Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Ты мне поговори, поговори! – выкрыкваў, а як быццам гаўкаў злосны сабака, міліцыянт. – Тагда чтобы на меня не жалавались…
– Не чапляйцеся вы да яго, – ціха папрасіў я жанчыну. – Ён ні ў чым не вінаваты. То грошы і ўлада над іншымі засланілі яму розум… Ён і сам не ведае, што творыць…
– Ты як праведнік кажаш.
– Усе мы з вамі праведнікі, таму і за кратамі.
Я прыўзняўся з халоднай і слізкай падлогі.
Па-ранейшаму ванітавала. Хістаючыся, трымаючыся рукой за бок, выйшаў у расчыненыя дзверы.
Крокі мне даваліся цяжка, – боль пранізваў бок і страляў у скроні.
На першае пытанне – як маё прозвішча – я не адказаў: упаў з рыпучага крэсла.
Мяне аблілі халоднай вадой і зноў пасадзілі.
– Так какая у вас фамилия? Климович, кажется… Так, так… Ну, расскажите, как вы дакатились до такой жизни… Президента свергнуть задумали?..
Я маўчаў. Адчуваў, як зноў перад вачыма пачало хістацца наваколле, уцякала з-пад ног падлога…Назад мяне пацягнулі пад пашкі – ногі чырылі падлогу. Калі прыйшла да мяне свядомасць, сукамернікі спыталі:
– Ну, што там, адпусцілі?
– Не… Сказалі, што буду я сядзець да “выяснення абстаяцельств”, пакуль справу не аддадуць у суд.
– І колькі яны будуць выясняць?
– Пра тое не паведамілі…
Калі ўлегліся на ноч спаць – дзе хто прымасціўся, і, дачакаўшыся, калі стала ціха ў камеры, насунуў я на ногі Саямавы дзоры.
Праз колькі хвілінаў пакінуў КПЗ – камеру папярэдняга зняволення. Ішоў па галоўнай вуліцы сталіцы, па праспекце першадрукара і ніхто мяне не бачыў – не хацелася пакуль здымаць дзоры.
Ішоў і маліўся шчыра Усявышняму і Усемагутнаму, верачы, што з яго дапамогай наступіць лад у нашым княстве:
– А я, дзеля вялікай ласкі Тваёй, увайду ў дом Твой, пакланюся святыні Тваёй богабаязна. Госпадзе! Вядзі мяне ў справядлівасці Сваёй на недругаў маіх; выпрастай перада мною дарогу Тваю. Бо няма вернасці у вуснах іхных, сэрца іхняе – ліха, горла іхняе – адкрытая магіла, язык іхны – ліслівы…
Запознены аўтобус з трыма пасажырамі пранёсся паўз мяне, абдаўшы едкім дымком.
– Абвінаваць іх, Божа! Няхай загінуць ад задумаў сваіх жа; за ліхадзействы вялікія адкінь іх, бо яны збунтаваліся супроць Цябе. А ўсе, хто на Цябе спадзяецца, будуць цешыцца вечна; і Ты будзеш бараніць іх; і будуць хваліцца тыя, хто любіць імя Тваё. Бо ты, Госпадзе, дабраславіш справядлівых, і, як шчытом, засланяеш іх зычлівасці…Сышлі некуды на захад аблокі, і на чыстым небе высыпалі буйныя спелыя зоркі.
Поўня цікаўна аглядвала наваколле.
Дзе ў гэты час была Мухіко, я не ведаў, і не клікаў яе – значыць, працуе, значыць, рупіцца. Мы адшукаем адно аднаго, калі будзе ў тым патрэба, не згубімся ў гэтым сусвеце. Адлежваўся ў сябра некалькі сутак і, адчуўшы, што збольшага агойтаўся, рашыў вяртацца дадому.
4.
Прыехаў у Гомель сярод ночы – кіеўскім.
На пляцоўцы чакала двое незнаёмых – рукі ў кішэнях, вусны сціснутыя, словы цэдзяць скрозь зубы.
– Вы – Климович?
– З кім маю гонар гаварыць?
– Мы из органов.
– З органаў – жаночых? – наліўся я абурэннем – і тут ад іх паратунку няма, нідзе не схавацца.
Маю заўвагу прапусцілі міма вушэй. Адзін з іх – прычоска вожыкам – разгарнуў пасведчанне і падсунуў мне пад нос. “Камітэт дзяржаўнай бяспекі… Акліманаў…” паспеў мельгам прачытаць некалькі слоў.
– Чым абавязаны наведванню такіх высокіх і глыбокапаважаных нашым народам гасцей?
– Может пройдем в квартиру?
– У мяне непрыбрана, рэзрух, і я не хацеў бы выглядаць у вашых вачах неахайным.
– Ничего страшного, мы и не заметим ничего, – найстойвалі спакойна госці.
– І ўсё-ткі я не хацеў бы запрашаць вас да сябе. Не магу нічым пачаставаць час – ні кавы ў хаце, ні гарэлкі. Так што выбачайце.
Ім, канечне ж, не спадабалася мая настойлівасць.
Кэдэбісты пераглянуліся, як пыталіся адзін у аднаго, што трэба рабіць у такім выпадку. Не зразумеў, якое яны прынялі рашэнне, але тон размовы збавілі на больш лагодны, нават і заўсміхаліся.
– Калі я дзяржаўны злачынца, і вы маеце ордэр на арышт, то можаце прама цяпер закаваць мяне ў кайданы, – прамовіў я, гледзячы на іх, – калі ж нешта іншае… Я не разумею, чаму я спатрэбіўся вашым палавым органам…
Яны зноў пераглянуліся.
– Мы не имеем права говорить вам об этом, – пачаў тлумачыць адзін з іх – вышэйшы ростам, у паласатай куртцы, з даўгімі валасамі (працаваў пад рабочага Гомсельмаша?), – но мы хотели бы, чтобы вы завтра явились к нам в шестнадцать ноль-ноль…