Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Сумоўе я прайшла. А вось аднаго мужыка, дырэктара цырка ліліпутаў са стэпавага рэгіёна, прадстаўнік камсамольскай арганізацыі спытаўся: «Вось, вы ўжо выйшлі з камсамольскага ўзросту... А што даў вам камсамол?» А той, простая душа, толькі паціснуў пячыма: «Што даў? Ды нічога не даў!»
Адзінка па сумоўі — і наперад, у стэпы.
А я ў перапынках змагання за жыццё здала ўсе іспыты на выдатна. Масква была заваяваная неяк мімаходзь і без асаблівай ахвоты.
Я вярнулася дадому з абстрыжанымі валасамі, з бутэлечкай бычынай жоўці ў сумцы і томікам Караткевіча пад пахай.
І найперш пасунулася на Кальварыю. Прайшлася між магілаў... І нарэшце адчула сябе жывой.
Дужа люблю падарожнічаць. І вельмі зайздросціла маме, якая ў пяцідзясятых паспела папрацаваць медсястрой у вайсковай частцы ў Карл-Маркс-Штадце. Калі я вучылася ў школе, мы з аднакласніцамі кідалі ў паштовыя скрынкі прыгожыя лісты з адрасам «Любой дзяўчынцы ў ГДР» альбо «Балгарыя. Дзяўчынцы 10 гадоў» і верылі ў легенду, што хтосьці атрымаў адказ на такі ліст, пазнаёміўся з замежнай равесніцай, і пайшлі пасылкі з жуйкамі і джынсамі, а тады і ў госці ўдалося з’ездзіць...
Аднойчы паводле матчынай парады я паслала ліст у газету «Зорька» з просьбай пераслаць яго за мяжу, і атрымала адказ з Баранавіч. Баранавіцкая равесніца таксама вырашыла пазнаёміцца з «дзяўчынкай з ГДР», вось нас і звялі добрыя журналісты. Праўда, перапіска доўга не трывала на тле ўзаемнага расчаравання.
Затое частка маміных сваякоў пасля вайны апынулася ў Малдове, на саменькай мяжы з Румыніяй, у горадзе Кагул, які на той час быў вядомы як месца подзвігаў расейскага вайскаводцы Суворава. Мужа мамінай стрыечнай сястры Тамары Ляпіч, партызанскага камандзіра Сяргея Чарвінскага, паслалі туды з Беларусі ўмацоўваць ідэалагічна складаны раён.
Мая мама нават скончыла ў Кагуле медыцынскую вучэльню. Малдаўскія сваякі слалі нам пасылкі з вінаградам, абрыкосамі, чарэшняй і айвой. Што рабіць з айвой, бабуля і маці так і не здагадаліся, бо на смак яна аказалася зусім нясмачнай і цвёрдай, як недаспелая груша.
За Кагулам зямля была ў белых ракавінках — цэлых, патрушчаных... Дно мора, на якім цяпер раслі вінаграднікі. Між вінаграднікаў цямнелі каналы, вада ў якіх хавалася пад шчыльным слоем зялёнай раскі — жабін рай. За вінаграднікамі сінелі ўзгоркі Румыніі.
Але самая галоўная прынада ў Кагуле — незвычайнае возера з мінеральнай вады. Вада выпраменьвала моцны ёдзісты пах і была настолькі салёная, што калі патрапіць у вочы — хоць крычы... А яшчэ на той вадзе можна было ляжаць — як у Мёртвым моры. Гразь на дне нагадвала смалу, ёю абавязкова абмазваліся ў лекавых мэтах, і пляж набываў зусім экзатычны выгляд ад прысутнасці шматлікіх часовых мурынаў. З’язджаліся на тое возера хворыя з усяго свету... Румынкі ў наматаных на галаву белых хустках заходзілі ў ваду проста ў панталонах. Інваліды падоўгу стаялі на мыліцах ў салёных хвалях. Жудка худзючых дзяцей вадзілі пад пахі бацькі.
Мясцовая моладзь лічыла нявартым бавіцца на салёным возеры. Хадзілі на прэснае, яно было большым, туды не цягаліся хворыя.
Але ў Кагул, памежжа з Румыніяй, прыязджалі толькі па адмысловых запрашэннях. Зона! Часам мы дабіраліся туды з Кішынёва на маленькім самалёце-«кукурузніку». Неяк патрапілі на ім у навальніцу — самалёт кідае, як на атракцыёне ў парку, гуд такі, што галасоў не чуваць. А ў салоне — малдаване, авечкі і кавуны.
Аднойчы ўлетку мы з мамай зноў зазбіраліся ў Кагул. Але сваякі на гэты раз прамаруджвалі з запрашэннем. Мама мая, рашучы чалавек і вечны абаронца сваёй незалежнасці, пастанавіла: не хочуць запрашаць — усё роўна паедзем. Трэба пралячыцца на цуд-возеры. Прарвемся. А на ўсялякі выпадак узяла са свайго страхавога агенцтва камандзіроўку ў Кагул. Ясная рэч, фіктыўную — каго яна магла там застрахаваць?
Да горада ішоў маленькі аўтобусік, звычайны вясковы, такія і ў нас дасюль целяпаюцца па разбітых правінцыйных дарогах і цярпліва валакуць пенсіянераў на лецішчы. За вокнамі праплывала пыльная зеляніна. Менавіта так запомнілася мне Малдова — зялёнай і пыльнай.
Пад вечар здарылася тое, чаго мы з бояззю чакалі. Аўтобусік спынілі памежнікі. Хлапцы ў камуфляжы, з аўтаматамі і аўчаркай пільна аглядалі пасажыраў на прадмет выяўлення шпіёнаў, ну і правяралі дакументы...
Мы сядзелі на самым апошнім сядзенні, каля нас прытуліліся два малдаўскія чарнагаловыя смуглявыя хлопчыкі... Адзін нават прыдрамаў у мяне на плячы. Я вырашыла, што гэта дужа добра для маскіроўкі, і таксама прыплюшчыла вочы.
Вакол грувасціліся кошыкі і вёдры, надрываліся дуэтам курыца і маленькі сабачка... Памежнік слізгануў вокам па нашай жывапіснай групе і павярнуўся спінай.