Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:

Падзеі ў другім рамане Алеся Аркуша «Мясцовы час» адбываюцца на Полаччыне прыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў. Наваполацкае літаратурнае аб’яднаньне «Крыніцы», рок-гурт «Мясцовы час», Таварыства Вольных Літаратараў – знакавыя культурніцкія зьявы Полаччыны канца ХХ ст., зь якімі аўтар быў зьвязаны.
1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 43
Перейти на страницу:

На раніцу «мясцовачасаўцы» былі ўжо аднымі з галоўных зорак фэстывалю. На «Басовішчы» журы вызначала пераможцаў фэсту. «Мясцовы час» атрымаў прыз «Лепшы гурт».

* * *

Фэерычным сьвятам сталася для ўсіх прыхільнікаў беларушчыны абвяшчэньне незалежнасьці роднага краю. Якраз мы вярнуліся з «Басовішча». Стомленыя і акрыленыя адначасова. 25 жніўня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, якая была прынятая беларускім парлямэнтам 27 ліпеня 1990га года, быў нададзены статус канстытуцыйнага закону. Усё! Цяпер мы жывем незалежнай краіне Беларусь! Зьдзейсьнілася запаветная мара! Цяпер усё, што мы рабілі, набывае сэнс і пэрспэктыву.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Уладзімер Арлоў і яшчэ колькі сяброў БНФ у той дзень дамагліся, каб на даху Полацкага гаркаму камуністычнай партыі залунаў наш сьцяг. Воюшаўскі закадычны сябрук Васіль Храмцоў зьняў бэсэсэраўскі і павесіў бел-чырвона-белы.

Напярэдадні гэтай лёсаноснай падзеі Юра Гумянюк даслаў мне верш «Заўсёды насуперак», які затым быў уключаны ў ягоны першы зборнік «Водар цела».

Заўсёды насуперак. Так ці ня так?

Падманлівы сьмех праглынае мажлівасьць.

I ты чырванееш, як зморшчаны мак, і ты адмаўляеш хлусьню ды лісьлівасьць.

Заўсёды насуперак. Нонканфарміст, табе і мэдаль да тваёй марынаркі за тое, што пішаш няскончаны ліст, за тое, што ведаеш сэнс гаспадаркі.

Заўсёды насуперак. Гэтак было дагэтуль і будзе, напэўна, заўсёды.

— Ніякай палёгкі бліжэйшым часам нам ня будзе, — пэсымістычна напісаў у тым лісьце Юра. — А можа, гэтай палёгкі ня будзе ніколі.

* * *

Падзеі імкліва накочваліся адна за адной. Неўзабаве Полаччыну наведаў танцавальны калектыў з Нью-Ёрка «Васілёк». Канцэрт беларусаў з Амэрыкі адбыўся ў полацкім гарадзкім Палацы культуры. Пасьля прыезду «Васілька» ў беларускай тусоўцы папаўзла чутка, што Воюш закахаўся ў адну з удзельніц ансамблю — Ганну. Яна была зь сям’і славутых беларускіх эмігрантаў у ЗША Бартулёў.

Неяк Воюш патэлефанаваў і папрасіў зайсьці да яго. Павітаўшся, ён працягнуў паперку. На адмысловым блянку было нешта напісана па-ангельску.

— І што гэта? — спытаў я Воюша.

— Запрашэньне наведаць Амэрыку, — будзёна адказаў ён. — Мне патрэбна некалькі копій. Зрабі, калі ласка, на працы.

— Не праблема. А ты зьяжджаеш назаўжды? — спытаў я сябра.

У Воюша была сям’я — жонка Алена і сын Стась. І гэтая сытуацыя з Амэрыкай выглядала падазронай.

— Калі ёсьць такая мажлівасьць — трэба скарыстаць. Паглядзець сьвет, сябе паказаць, — Воюш засьмяяўся. — Ня ведаю, што будзе далей. Час пакажа.

Яшчэ зусім нядаўна, калі мы адзначалі выхад першай кнігі Воюша, Сяржук падпісаў нам з Тацянай зборнічак наступным чаным:

Партыйцы — прэч і

фічку дзядзьку Сэму.

Ці нам трымцець

пры гэтых баранах!

Калі такія людзі

ткуць паэмы,

прычым абодва ў розных

галінах!

Цяпер ён сабраўся ў госьці да дзядзькі Сэма. Ну што ж, шчасьлівай дарогі!

Гэтая страта была вельмі балючай для Полаччыны. Па вяртаньні ў Наваполацак Воюш скасаваў шлюб з Аленай і зьехаў у Прагу — працаваць на радыё «Свабода», пабраўшыся шлюбам з Ганнай Бартуль.

* * *

Мой тагачасны артыкул.

Дваццацігадовыя вэтэраны БР

Яшчэ ўчора пэсымісты адмаўлялі ў ягоным існаваньні. Маўляў, які там беларускі рок (БР). Сёньня ён непазьбежны. Існуе незалежная Рэспубліка Беларусь, павінен існаваць незалежны БР.

Пачынаецца новае нацыянальнае летазьлічэньне. Рок-музыкі з часін сацыялістычна-таталітарнае эпохі цяпер вэтэраны. Вэтэраны БР. Хлопцам з гурта «Мясцовы час» яшчэ няма 30.

«Мясцовы час» — гурт незвычайны. Удалечыні ад сталіцы, телерадыёкампаній, рэдакцый, галоўных эстрадных пляцовак, дзялкоў шоў-бізнэсу, карацей, удалечыні ад кухні, на якой гатуецца «зорная поліўка», гурт стаў зоркай. Праўда, самі музыкі ўпэўнены, што іх родны горад Полацак таксама сталіца, няхай сабе і без дзялкоў і кампаній. Усяму свой час. Ці не на Ўсяслава Брачыславіча надзея?!

1991 год быў вельмі плённы для «МЧ». Прынамсі, некаторыя музычныя крытыкі лічаць, што ён наогул быў годам «Мясцовага часу». Гурт запісвае альбом «Ускраіна». З аднайменнай песьняй перамагае ў паўгадавым фінале хіт-парада радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» і заваёўвае права ўдзельнічаць у чарговым канцэрце «Рок-музыкі сьвету — дзецям Чарнобыля». З посьпехам выступае на фэстывалі «Басовішча-91» у Польшчы. Гурту даручаюць падвесьці ганаровую рысу ў канцэрце «Беларускі рок вітае незалежную Беларусь», які ў прамым этэры трансьляваўся па тэлебачаньні з парку Янкі Купалы ў Менску. Год запар песьні «МЧ» з альбому «Ўскраіна» гучалі ў перадачах «Беларускай маладзёжнай» і «Свабоды». У мюнхенскім хіт-парадзе беларускай рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода» песьня «Я жыў» займае першае месца. Пагадзіцеся — досыць прыстойны гадавы наробак.

1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 43
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)