Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Я нешта адчуў, насцярожыўся, і са здзіўленнем паглядзеў на лаўку. Нічога адметнага ў ёй не было. Але нешта дзіўнае заўважыў. Падалося, што яна жывая, што нечага чакае. Дакрануўся да драўляных рабрынаў, пагладзіў іх, – адчуў, што яны цёплыя. Нібы дакрануўся да рук маці ці блізкай мне жанчыны. Лаўка зрабілася “маёй”, яна як ўвесь час чакала мяне, клікала, ведаючы, што я меў у ёй патрэбу...
Пагартаў, купленыя ў шапіку, газеты і часопісы. Прабегся вачыма па радках і старонках. Не знайшоў нічога, што б зацікавіла мяне.
…Мне заўсёды хацелася цішыні. І адзіноты. Падабалася, калі ніхто не сядзеў побач, не зачэпліваў мяне размовамі ці роспытамі.
Легкі подых ветрыку аблашчыў твар. Прымружыўшы вочы, закінуў галаву да сашчэпленых, на патыліцы, рук. Уявіў чамусьці, што за маімі плячыма выраслі крылы. Яны мне і на самай справе сніліся ноччу. Смешна, але, я, дарослы чалавек, яшчэ лётаў у снах. А мо то і не сны праведвалі мяне, а самая сапраўдная ява?..
Хацелася адарвацца ад зямлі і паляцець у прорву неба.
Пры гэтым міжволі думкава ўзмахнуў крыламі (арла ці коршуна?), напруціўся ўсім целам, прыгнуўся нават, каб ямчэй адпіхнуцца ад зямлі... Але нябачны груз не дазволіў мне падняцца ўверх. Нехта – ці не ланцугамі – прывязаў мяне да лаўкі. Ці гэта я меў на плячах такі непад’ёмны груз?
Праблемы і думкі, думкі і праблемы...
Мяне атакавалі пытанні, сумненні, абпальвала адчуванне віны за сказаныя некаму, ці мне, словы, за неабдуманыя ўчынкі ці дзеянні... І ўсё гэта змешвалася ў адзін вялікі клубок, а нябачны бураўчык свідраваў мазгі. Чуліся галасы, да майго вуха даляталі ўрыўкі кімсьці прамоўленых воклічаў, мелодый, папрокі, з’едлівы смех...
Як пазбавіцца тых галасоў і гукаў, не ведаў, хаця з усіх сілаў стараўся тое зрабіць. Яны не адчэпліваліся ад мяне, нахрапіста ўрываліся ў маю памяць, патрабавалі, загадвалі нават, каб звярнуў на іх увагу.
Ува мне змагаліся дзве стыхіі. У адной руцэ трымаў пэндзаль, у другой – пяро, правільней, аловак, той, які падарыў мне Хурс…
За маёй спіной знаходзіўся сабор святых апосталаў Пятра і Паўла. Бязбожнікі-атэісты, адняўшы яго ў веруючых у савецкі час, абсталявалі ў ім планетарый, – каб савецкія людзі вывучалі зорнае неба і пераковаліся, што Бога няма… Але і вернікі, і не вернікі ўзнялі свой гнеўны голас супраць такой несправядлівасці. Ніна Меланіч, якая працавала ў выканкаме, адправіла акадэміку Ліхачову ліст. І – падзейнічала. У храме цяпер святары праводзяць літургіі і ютрані, кожную раніцу і вечар гучаць зазыўна званы. Праўда, за высокім чугунным рашотчатым плотам, на тэрыторыі плошчы, стаіць і па сёння бронзавая скульптура правадыра пралетарыята, які стаяў на чале былога паганства.
……………………………………………………………
Праз тыдзень зноў прыйшоў у парк. Спыніўся над ровам, на поўныя грудзі ўдыхнуў паветра. З гары добра відаць, як па Сажы рухаюцца баржы і лёгкакрылыя “ракеты” на падводных крылах. Клікала да сябе “мая” лаўка. А яе, аказваецца, пафарбавалі зноў.
Праверыўшы, ці высахла фарба, сеў на рабрыстыя драбіны. Прыхінуўся спіной да парэнчаў. І – во дзіва! – адразу мяне ахутала лёгкае мроіва, ураўнаважнасць.
Цяжар пачаў сцякаць у ногі, а потым і зусім апусціўся ў зямлю… Мне нічога не заставалася, як насцярожыцца, – ніяк не мог зразумець, як такое магло быць, і зноў з непрыхаванай цікавасцю пачаў прыглядацца да лаўкі... Падумалася чамусьці, што яна жывая, больш таго, чакае ад мяне нейкіх дзеянняў. Ці – слоў? Слоў удзячнасці? За тое, што ўзяла на сябе ролю лекара?
Дакрануўся даланёй да драўляных перакладзінаў – і, як раней ужо было, у маю руку пачало ўлівацца цяпло. Ведаў, што яно было не ад сонечных промняў, а нейкае іншае, невядомае мне.
У гэтым было нешта дзіўнае, незразумелае, але ў сваім адзіноцтве з радасцю прыняў парапанаваную ёй прыхільнасць.
……………………………………………………………
Так сталася, што колькі дзён не наведваў сваю лаўку – клопаты паглынулі, не мог адарвацца ад новай карціны. Яна паглынула мяне, і я перастаў адчуваць цячэнне часу…
Калі-нікалі прыходзіла да мяне Ліка, прыносіла яду, сядала на канапу, нечага чакала, але ўсім сваім выглядам паказваў ёй, што яна тут лішняя… Пакідала мяне, я доўга сядзеў у крэсле, і чуўся, чуўся мне покліч маёй “лекаркі”, загад да спаткання. І я паслухаўся таго загаду.
Да лаўкі заставалася прайсці колькі крокаў, але мне захацелася пастаяць на краі рова. Адкрылася мне панарама Мельнікава Луга, блішчэла рыбінай луской пойма ракі. Пахла водарасцямі, рыбай, ілам. Даносіліся да мяне гудкі далёкіх кацераў і паравозаў. Курлыкалі пра нешта ў небе жоравы, зліваючыся ў трокутнік. Пра нешта шаптала лістота на дрэвах, шаршавым языком лізалі пясчаны бераг хвалі, якія ажылі пасля руху прагулачнага кацера “Брэст”.