Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Пад вечар мы прыехалі ў Кагул. Пыл знік, зеляніна сталася лазуркавай. Паўднёвая ноч, аксамітна-сіняе неба, буйныя, як не бывае, зоры... Цяпер, паводле планаў мамы, мы мусілі зняць кватэру.
І атрымаўся аблом.
Ніхто не хацеў пускаць нас у дом ні за якія грошы.
Ці насельніцтва запалохалі перманентнымі пошукамі шпіёнаў і дыверсантаў, ці проста мы выглядалі занадта іншароднымі. Але пасля марнага цягання з валізамі і роспытаў тубыльцаў, далёка не ўсе з якіх нас разумелі, давялося ісці ў гатэль. Гэткі барак з прыбіральняй на вуліцы. Краны з халоднай вадой таксама на вуліцы. Але і ў гэтую раскошу нас адмовіліся засяляць без адпаведнага дазволу на ўезд у памежную зону.
Дарэмна маці паказвала адміністратарцы камандзіроўку страхавога агента з Мінска ў слаўны малдаўскі горад. Адміністратарка была няўмольнай: ідзіце ў міліцыю, бярыце паперу на засяленне...
І мы пайшлі ў міліцыю.
Ноч. Малдова. Мянтоўка.
Мясцовыя міліцыянты злосна сычаць на маміну «камандзіроўку» і патрабуюць, каб мы вымяталіся з Кагула, а то арыштуюць за парушэнне мяжы. Бо незразумела, як мы сюды прабраліся?
Мама даводзіць, што прывезла хворанькую дачку падлячыцца на цуд-возеры... І вяртацца мы не можам. Я раблю трагічную фізіяномію... Што няцяжка, бо страшэнна хочацца спаць і ўвогуле нейкай пэўнасці. І падобна, начаваць давядзецца ў камеры.
Урэшце міліцыянты злітасцівіліся, далі даведку — але толькі на адну ноч. З умовай, што назаўтра нас тут не будзе.
Як мы начавалі ў тым гатэлі — не памятаю... Памятаю, што назаўтра мама здушыла гонар і патэлефанавала сваякам. І праз колькі хвіляў ейная пляменніца, цудоўная, прыгожая і дабрэнная цётка Наташа, якая была, як выявілася, на апошнім месяцы цяжарнасці ад другога мужа-грузіна (першы быў кітайцам), прыбегла за намі, і яшчэ парывалася сама цягнуць нашы валізы.
А запрашэнне сваякі нам усё-ткі выслалі — толькі прыйшло яно ў Мінск, калі мы ўжо былі ў Малдове.
Гэта быў апошні раз, калі мне давялося пабываць на цуд-возеры. Пасля, кажуць, яго прыватызавалі, збудавалі навакол пансіянат... І нават калі я зноў прыеду да тых вінаграднікаў і ўзгоркаў, наўрад удасца паляжаць на пякуча-салёных хвалях. Цяпер я проста праязджаю праз Румынію, якая калісьці здавалася таямніча-недасяжнай, па дарозе на балгарскія курорты.
А яшчэ страшэнна лянуюся адказваць на лісты сяброў з Нямеччыны ды Ангельшчыны — адвыкла пісаць папяровыя лісты.
Колькі разоў я напачатку апісвала мясціну, стварала для сябе міф аб ёй — і толькі пасля трапляла туды насамрэч...
Так здарылася з Прагай. Містычным горадам чарнакніжнікаў і алхімікаў, філосафаў і паэтаў... Горадам Скарыны і Кафкі, Майрынка і Забэйды-Суміцкага... Напачатку я апісала яго ў рамане «Скокі смерці», і толькі на наступны год мы з дачкой Веранікай адправіліся туды на экскурсію. Гэта было ў апошнія дні красавіка. А першага траўня у Чэхіі святкуюць Дзень палення ведзьмака — нешта падобнае да Масленіцы, толькі з ухілам у готыку.
Вядома, мы адарваліся ад нашай турыстычнай групы — што нам рабіць з абывацелямі, якіх не цікавіць Кафка і Скарына, і з усведамленнем уласнай эксклюзіўнасці пачалі шукаць містыкі... Містыкі было навалам. Мы блукалі па востраве, куды адусюль сыходзіліся ведзьмакі і вядзьмачкі ў чорных капелюшах і мантыях, блукалі па Залатым Горадзе, чые вузкія брукаваныя вулкі хутка затапляў прыцемак, зазіралі ў сляпыя вокны сінагогі, на гарышчы якой, паводле падання, дасюль дрэмле Галем, злеплены раві Бен-Бецалелем, і чакае таго, хто ўкладзе ў ашчэраны гліняны рот паперку з імем Бога. Мы нават павячэралі ў кавярні Вядзьмачкі, у злавесным сутарэнні, упрыгожаным чучаламі чорных катоў і мётламі, дзе падавалі смажаныя пальцы мерцвяка і біфштэкс з сабакі Баскервіляў.
За гульні ў містыку трэба расплочвацца. Мы мусілі ад’язджаць з аўтастанцыі, якая знаходзілася непадалёк ад станцыі метро «Флараліс». Але Прага вырашыла пагуляць з намі ў свае містычныя гульні — гэтак Лясун зводзіць заблукалых у лесе гараджанаў, і мы з дачкой прыехалі на станцыю «Флора». Хто ж ведаў, што іх дзве, з падобнымі назвамі — «Флора» і «Флараліс»?
На станцыі «Флора» знаходзіліся супермаркет і габрэйскія могілкі. Нашага аўтобуса не было.
Увогуле ніякіх турыстычных аўтобусаў не бачылася.
Час ад часу сам сабе гаворыш: «Гэтага ніколі са мной не здарыцца». А якраз яно з табой і здараецца.
Надышоў час адпраўлення. Дарэмна мы бегалі паміж супермаркетам і могілкамі.