Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Пісьменнік павінен назіраць за людзьмі, як паэт Купрэеў за жыццём мурашніка. Ісці ў самыя небяспечныя і недалікатныя месцы, як Эміль Заля хадзіў у бардэль і там, хаваючыся за парцьерамі, рабіў зацемкі... Галоўнае памятаць, што, каб апісаць лужыну, неабавязкова ў ёй выкачацца.
Гэта я засвоіла з юнацтва. Таму і старалася назапашваць уражанняў дзеля будучых твораў, калекцыянаваць «тыпы» і «характары», і сярод маіх сяброў з’яўляліся зусім не чаканыя персоны. Мая аднакласніца паступіла ў ПТВ, аднойчы я выпадкова сустрэлася з ейнай аднагрупніцай, і абрала яе чарговым «аб’ектам», бо з такімі раней не сябравала. Ала прыехала з далёкага гарадскога пасёлка. У яе быў крамяны круглы твар і шырокая сялянская костка. Пры кожным зручным выпадку Ала прамаўляла: «Скрупулёзно подмечено!», называла мяне «Харошая ты баба!» і шчыра захаплялася гарадскімі рэаліямі. Прымала за праўду ўсё, што заўгодна, і я магла адпрацоўваць на «аб’екце» ўласна сачынёныя міфы і беспакаранна сцябацца. Вядома, Ала пакорліва хадзіла са мной, куды б я не павяла.
Аднойчы пэтэвэшнікам задалі рабіць курсавую з чарцяжом нейкай дэталі, а чарціць пэтэвушнікі не ўмелі. Я вучылася ў архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, і Ала звярнулася да мяне.
Вядома, я мусіла працаваць не за так — у ПТВ мелася пэўная «такса». А менавіта — бутэлька віна.
Я накрэсліла дэталь у патрэбнай перспектыве, і Ала прыйшла расплочвацца. Яна купіла бутэльку «чарніла» пад назвай «Солнечное». Мы селі на кухні і, закусваючы рыбай гарачага вэнджання, вельмі хутка «чарнілка» дапілі.
Болей ніколі ў жыцці мне не ўдавалася заліць у сябе столькі «чарніла», і дзякуй Богу.
Чаму б не працягнуць далейшае заглыбленне ў нетры прафаннага жыцця? Мы пайшлі ў краму і купілі яшчэ адну бутэльку. З цяжкасцю цяпер верыцца, але гэта быў партвейн. І я пацягнула Алу на Кальварыйскія могілкі з тым самым пачуццём, відаць, як Рэмбо ці Бадлер ішлі ў курыльні опіуму ў парыжскіх трушчобах.
Тады могілкі былі зусім не дагледжаныя, зарослыя, мы выбралі магілу, дзе стаяла лаўка ў атачэнні кустоў, і... Мой дзявочы арганізм болей алкаголю не прымаў. Ала, як і чакалася, была больш трывушчай... Я ж вылівала сваю порцыю на магілку з самымі лепшымі пачуццямі да незнаёмага нябожчыка.
Вечарэла... Не пытайцеся, якімі шляхамі мы апынуліся ў парку імя Горкага, я не памятаю. Травеньская ноч падміргвала скрозь цёмную лістоту ўсімі ліхтарамі. Чорныя хвалі Свіслачы здаваліся таямніча глыбокімі... У такую пару да мяне звычайна прыходзілі вершы, але рамантычны настрой псавала Ала. Мая сяброўка зусім усхадзілася, у ёй прачнулася гэткая сялянская зухаватасць, яна пачынала то гайдацца ў бакі, то крычаць нешта захопленае. Асабліва ёй спадабаўся мост цераз Свіслач, там, дзе гэткі невялічкі вадаспад.
— А вось я зараз туды скочу! — гарлала пэтэвэшніца.
Я назірала і пасмейвалася. А яна раптам схапілася за парэнчы і давай перагінацца ўніз.
Я зразумела, што жарты скончыліся. Ала з дзікім рогатам ірвалася ўніз, цягнула рукі да шумлівага віру... Ніякія словы ўжо не даходзілі. Пачала адпіхваць яе назад... Але Ала была крапчэйшай за мяне. Я ў роспачы азіралася: паблізу нікога... Цёмна... Упадзём у ваду — ніхто і не заўважыць. А я плаваць не ўмею... Назаўтра толькі знойдуць целы... Да таго ж вярэдзіла пачуццё віны — наэксперыментавалася. Я схапіла Алу за пояс джынсаў і проста павісла на ёй усім сваім цяжарам, колькі яго там ува мне было.
Колькі доўжылася тая тузаніна, не памятаю... Але адпускаць Алу я не збіралася. Урэшце мы абедзве паваліліся на асфальт.
Ала рагатала і абсалютова не ўяўляла, што з ёй магло толькі што здарыцца. Я нечым звабіла яе падалей ад моста, ад ракі, так-сяк вывела на праспект і пасадзіла на тралейбус. Здаецца, яна трохі працверазела, таму што да інтэрната дабралася.
Але болей я з ёй не сустракалася. І «чарніла» піць не магу. І выкарыстаць назапашаныя ў зносінах з Алай назіранні так і не давялося. Вось гэта — першы раз як нешта згадала.
Пасля ўзбечкі Матлюбы маёй суседкай па пакоі інтэрната Літаратурнага інстытута стала сібірачка Ларыска. Яна была дробная, як дзіця, з кароткай хлапечай стрыжкай, у вялікіх акулярах, сёння сказалі б — як у Гары Потэра. Затое Ларыска нібыта ўся была зробленая з нейкага напятага, цвёрдага матэрыялу, здавалася, варта дакрануцца да яе — атрымаеш у адказ бязлітасны ўдар распрастанай спружыны. Родам мая суседка была з горада Курган і вельмі ганарылася сваімі землякамі. Адзін — знакаміты доктар-артапед, які прыдумаў адмысловыя прыборы для выпраўлення костак, даволі жудкія з выгляду — косткі пратыкаюць спіцамі. Другі — вядомы сцэнарыст, сябра Уладзіміра Высоцкага. Трэці — пісьменнік-русафіл. Пра сябе Ларыска з гонарам гаварыла: «Я — дочь вора!» Паколькі яна дужа картавіла, сцверджанне гучала зусім пераканаўча. Бацька Ларысы быў сапраўды згублены дзесьці ў сібірскіх лагерах, маці працавала прыбіральшчыцай. Сама Ларыска, пакуль не скончыла бібліятэчны тэхнікум, нейкі час падпрацоўвала са швабрай і з гордасцю заяўляла выкладчыкам: «Я чужыя харчкі падцірала!» Пралетарскае паходжанне ў стылі Максіма Горкага ўхвалялася, і прадугледжвалася, што выкладчыкі, як прадстаўнікі «буржуйскага» класа, павінны прысаромецца і адзнакі выставіць ледзь не аўтаматам...