Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Да сустрэчы, Антон. Дзякую, што завітаў. Цяпер мне будзе лягчэй жыць, падзяліўшыся з табой сваёй тайнай.
– А я ўдзячны вам, што не забыліся пра мяне, Міхась Пятровіч.
Ён схіліў у паклоне галаву, прамовіў:
– Папка заўсёды будзе цябе чакаць у маёй хаціне, калі мяне і не будзе на месцы. Смела пачувайся ў маім жытле. Праз шмат гадоў мы зноў з табой сустрэнемся. Упэўнены, прыдзе пара, калі ты захочаш дакрануцца да тайнаў Вялікага Розуму. Будучае – не за гарамі. Што было, тое і будзе!
Хурс моцна паціснуў мне руку, паглядзеў у вочы, кіўнуў, як бы гаворачы на развітанне: “Жыві і думай, аглядвайся, калі ідзеш наперад, падвяргай усё сумненню, не вер кожнаму слову, што пачуеш, не кожнае слова праўдзівае, і не ўсё, што блішчыць і зіхаціць – абавязкова золата…”
Я павесіў на плячо вочапку кашаля, закінуў яго за спіну – важылі грыбы як не пуд, а мо і болей. Пайшоў па сцяжынцы, падняўся на ўзгорак.
Узышоўшы на выспачку, азірнуўся: каля дуба, дзе мы толькі што стаялі, Хурса не было.
Праз нейкі час падыходзіў ужо да агародаў бабулі Настазі…
Частка першая
Заказ
Мне чамусьці увесь час хацелася спаць.
Пастаянна хіліла ў сон, нават калі і ішоў, не кажучы ўжо пра тое, калі прысядаў на лаўку, мяне зморвала стома. Мог прылегчы на хвілінку, а праспаць цэлы дзень. Нават і ў сне не знікала жаданне прыхінуць галаву да падушкі. Не ведаў, як пазбавіцца ад гэтага дурману.
Жонка, бачачы штодзённа маю санлівасць, параіла:
– Схадзіў бы ты, Антоне, у паліклініку ці да знаёмага доктара Мірановіча, у якога ляжаў у аддзяленні пазалетась.
Ківаў згодна галавой, але з дня на дзень адкладваў візіт да прадстаўніка Гіпакрата, бо не адчуваў сябе хворым: жаданне выспацца – хіба ж гэта хвароба?
…У спальню зазірнула, узняўшыся над верашалінамі сасновага лесу, ружовашчокае, яшчэ соннае сонца. Промні, крануўшыся майго твару, разбудзілі мяне і напомнілі, што ў вокны пастукалася раніца. Прыслухаўшыся да свайго стану, радасна адзначыў – адчуваю сябе бадзёра і настрой аптымістычны, таму грэх залежвацца ў ложку. Тут жа ўспомнілася, як мая бабуля гаварыла ў такім разе: “Унучак, хто рана ўстае, таму Бог дае…”
Калі ўстаў з ложка, Ліка, не адрываючы галаву ад падушкі і не расплюшчваючы вачэй, сонна пацікавілася:
– Больш класціся не будзеш?
– Не. Хачу ў лес адправіцца – на эцюды… Дзень сёння выдатны. Падыхаю свежым паветрам, цішыню паслухаю…
– Бутэрброды з сабой вазьмі. У халадзільніку.
– Добра. Спі. Яшчэ рана ўставаць… На сёмую гадзіну толькі перайшло.
Яна нічога не адказала, заснула раней, чым я паспеў што-небудзь прамовіць.
Выпіўшы моцнай кавы – усыпаў у кубачак тры ці чатыры лыжачкі, – пачаў адразу збірацца ў дарогу. На выпадак дажджу накінуў на плечы брызентавую куртку з капюшонам. Потым узяў складны мальберт з падрамнікам, які заўсёды стаяў напагатове ў шафе і, нячутна прачыніўшы за сабою дзверы, выйшаў на пляцоўку паверха.
Спускаўся ўніз ціха, бо самому не раз, калі хто грукацеў абцасамі ботаў ці туфляў, спускаючыся ці ідучы наверх, абавязкова разбіваў сон.
Выйшаўшы на вуліцу, заспяшаўся да тралейбуснага прыпынку. Праз якой паўгадзіны быў ужо на ўскрайку горада. Адна са сцяжынак легла мне на сэрца, – падаўся па ёй, не ведаючы, дзе спынюся.
Дарогу перагарадзіла паваленая, мусіць, буранам, бяроза. Адразу адзначыў, – можа служыць мне і сталом, і сядзеннем, – таму і рашыў спыніцца каля яе. Паставіў мальберт на трынозе, замацаваў закруткі. А на берасцяным ствале расклаў цюбікі з фарбамі – блакітную, жоўтую і зялёную.
Агледзеўся наўкола. Майму позірку адкрыўся незвычайны пейзаж – у бярозавы гай мкнулася вузкая сцяжынка, растварался ў блакітным мроіве, знікала ў залатым кіліме лістоты, што асунулася за ноч.
Пейзаж зачараваў мяне з першай хвіліны.
Пераклікаліся ў густым кустоўі птушкі, таямніча ўздыхалі сваімі вершалінамі сосны ды бярозы. Доўга не любаваўся гэтым відовішчам, клікала праца. Узяўшы пэндзаль, пачаў змешваць фарбы на палітры…
Спачатку пачаў накладваць патрэбны тон, адценні, каб звязаць потым усе колеры ў адну агульную мелодыю і сэнс. Зноў і зноў змешваў-перамешваў, выціснуўшы з цюбіка новыя колеры, дадаваў да папярэдніх. І прыйшла першая радасць, калі ўбачыў, што нешта “наклёўвалася”, нешта атрымлівалася…