаў у мікрафон Сямашку. Запісаўшы ўсё на дыктафон, Сямашка пачаў мяне супакойваць:
— Будзем лічыць, што гэта полацкі дыялект. У Нямеччыне, напрыклад, ёсьць некалькі дыялектаў, і рок-каманды з той ці іншай мясцовасьці спяваюць звычайна на родных дыялектах. І часам гэта такая нямецкая мова, што яе ў іншай мясцовасьці амаль не разумеюць. Таму ня будзем тут моцна пераймацца. Тое, што альбом беларускамоўны, думаю, ніхто ня будзе аспрэчваць.
Я абсалютна ня ведаў нямецкай мовы. Таму і паверыў Сямашку.
Добры дзень!
Ты мяне, дарагі Алесь, парадаваў сваім лістом, нягледзячы на тое, што ад яго «цягне» рацыяналістычным халадком. А мой пэсымізм хвілёвы і пазытыўны ў нечым. І ўзьнікае ён часамі, але зусім не ад таго, што я, кажучы тваімі словамі, «зь вежы сваіх невялікіх гадоў» разьлічваю на бліжэйшыя вынікі. У творчасьці я не кіруюся нейкім разьлікам, бо ведаю (так як і ты), што гэта марны занятак. Ведаю таксама, у якіх варунках мы жывем і невядома колькі будзем так жыць... Але добра й тое, што літаратары трымаюць сувязь і яшчэ ўмудраюцца вершы пісаць.
Ці чытаў ты ў «ЛіМе» анкету, дзе розныя пісьменьнікі выказваюцца наконт становішча і будучыні бел. літ-ры? Вось яны і сапраўды глядзяць на ўсё зь вежы, толькі ня «зь вежы сваіх невялікіх гадоў», а наадварот, зь вежы вялікіх гадоў. Так што разуменьне сытуацыі не залежыць ад узросту. Праглядзі, калі будзеш мець ахвоту і час, і прааналізуй.
Гэта добра, што ў Наваполацку ствараецца новая газэта і ты будзеш працаваць там. Гэта нагода для аптымізму. Такім чынам, усё ж ствараецца нейкая супольнасьць выданьняў, якія будуць працаваць на агульную карысьць. Я вось таксама буду, відаць, падпісваць кантракт-дамову зь мясцовай тэлерадыёкампаніяй, дзе я заснаваў літвыпуск «Кантэкст». Акрамя ўсяго, абласная газэта «Маладзёжны кур’ер» прыхільна ставіцца да мяне, рэклямуе маю асобу. Так што бачыш, Алесь, пакуль ёсьць каналы. Ад «Кола» я ўжо адмовіўся, яшчэ ў той час, калі мы сустрэліся ў Наваполацку.
Бачыў я ў «Народнай газэце» здымак Цімохавых, чытаў нататку Валі Аксак. Малайцы! Алесь Аўчыньнікаў іх хваліў таксама, казаў, што яны добрыя мастакі.
Добра, што выйшаў набор паштовак з выявамі паэтаў «новае генэрацыі». Трэба ўзгадаць аб гэтым у «Кантэксьце». Гэта ж падзея ў літаратурным жыцьці рэспублікі! Вось і назьбіраўся матэрыял да радыёперадачы. Зараз напішу сцэнар, а ў панядзелак зробім запіс. Ты, дарагі Алесь, паведамляй мяне, калі ласка, аб культурным жыцьці вашых мясьцін. Помніш, ты абяцаў даслаць арыгінал здымку, які быў у газэце «Местное время». Здаецца ў інтэрвію, што Марцінкевіч браў у цябе. Гэты здымак мне надта падабаецца. А ўвогуле трэба ж займацца рэклямай, стварэньнем «опініі публічнай». У «Маладзёжным кур’еры» хочуць мець цэлую сэрыю (са здымкамі, зразумела) публікацыяў пра «новую генэрацыю». Я вырашыў заняцца гэтым асабіста. Зрэшты, пагаворым яшчэ, калі я прыеду да цябе зноў. Шмат аб чым трэба паразмаўляць. Трэба вось сэсію здаць і разьлічыцца з унівэрам. А там па студэнцкім білеце вазьму квіт і — да цябе. Напрыканцы студзеня — на пачатку лютага. Згодны?