Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Мяне няўхільна, як нейкі магутны вір, уцягвала ў справы стварэньня рэгіянальнага літаратурнага працэсу. Ужо з другога нумару альманах «Ксэракс Беларускі» пачаў выходзіць у наваполацкай друкарні. Неўзабаве зь Вінцэсем Мудровым мы заснавалі выдавецкую суполку «Полацкае ляда» і акрамя альманаху пачалі выдаваць просьценькія, на колькі дазвалялі мясцовыя паліграфічныя варштаты, кніжачкі.
Рэальную падтрымку ў нашых справах мы знайшлі ў Гародні ў асобе Юры Гуменюка. Пачалі рыхтаваць да друку ягоны першы паэтычны зборнік. Юра доўга вагаўся з назвай для сваёй дэбютнай кнігі. Спачатку рукапіс называўся «Леапардавая скура», затым паэт зьмяніў яе на «Псыхадэлічнае мастацтва». Але мы з Мудровам скрытыкавалі такі назоў, які, хутчэй, падыходзіў да тэарэтычнай мастацтвазнаўчай кнігі. Юра празь нейкі час пагадзіўся з крытыкай і зьмяніў назву на «Водар цела», але ў дужках пад новай назвай усё роўна пакінуў ранейшае «Псыхадэлічнае мастацтва».
Гумянюк не сядзеў бяз справы і ў самой Гародні. Будучы студэнтам гарадзенскага ўнівэрсытэту, а ён вучыўся на паляністыцы, пачаў гуртаваць паэтычную моладзь роднага горада. На абласным радыё стварыў літаратурную праграму «Кантэкст», ва ўнівэрсытэцкай газэце рыхтаваў літаратурную старонку «Кола», зь сябрамі Юрасём Пацюпам і Андрэем Пяткевічам стварыў верш-гурт «Дыяген». Але неўзабаве адзін за адным узьніклі канфлікты, у тым ліку з кіраўніцтвам унівэрсытэту і зь мясцовым літаратурным асяродкам. Як сам любіў пазьней казаць Юра, яму пачалі падразаць крылы. І тады ён цалкам узяў арыенцір на Полацак. Тым больш, што ў нас зьявіліся агульныя пляны — і адносна самастойнай літаратурнай суполкі, і адносна ўласнага літаратурнага часопіса.
* * *
Прывітаньне!
Вось і сустракаемся мы ўжо ў Новым, 1992-м годзе, пад знакам чорнай малпы. У гэнай малпы вельмі жахлівы твар ды драпежныя паводзіны. Зрэшты, ня ў малпе справа. Гэта наш «цудоўны» ўрад зрабіў файны навагодні падарунак паспалітаму люду — новыя «рынкавыя» цэны. Ты, Алесь, жадаеш «здароўя — для змаганьня з рынкам-цмокам». Які там к чорту рынак! Гэта ня рынак — абшчак. Да сапраўднага рынку яшчэ тупаць ды тупаць. Спачатку трэба было вырашыць пытаньне аб прыватнай уласнасьці, а ўжо потым адкручваць цэны. Ня хочацца нават і гаварыць пра гэта. Крыўдна за ўсё. Баліць сэрца і душа. Бо палітычна-эканамічная сытуацыя душыць мастацтва, імкнецца пакрыжаваць нашыя агульныя пляны...
Ты жадаеш мне «першай кніжкі». Дзякуй. Але гэта залежыць у большай ступені ўжо ад цябе. І зноў жа — у якой атмасфэры адбудзецца выхад «Псыхадэлічнага мастацтва»? Зноў жа: б’е ў твар бессаромная рэчаіснасьць цэнамі, купонамі, пустымі паліцамі ў крамах і г.д. Я вось думаю: «Як людзі адрэагуюць на выхад маёй кніжыцы?» Вядома, каб яна выйшла 2 гады таму, яна б зрабіла фурор і магла б быць «касавай». У тыя часы посьпех маіх вершаў (як і ў мінулым годзе) быў відавочны. Думаю, што й зараз будзе тое самае, але зь іншым прысмакам. Я вось задумаўся над тым, як рабіць «раскрутку» ў такі складаны час. Сягоньня, прачытаўшы ў абласной газэце артыкул пра цэны на праезд у аўтобусах «міжгорад», жахнуўся. Ад Гародні да Менску білет каштуе 78 р.! Вось табе і зрабілі «гастролі» па рэспубліцы й раскрутку зборніка. Трэба яшчэ даведацца, колькі каштуе квіт да Полацку з Гародні. Баюся, што больш, чым да Менску. А сустракацца неабходна ўсё роўна, бо лісты й тэлефонныя размовы дапамагаюць толькі на 50%. Хаця й гэтыя сродкі камунікацыі файныя.
Вось такія, Алесь, справы. «ЖЫВЕ МАСТАЦТВА!!!» — адпаведны лёзунг. А як жыць тым, хто стварае мастацтва? Як жыць, каб ствараць яго на адпаведным узроўні? Як ладзіць, у рэшце рэшт, агульную справу: новыя выданьні, «гастролі», прэзэнтацыі, інаўгурацыі і г.д.? Узьнікае шмат пытаньняў. Тутака абяцаюць даць стыпэндыю каля 500 р. Калі так — то добра. Тады змагу даехаць да Полацка, каб спаткацца з табой...
29.12.1991 — выйшаў чарговы нумар «Кола», які складаў спадар Мікуліч. Большасьць аўтараў мне зусім нічога не гаворыць. Абсалютна новыя людзі. Даслаць табе для «аналізу» не магу, сам толькі атрымаў ад Мікуліча адзін экз. Шыльду яны намалявалі іншую, але назоў захавалі разам з выявай Купалы. Больш няма чаго сказаць аб выпуску.
Думаў я над артыкулам і ўвогуле тэмамі да зборніка-маніхвэста. Мне падаецца, што ты бярэш сабе даволі шырокую тэму: «Мастацтва ў часы агоніі». Назоў трэба зьмяніць ды канкрэтызаваць: «Літаратура часоў агоніі Савецкай Беларусі», альбо нешта накшталт гэтага. Пацюпа казаў, што ўвогуле ня трэба нейкага разьмеркаваньня тэм, бо гэта нагадвае метады працы ў нашым «славутым» Інстытуце літаратуры АН Беларусі. Я яму растлумачыў, што гэта ня так, аўтар вольны выбраць сабе адпаведную тэму. Я, відаць, буду пісаць аб паталягічных зьявах савецкай сьвядомасьці ў паэтаў-аксакалаў (Панчанка, Русецкі, Грахоўскі і К). Тэма «Сацрэалізм і мэтафізычны гомасэксуалізм». За Андрэя Пяткевіча я нічога не магу казаць, бо ён асоба «няроўная» ды апошнім часам зьнік. Відаць, зноў пайшоў у «падпольле».