Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Змахнуўшы даланёю пылоту (была такая прывычка ў мяне: перад тым, як сесці пасля каго-небудзь на сядзенне, адпрэчыць рэшткі чужой энергіі), усеўся на лаўку.
– Ну, прывітанне, лаўка! Чакала мяне?
У нейкае імгненне мне нават падалося, што цяпер прыўзняўся над скамейкай, нават завіс над ёю… Але толькі тое падалося, бо мне так хацелася. Лаўка выслізнула з-пад мяне, перасунулася ў іншы бок… Яна як быццам гуляла са мной у хованкі.
Але гуляць у нейкія гульні мне ў той дзень чамусьці не хацелася.
І я пакінуў яе. Не аглядваючыся, пабрыў дадому, нават забыўшыся, чаго прыходзіў да яе.
Але атрымлівалася яно так (стала ўжо традыцыяй), што стараўся хаця б раз у месяц прыйсці ў парк. Сядаў, моўчкі апавядаў лаўцы пра свае няўдачы і сумненні, прасіў параду. Ніколі ні з кім не дзяліўся, ні ў кога не прасіў дапамогі, а тут… Лаўка аблегчвала маё жыццё, аберагала ад душэўных перагрузак і залішніх эмоцый, але поўнасцю пазбавіць мяне ад журбы і неўладкаванасці, мусіць, не магла.
Часам мне здавалася, што знаходжуся на мяжы вар’яцтва.
Нябачны мой супраціўнік, ці як яго яшчэ дакладней абазваць, – вораг мой, – не толькі не адчэпліваўся ад мяне, а гнаўся за мною, быццам велізарны павук, які ўчапіўся ў сваю ахвяру і не адпускае…
Я прачынаўся, выціраў рушніком з твару і шыі ліпкі пот, зноў засынаў, – тады ж адразу чуў, як гучэлі папрокі і нехта падымаў на мяне крывы меч. Недаўменне і незразумеласць сатрасалі маю душу, выматвалі да знямогі. Адчай і страх раслі, ператвараючыся ў нейкую пачвару, якую нельга ні забіць, ні знішчыць. І тады, калі тая пачвара пачынала ўжо душыць мяне за горла, я, не вытрымаўшы, крычаў з усяе сілы да той пары, пакуль мяне не піхала пад бок Ліка…
Тады ўжо да самай раніцы не мог сплюшчыць вочы.
Праводзілі ўвесну мастакі нашай вобласці справаздачны сход – выбіралі новага старшыню. Нават (нечакана для мяне) нехта вылучыў і маю кандыдатуру. І я шчыра чамусьці адразу паверыў у тое, што калі мяне (а раптам?) выберуць, то буду, канечне ж, харошым кіраўніком, – памагу маладым мастакам, арганізую іх выстаўкі, – адным словам, для ўсіх стану патрэбным і неабходным чалавекам... Сам з сябе здзіўляўся, чаму мне раптам захацелася пакіраваць...
Але выйшла, на жаль, так, як і павінна было... Не выбралі. Іншаму чалавеку (а хіба яно магло здарыцца інакш?) дасталіся галасы – Антону Отчыку...
Ці перажываў я? Ну, не без гэтага... Але ж і не так, каб яно запала ў душу, ат, камарыны ўкус... Відаць, той, хто выгукнуў маё імя, рашыў паздзекавацца нада мною. Але хто назваў маё імя, не ведаў ні я, ні самі мастакі: нехта крыкнуў з-за маёй спіны, мо які яшчэ і чужы...
Мяне тады як які д’ябал штурхаў пад бок, нашэптваў: “Ты ж таленавіты, ты ж усё можаш. І грыз мяне той нябачны з’едлівы голас, прыходзіў у мае сны, рагатаў, здзекваўся...
А аднойчы сустрэў на вуліцы чалавек у шэрым капелюшы, і пацікавіўся з пад’южваннем у голасе:
– Скажыце, калі ласка, мілейшы, праўда, балюча робіцца на душы, калі лаўры першынства дастаюцца іншаму? Ці не так, га? Хіба ж Отчык лепш за вас малюе?
Не паспеў яму нешта адказаць, як ён знік.
Так, праблемы накатваліся і накатваліся. Тое ўсё нагадвала снежны камяк, які каціўся з гары, робячыся большым і большым – вышэй хрушчоўскіх пяціпавярховак...
Заблытаўся, калі ўжо на тое, ў мярэжах рэальнага свету, і ўжо не меў аніякай магчымасці вырвацца, выблытацца. Нікога і не абвінавачваў у тым, – сам сабе падрыхтаваў такі лёс... Думаў не раз: а ці ёсць на зямлі людзі, якія жывуць без праблемаў? І калі ўсё ж такія былі, то, цікава, як ім удаецца не папасціся ў тыя мярэжы, і хто памагае ім вырвацца з палону няўдач і духоўнай пустэчы?
Два сюжэты не давалі мне спакою.
Хацелася напісаць пра двух чалавек – пра Паўла і натуршчыцу Жанету. Не партрэты іх намаляваць, а расказаць пра іх на паперы...
Чаго нарадзілася такое жаданне? Сам не ведаю. Я прыдумаў іх нечакана. Тое адбылося, мусіць, таму, што пастаянна побач са мною знаходзіліся гліняныя Ён і Яна. Калі б мой сябра Мікола Пушкар не даў ім свае імёны, то я назваў бы іх Паўлам і Жанетай... Стоячы ля мальберта, водзячы пэндзлем па загрунтаваным бялюткім палатне, каб забыцца пра ўсё, хоць на час, пра свае праблемы, прыдумваў пра іх розныя неверагодныя гісторыі. Чамусьці тое рабіць мне падабалася ўсё больш і больш. З цягам часу мне пачало здавацца, што я чуў нават іх галасы: яны перамаўляліся між сабою, а то і звярталіся да мяне...