Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
З рэчаў у нас была сумка з печывам і некалькімі бляшанкамі чэшскага піва, купленымі ў дарогу, дзве чорныя майкі з выявай Кафкі і блакітныя замшавыя красоўкі фірмы «Баця» для Веранікі.
Добра, пашпарты пры сабе.
Мы пачалі пытацца, як прайсці ў паліцыю. Месцічы незадаволена паглядалі на перапалоханых замежніц. Параілі звярнуцца да дзяжурнага паліцыянта ў метро.
Той выслухаў і задумліва прамовіў, што аўтобусная станцыя, здаецца, ёсць на станцыі «Флараліс»... Гэта на іншай лініі...
Мы рванулі туды.
Сапраўды, там аказалася міжнародная аўтобусная станцыя. Але наш аўтобус, зразумела, даўно ад’ехаў.
Давялося зноў шукаць паліцыю.
А ў паліцыі таксама святкавалі першага траўня.
Руды паліцыянт у трэніках з іроніяй слухаў мае нервовыя тлумачэнні і просьбы звязацца з беларускім пасольствам. У яго былі светлыя вейкі, прыпухлыя блакітныя вочы, чырвоны твар і аніякага жадання напружвацца дзеля двух замежніц. Ён быў падобны не да ведзьмака, а да таго, хто іх паліць. Паліцыянт паклікаў маладзейшага калегу, які валодаў расейскай мовай. Пра беларускую амбасаду, якая знаходзілася дзесьці каля заапарку, паліцыянты нічога не чулі. У іх было піва і Дзень палення ведзьмака.
Урэшце мне далі патэлефанаваць у амбасаду Расіі. Але, падобна, і ў тамтэйшых супрацоўнікаў быў святочны настрой, і мне патлумачылі, што нічым дапамагчы не могуць.
Каб пазбавіцца істэрычнай кабеты, паліцыянты адправілі нас у нейкую іншую, асабліва важную паліцыю... Віза наша заканчвалася заўтра. З сабою заставалася сто дзесяць еўра. Дым ад вогнішчаў спаленых ведзьмакоў асядаў над Залатым Горадам. Мы з дачкой выйшлі на вуліцу, абняліся... І пайшлі ў невядомасць.
Насустрач нам ад аўтастанцыі бег мужык.
— Гэта вы згубіліся?
— Мы!!!
— Пойдзем хутчэй, вас чакаюць...
У адчыненай кабіне нечай аўтафуры сядзеў наш экскурсавод і меланхалічна еў з кардоннай упакоўкі расчыняльнае бульбяное пюрэ. Ён не асабліва здзівіўся нашаму з’яўленню.
— А, знайшліся...
Небараку давялося адправіць аўтобус з нашымі рэчамі ды іншымі турыстамі і застацца да высвятлення лёсу згубленых пасажырак. Іншыя беларускія кіроўцы, якія аказаліся на «Фларалісе», дапамагалі нас адшукваць.
Экскурсавод бегма праводзіў нас на чыгуначны вакзал, купіў нам білеты да Мінска, дадаўшы грошай, прасачыў, каб мы селі ў цягнік, і з палёгкай уздыхнуў. Яго самога мусілі адвезці на Беларусь кіроўцы-землякі з «Флараліса».
Мы ўладкаваліся ў шыкоўным купэ на дваіх, не верачы, што нашыя прыгоды скончаныя.
Калі прыйшлі мытнікі, усё, што мы маглі ім паказаць — гэта некалькі бляшанак піва, дзве майкі з выявай Кафкі і блакітныя замшавыя красоўкі фірмы «Баця».
Гэта здарылася ў эпоху, калі квіток у кіно каштаваў трыццаць капеек, а на вячэрні сеанс — пяцьдзясят.
Як мы любілі індыйскае кіно! Не тое, каб я не разумела ягонага мастацкага ўзроўню — нават напісала ў вялікім сінім агульным сшытку, адведзеным пад уласныя філасофскія артыкулы, урачысты тэкст пад назовам «Штампы індыйскага кіно». Але на фоне бясконцага шэрагу савецкіх фільмаў пра вытворчасць і вайну гэта было акно ў іншасвет, дзе тканіны яркія, бы кветкі, тонкія смуглявыя рукі жанчын знізаныя бранзалетамі, шаблі ззяюць, як маладзік, і героі гатовыя аддаць жыццё, абы не сцярпець і найменшай плямы гонару...
Індыйскія фільмы паказвалі зазвычай у кінатэатрах «другога раду», але і там залі былі паўнюткія.
Але вось што я і дасюль не люблю — хадзіць у кіно самой.
Гэта ўсё роўна як сядзець самой увечары за рэстаранным столікам. Нібыта ўсе глядзяць на цябе і шкадуюць, што ты нікому не патрэбная, няма з кім правесці вечар...
Летнія вакацыі... Мама некуды паехала, я засталася з бабуляй, сяброўкі занятыя... А ў кінатэатры «Беларусь» (яшчэ не мультыплексным) паказвалі індыйскі фільм «Помста і закон». Вядома, двухсерыйны — мы яшчэ больш любілі індыйскія фільмы за тое, што яны былі доўгія. Мне заставаўся апошні сеанс, на дзевяць гадзінаў вечара. Я вырашыла, што ў прыцемку мая сціплая персона не будзе надта заўважная...
А вось з білетамі аказалася цяжка. Дакладней, іх не было. Расчараваныя людзі тоўпіліся ля касы ў спадзеве на таямнічую «бронь», а шчасліўчыкі кіраваліся ў кіназал з загадзя набытымі брудна-сінімі квіточкамі ў руках...
Я трохі патапталася ў вестыбюлі, разумеючы, што індыйскіх уражанняў гэтым вечарам мне не свеціць...
— Дзяўчына, хочаце ў кіно?
Двое барадатых, таўставатых, нейкіх падобных між сабою мужыкоў запытальна глядзелі на мяне.