Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
З вялікай цяжкасцю дабрыў да свайго пад’езда. Падняўшыся на свой паверх, націснуў кнопку электрычнага званка.
Адразу ж пачуў, як да дзвярэй падышла Ліка.
– Хто там?
– Сусед па ложку, – пажартаваў весела, – адчыняй…
…Раскашоўваўся ціхі жоўты асенні дзень.
Пяшчотаю і патаемным дыханнем клікала да сябе бабіна лета.
А перад гэтым на горад абрынуліся зацяжныя і нудныя дажджы – не спыняліся некалькі сутак.
Яны напачатку навялі на жыццё людзей сум і журботу, а потым памянялі нудоту на светлую радасць: дажджы вымылі горад, як канюшні Аўгія, – і ён ачысціўся ад бруду і гразі, вызваліўся ад пылоты і духаты, а порсткі вецер, што прарваўся напорыста з боку Сожа, павыдзьмуваў застаялыя пахі...
Тое, чаго не маглі зрабіць камунальныя службы, зрабіў, задарма і з ахвотаю, дождж. Ён прыглушыў, хаця ж і часова, бензінавую смярдзючую задуху, вымыў да бляску бляшаныя дахі дамоў, ачысціў вуліцы і тратуары, – засвяціўся ўвесь, як малады жаніх перад вяселлем...
Калі дождж перастаў, – мусіць, стаміўся, і прылёг адпачыць, – пасля доўгага сядзення за сталом і стаяння каля мальберта, паслухаўся поклічу восені і адправіўся з ёю на спатканне. Мне хацелася пастаяць ля Сажа, падыхаць ачышчаным волглым паветрам.
Удосталь надыхаўшыся, вырашыў пасядзець на адной з лавак, якія стаялі абапал асфальтаваных дарожак. Выбраў крайнюю, што бліжэй да берага, знаходзілася пад высокай ліпай. Шчык ліпы абрэзалі зімой, на ёй не паспелі выскачыць маладыя парасткі, – і яна куртата глядзела на наваколле, бы інвалід.
Пад ёй пачувалася ціха і спакойна.
Стома сядзела ўва мне, пакалвала ў патыліцу, ныла спіна, быццам перад гэтым насіў мяшкі з пяском ці бярвенні. Яшчэ б – чатыры дні не выбіраўся на паветра. Напачатку прыкаваў нябачнымі ланцугамі сябе да стала, а потым колам прастаяў каля мальберта, – стараўся закончыць распачатае... Перапыняўся, але на вуліцу не выходзіў. У сувязі з гэтым ўспамінаецца выраз-прызнанне майго старога сябрука Янкі Кірэйчыка, які казаў мне: “Вось бы, Антоне, маю галаву ды далучыць да твайго азадка, – які геніяльны творца атрымаўся б з нас!..” Ён меў на ўвазе час, калі я кідаў пэндзлі і прыкоўваў сябе нябачнымі ланцугамі да стала, каб за доўгія гадзіны спатоліць літаратурны сверб... Дапамагаў мне пісаць хурсаўскі чароўны аловак – лёгка і хутка клаліся радкі.
Пра сваё “свавольства” (крэмзанне на паперы) нікому не прызнаваўся. Бо не меў упэўненасці, што ўзяўся за сваё. Так што, як кажуць у такіх выпадках, пісаў “у стол”. А час, думаў, пакажа, што да чаго...
Паглыбіўшыся ў сябе, безуважна сядзеў на лаўцы ў гомельскім парку. Парку імя Луначарскага. Толькі даўмецца не мог, чаму такое далі імя – сядзеў тут некалі, адпачываў? Думкі мае не пэўныя, разбэрсаныя, параскіданыя, як гарох па падлозе...
Прасядзеўшы з паўгадзіны на лаўцы, адчуў, што з мяне пачала выцякаць стома. Пакрысе праяснялася галава, перасталі цвікі калоць патыліцу, ды і спіна не напамінала пра сябе... Напачатку думаў, што свежае надсожскае паветра і цішыня так падлячылі мяне... Знік і гнятлівы настрой, перастаў турбаваць незразумелы душэўны цяжар.
Помніцца, тады вярнуўся дадому з добрым настроем, а ноччу, калі галава дакранулася да падушкі, праваліўся ў моцны і глыбокі сон. Раніцай, прачнуўшыся, адчуў сябе адноўленым чалавекам, на сэрцы радасць і лагода. Хацелася працаваць...
Але праз нейкі час зноў апанавала хандра і стома. Ужо не ведаў, як пазбавіцца ад такога гнюснага пачуцця. Адно толькі жаданне не пакідала мяне – упасці на канапу, зажмурыць вочы, уцячы ад таго жыцця, у якім не мог знайсці сабе прытулку...
Ляжаў, не могучы заснуць. Каб прагнаць млявасць, ішоў і падстаўляў галаву пад халодную ваду; слухаў, ужо седзячы на канапе, зажмурыўшы вочы, спакойную класічную музыку – арганную – Баха ды віртуозную Моцарта, – але нічога не памагала.
І нехта ж піхаў-штурхаў мяне пад бок, спіхваў з той канапы, шаптаў нават, упрошваў і ўмольваў, каб пакінуў майстэрню і ішоў да ракі – і там шукаў пазбаўлення ад цяжару.
Калі ўжо стала зусім няўсцерпна, калі адчуў, што правальваюся ў апраметную, і ўсё пачынала круціцца-віхурыцца вакол мяне, што і вокам не мог злавіць ніводнага прадмета, – паслухаўся невядомага дарадчыка – паплёўся да парку.
Пастаяўшы, як і мінулы раз, на беразе высокага берага, накіраваўся да лаўкі. Заўважыў, што яе перафарбавалі – замест сіняй стала жоўтай, як і сама восень...
Як толькі апусціўся на яе, адразу ж адчуў, як пачала праясняцца галава – як быццам неба пазбаўлялася шэрых воблакаў. Пакрысе аціхаў, змяншаўся цяжар на патыліцы. Нехта абліў мяне нябачным душам палёгкі, цяжар перакаціўся ў ногі, а потым асунуўся ў зямлю.