Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Сярод нас сядзела і жанчына сталага веку, недаўменна пыталася ва ўсіх:
– Людцы добрыя, а за што ж мяне, га? Ішла сабе нікога не чапала, спытала толькі ў міліцыянера ці харчовая крама яшчэ працуе, – а за гэта атрымала дубінкай па галаве. За што, га?
– Вось за тое і схапілі, што пра краму спыталі. Каб вы спыталі: “Скажите, пожалуйста, работает ли гастрономический магазин?”, – тады да вас аднесліся б інакш…
– А хіба за гэта содзяць – што я беларуска? – шчыра падзівілася наша калега па няшчасцю. – Наш жа прэзідзент казаў, што ён любіць прастой народ, Беларусь і мову…
– Правільна – любіць. Вось такой менавіта любоўю.
– А-ааа… Во яно што. Уцяміла. А то дурная баба байкам і паверыла.
Тое я чуў, як скрозь сон. Я не сядзеў, я ляжаў. Адно вока заплыло пухлінай, а другое не мог чамусьці раскрыць. Вясёлая сабралася кампанія, усе смяяліся з таго, што з намі адбывалася – сапраўды яно збоку выглядала смешна. І – абсурдна.
Нас укінулі зноў у такую ж камеру (ці не ў тую самую, што сядзеў да гэтага?), і праз колькі хвілінаў выклікалі на допыт.
Ісці я не мог – балела ў баку (мусіць пераламалі рэбры) і балела галава – ванітавала мяне дужа. Мо яшчэ і адбілі мазгі ў дадатак… У памяшканне, дзе вёўся допыт, мяне занеслі на руках. Калі ж пасадзілі на крэсла, мяне званітавала – і я рыгануў прама на падлогу…
– Он еще и водки нализался! – зароў нада мною міліцыянт, і зноў дубінка прайшлася па галаве.
Я ўпаў у свае ж ваніты, і нічога больш не памятаў – што было ў той момант, і што было пасля.
Знайшлі ўчарашнюю “Справу”, што завялі на мяне. Калі я ачуўся і няўцямна паглядаў на іх, дапісалі яшчэ, што быў на мітынгу, выступаў, патрабаваў скінуць з пасады прэзідэнта ўзброеным шляхам, што мне заплацілі за ўдзел сто даляраў…
Я кісла ўсміхнуўся: “Я, канечне ж, не адмовіўся б, каб яно так было і сапраўды…”
“Надта ж яны любяць цябе, Антон сан, – скрушна выказала сваё меркаванне Мухіко, – як д”ябал ладан…”
“І не кажы…”
Яна некуды зноў знікла, і я не паспеў папрасіць яе выканаць маленькую просьбу.
У мяне з роту пайшла кроў, і нейкая жанчына загрукала ў дзверы:
– Доктара! Паклічце доктара – чалавек памірае!
З-за дзвярэй данеслася пагрозліва-пасмешлівае, здзеклівае:
– Не умрёт… А сдохнет, так и святым сразу же станет, как Кастусь Калиновский или Ефросинья Полоцкая… Гы-гы-гы… – міліцыянт вельмі радаваўся, што адказаў з вялікім гумарам.
Нада мною нехта схіліўся, а хто, не мог угледзець у цемры, толькі падалося, што вельмі знаёмым быў шэпт і ўздых. Рукі былі жаночыя – мяккія і гаючыя. На твар мне паклала незнаёмка мокры ручнік (дзе ўзяла, дзе намачыла?), выцерла крывавы твар і не здымала мокрую халодную тканіну з вачэй.
– Ты – хто?
– Маўчы…
– З намі пасадзілі?
– Ага…
Голас быў да болю знаёмы, блізкі і жаданы, але я баяўся назваць імя, каб не выглядаць смешным дурнем, каб не паказацца саманадзейным ёлупнем.
– Усіх не перасадзяць…
– Маўчы… Нельга… У цябе пашкоджаны бок.
– Я сёння ж выберуся адсюль. Шкада толькі тых, хто застанецца тут… Не змагу ім памагчы.
– Маўчы. Цябе ніхто не асудзіць, не папракне .
Потым на вочы насунулася шэрань і я перастаў чуць, што тварылася навокал. Наваколле знікла. Пэўна, я заснуў…
Сніўся мне Саяма, а разам з ім і бібліятэкарка Таццяна, і кватарантка Мухіко. І мы ўсе разам гулялі па беразе акіяна – размаўлялі, смяяліся, дурэлі. І было нам весела, быццам усё жыццё ў нас існавала такая вясёлая кампанія. Я нават у сне я лавіў сябе на тым, што мне ўвесь час хацелася пазваніць Яніне, але ў тым я не мог прызнацца чамусьці Таццяне – як усё роўна вінаваціўся перад ёю, ад чаго разрываўся на дзве палавіны – адна належала Таццяне, а другая ёй – Яніне… І калі пакласці на шалі, то ні грама, ні паўграма ніхто не перавешваў…
– Климовича – к начальнику! – выгукнуў маё прозвішча вартавы, што стаяў каля дзвярэй.
Я не рухаўся – не мог пашавяліцца. Яшчэ больш балеў правы бок, кружылася галава, ванітавала..
– Кому сказана – да начальника! – павышаў голас міліцыянт, нервуючыся, што яго не паслухаліся з першага разу. – Срочна!
– Дык ён жа рухацца не можа – вы ж збілі яго на горкі яблык! – абурылася, не вытрымала жанчына.
“Мо яна і рабіла мне прымочкі, а прымроілася немаведама што, – падумаў я, але распытваць у яе не стаў, не асмеліўся, – так можна і зглузду з”ехаць…”
– Так что – может самому начальнику к тебе придти, а? – яхіднічаў ужо міліцыянт, паказваючы сваю перавагу, сваю ўладу.
– Вось няхай начальнік і ідзе да нас… – пагадзілася жанчына з прапановай вартавога. – Хацелі б яму ў вочы паглядзець, вызначыць, адкуль ён родам, хто ў яго тата і мама…