Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Так, для гэтага існуе пост, выкананне Божых запаветаў, штодзённая малітва, наведванне храма…
– Так, правільна. Гэта – галоўныя ўмовы.
Настаўнік зноў пачаў спасылацца на вершы Апакаліпсіса, дзе амаль у кожным радку папярэджванні, – ўсё пабудавана на вобразнасці, на алегорыях. Вараны конь, белы, рыжы і плямісты… Вараны – лік масы вуглероду (чорнага) – 12, тымін. Пра белы… парадкавы нумар алюмінію, срэбнага, белага металу – 13. Адэнін? Парадкавы нумар рыжага – натрыя – і ён срэбраны… А спектральная лінія натрыя – жоўтая. А плямісты конь – што азначае? Дужы, як сказана? Але самы дужы – моцны – нуклеатыд мае лічбу 14. А гэта, згодна парадкаваму нумару крэмнія, шкло… І гэтак далей, і гэтак далей… Хурс сцвярджаў, што гэта не што іншае, як дэманстрацыя магчымасцяў Вышэйшага Розуму.
– Я не даказаў табе пра матрыцу, – спахапіўся, нахмурыўшыся настаўнік. – Так… Адна матрыца ДНК складаецца з десяці прыступак-драбінак, я намаляваў яе на паперы. А ў Бібліі я даведаўся, адкрыў для сябе, што тры такіх матрыцы (30 прыступак) – народжаная новая матрыца, і ўжо з яе дапамогай ствараецца біяполе, што можа быць любым біяполем любой жывой істоты. А калі ёсць энергія ў любым жывым арганізме, то што гэта будзе азначаць?
– Нашая душа?
– Так, Антон, душа. І вось што яшчэ. Ты, канечне ж, сумняваешся ў многім, пра што расказаў табе. Я ж сумняваўся ўсё жыццё. І правільна зробіш, калі і мне не паверыш. Гэта натуральна. І таму не патрабую ад цябе сляпой веры. Я толькі прыадчыніў перад табою дзверы сваёй тайны, стараючыся даказаць, што я пры поўным розуме, што не па мне плача псіхбальніца. Не па мне… Проста я хачу падключыць цябе да Вышэйшага Розуму і Ведаў, да Вышэйшай Маральнасці і Дасканаласці з адной толькі мэтай, каб і ты, як я, пачынаў з азбукі – Аз, Букі, Ведзі, – з першай старонкі Буквара-Бібліі… Памятаеш, як ты першы раз убачыў сфінксаў у Ягіпце? Ты іх бачыў, а яны цябе – не. А чаму? Ды толькі таму, што яны жывуць у чаканні таго часу, той будучыні, якая аддалена ад нас на трыльёны гадоў… Будучыня яшчэ не наступіла, яшчэ і не нарадзілася тое сонца новай эвалюцыі, калі чалавек будзе пражываць па семсот і тысячу гадоў, калі ён зможа прачытаць любое пасланне як з мінулага, так і з будучага часу…
Ад пачутага апухла галава, і мне ўжо не хацелася, каб Хурс расказваў далей пра сваё адкрыццё. Бо я ўжо больш не здолеў успрыняць ніводнага слова.
Я агледзеў пакой. Здзівіўся, што рэчаў было няшмат, як і посуду.
– Міхась Пятровіч, а якую яду вы тут выкарыстоўваеце? Я, акрамя гарбатніка і кубкаў, больш нічога не бачу. Не на адной жа гарбаце вы жывяце?
Субяседнік усміхнуўся, сеўшы побач:
– Ты правільна сказаў – на адной вадзе.
– Як гэта? – не паверыў я.
Хурс узяў другі гарбатнік, што стаяў на суседнім стале. Наліў у шклянку – да верху. Потым абняў далоньмі, прымружыў вочы. Праз колькі секундаў са шклянкі пайшла пара. Ён адняў рукі, позіркам папрасіў, каб я дакрануўся. Вада была гарачай, амаль кіпень.
– Адкрыю не сакрэт – гэтая вада пасля малітвы стала не толькі жывой, але і энергетычна насычанай. У ёй ёсць усё, што трэба чалавеку. Як і ў Эдэме для першых пасяленцаў Бог стварыў усё неабходнае для вечнага жыцця. Не трэба было забіваць жывёлу ці птушак, каб спажываць мяса… Бог стварыў нас напачатку вегатарыянцамі… Выпі гэтую ваду жыцця – і ты прадоўжыш сваё існаванне на пяцьдзесят гадоў.
Прыйшлося паверыць Хурсу – выпіў цёплае змесціва да донца.
Ён замоўк. Пакой, у якім мы знаходзіліся, меў некалькі дзвярэй. Усе аднолькавыя – з дуба. На адной з іх убачыў прымацаваную паперку са школьнага сшытка, – на ёй намаляваны тры жоўтыя грушы.
– Там мой кабінет, – патлумачыў Хурс, перахапіўшы мой позірк, – там і прападаю начамі. Калі-небудзь і ты наведаеш яго, і не толькі наведаеш, а і прымешся за працяг распрацоўкі і разгадкі грыдпіса. І будзеш пісаць тым алоўкам, які я падарыў табе некалі. Цэлы хоць аловак – не згубіў?
– Не, але ніводнага радка я алоўкам яшчэ не напісаў.
– Не бяда, – супакоіў настаўнік, – прыдзе яшчэ пара.А мо і не прыдзе...
Я згодна кіўнуў галавой.
Праводзіў мяне Міхась Пятровіч да таго дуба, каля якога я, пад бярозай, пакінуў свае грыбы.
Іх і сапраўды ніхто не крануў. Я зірнуў на свой наручны гадзіннік – гутарылі мы з Хурсам, аказваецца, усяго паўгадзіны, як ён і абяцаў, а мне падумалася, што і вечар ужо наступіў. Значыць, яшчэ паспею прынесці да напаленай печы свае баравікі. Баба Настазя, мусіць, зачакалася мяне.