Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Куды гэта? Па якім адрасе.?
Яны назвалі мне адрас, нават растлумачылі, дзе гэта…
– У які кабінет?
– Мы вас сами встретим на входе.
– Лыжку з сабой прыхапіць?
– Не надо. Арестовывать вас никто не будет. Будет просто разговор. Просто необходимо уточнить кое-какие детали.
– Дэталі – чаго? Удакладніце тут – і я скажу ўсё, што ведаю.
– Всё вы очень хорошо знаете.
– Усё ведае толькі дурань. Мудрэц жа – сумняваецца.
– Вы же не дурак и не мудрец.
– А хто ж тады я?
– Это, спадар Климович, вам лучше знать. Честь имеем. Бога ради простите, что в такой поздний час наведались к вам. Извините…
Ні слова больш ні кажучы, яны развярнуліся і пайшлі ад мяне. Я яшчэ чуў, як яны амаль нячутна тэпалі па прыступках, як спусціліся на першы паверх, як ляснулі дзвярыма – былі на спружыне.
Слаба піснулі ўнутраныя дзверы суседа-ветэрана. Падслухоўваў нашую размову? Мо ён і навёў іх на мяне… Мо і настрачыў, каб разабраліся са мною, каб правучылі мяне, каб не псаваў яму нервы сваім суседствам…
“Што ж ім ад мяне трэба? – без трывогі запытаўся ў самога сябе, адмыкаючы свае дзверы. – Чаго зацікавіла іх мая асоба?”
Тое, што ўбачыў ў кватэры, мяне здзівіла – усё было перавернута дагары нагамі. Раскіданы ложак, усе кнігі вынятыя з паліц і раскіданы па падлозе…
“Што ж яны шукалі ў мяне? Ксеракс, кампутар – як раней сышчыкі шукалі ў мяне друкарскі станок? Пракламацыі і заклікі супраць дыктатуры? Дык я ж гэтым ніколі і не займаўся. Усе мае думкі і разважанні выкладзены ў радках, што надрукаваны ў апазіцыйных газетах. Дзяржаўная мяне не друкавала – вяртала, спасылаючыся на «неабгрунтаванасць пазіцыі ў артыкулах”…
Тут жа апякла думка пра далькажык – ці цэлы хаця?
Кінуўся на антрэсоліну. І там усё было перавернута, але калі засунуў руку за прамасленыя майкі і анучкі, то з радасцю намацаў запаветны карабочак… Не ўзялі, не знайшлі.
Але на душы было пагана, як быцццам не ў жытло да мяне залезлі, а ў душу, і там справілі свае патрэбы. Заўтра дваццаць першае стагоддзе, а сышчыкі дзейнічаюць так, як і перад бальшавіцкім пераваротам. Чаму ж не прыйсці як людзі, пагаварыць, распытаць што да чаго, дык не…
Калі добра будзе? Скарочана – кдб… А калі добра будзе, то і на які ляд тое кдб? Ім жа пастаянна трэба ворагі. Прыдумваюць іх, а потым
і шукаюць. А калі іх не будзе ў сябе – пераловяць і перасадзяць усіх, то яны будуць на Захадзе, – іх, ворагаў, вакол ого-го колькі!
Даўно званіў Саяму. А дзе Мухіко носіцца – яшчэ ў сталіцы? Захапілася шпіёнскай працай? А як зловяць? Яшчэ завярбуюць, пераманяць на свой бок, прапануюць пасаду галоўнага сышчыка.
“І памыляешся, і памыляешся, спадар Антон, – не вытрымала, падала голас муха, не стрымала абразы ў свой бок. – І як ты пра такое можаш падумаць”
“Ды жартую…”
“Нічога сабе жарцікі… Памерці можна ад смеху. Ад такіх жарцікаў сапраўды мухі дохнуць”.
“Калі з”явілася?”
“Разам з табою і з”явілася. У адным вагоне і ехалі. Месца толькі я выбрала каля плафона – там цё-ооопле-еенька…”
“І не падавала голасу?”
“Навошта? У цябе і без мяне хапала ўсяго… І ў сталіцы хапіла па самую завязачку…”
“Хапіла… Нічога, вытрываю… Ты бачыш, што яны ўтварылі ў кватэры?”
“Ды бачу… Ну што тут скажаш – каменнае стагоддзе. Ды ладна, як той казаў. Кладзіся спаць. Пераначуем – болей пачуем! Ды і мне таксама працы хапіла. Ох і сюжэтаў я надыбала! Дзіву толькі даюся – дзе я толькі ні пабывала! У кабінетах самых высокіх начальнікаў – засакрэчаных і не, даведалася пра іх тайны і планы, што аж крылы ад жаху выварочваюцца.. Але – усё, усё… Спаць, спаць, спаць…”
Я ўжо не рэагаваў на яе словы – стома авалодала мною.
Але заснуў не адразу. Доўга круціўся з боку на бок, перад вачыма памяці ўзнікалі падзеі апошніх дзён, праведзеных у Менску… Праціналі дрыжыкі ад жудасных успамінаў.
У баку боль яшчэ не аціхаў – пастаянна напамінаў пра сябе. Трэба было б наведацца ў паліклініку, паказацца доктару, – даўно клікала ўчастковая доктарка, каб прыйшоў, каб забраў накіраванне ў галандска-беларускі цэнтр – не падабалася ёй мая шчытападобная залоза. Яна ў мяне павялічвалася, стала другой ступені, але што будзе пасля, я не ведаў…
“Спаць, спаць, спа-аааць… – дасылала словы калыханкі Мухіко, старалася, каб я ўсё лядайкае выкінуў з галавы… – Спі, Антон, спі…”
5.
А ранічкай…