Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
З расповедаў Ларыскі пра родны горад паўставаў зусім іншы свет, нават у параўнанні з рабочымі кварталамі майго роднага Мінска. Бязвінным жартам лічылася, калі ўночы між ручкамі дзвярэй кватэр, што знаходзяцца насупраць на лесвічнай пляцоўцы, туга нацягваецца вяроўка, і жыхары не могуць раніцой выйсці. Спрабавала Ларыска і наркотыкі — у іхняй кампаніі далі неяк «малой» укольчык... Яшчэ запомнілася, як нейкая дзеўка з іх раёна па патрабаванні каханага хлапца прынесла даведку, што цнатліўка — тады ажаніўся, бо проста так дзеўка яму не давала, спасылаючыся на сваю некранутасць.
Ларыска, якая знаходзілася ў стане партызанскай вайны з усім светам, захацела, каб мы абавязкова выпрабавалі нешта з арсеналу жартаў курганскай шпаны на насельніках інтэрната. І аднойчы я паддалася свайму містэру Хайду (урэшце, я ніколі і не сцвярджала, што я белая і пухнатая). Шкодніцкаму набегу падлягалі кухні. Найперш кухня на паверсе, дзе сяліліся завочнікі — там не дзяжурылі каля пліт усходнія жонкі ўсходніх пісьменнікаў, ахутаныя вохкімі выпарэннямі з казаноў і рондаляў. У завочнікаў заўсёды было пуста і непрытульна, перакотваліся ў каструльках бледныя крамныя яйкі ці дыетычныя сасіскі... Пуставала кухня і цяпер. У імбрык, які закіпаў на пліце, адправіўся кавалак зжаўцелага сала, у другі — падгнілая цыбуліна...
Мы са здушаным рогатам вярнуліся ў пакой... Але мой «партызанскі азарт» выветрыўся, я вельмі ясна ўявіла, як бы я сама пачувалася, каб у маім імбрыку вынайшаўся такі «падарунак»... Той пякучы сорам адчуваю і дасюль. Я адмовілася ад далейшых «подзвігаў», нягледзячы на Ларысчыны ўгаворы, і не ведаю, ці ўтварала яна яшчэ нешта падобнае.
Яшчэ Ларыска ўмела завязваць карысныя знаёмствы. Выгляд у яе быў жаласны: замораны дзіцёнак-самародак з глыбінкі... Як не падтрымаць? Знайшла ў Маскве земляка-сцэнарыста, той нават вадзіў яе на «халасцяцкую маліну», дзе часта бываў Высоцкі. У чачэнца, які жыў за нашай сцяной, выпрасіла кінжал (паабяцаў, але не прывёз). Зацягнула ў наш пакой маладога ціхмянага індуса Анеля (Літінстытут — гэта ж сапраўдны Бабілён!), каб паваражыў. Анеля ажаніла на сабе руская дзеўка, а сам ён належаў да касты брахманаў, у ягонай радні ўсе ўмелі варажыць, вось і нам з Ларыскай нешта напрадказваў (прынамсі, са мной усё спраўдзілася).
У чым мы сыходзіліся з Ларыскай — дык у нянавісці да «сістэмы». Да адчування сябе шрубчыкам, які шчыльна завінчаны ў агульны механізм. Школа — толькі тая, што каля дому, прыём у піянеры — па спіску, тады прыём у камсамол, інстытут, праца па размеркаванні, прахадная, сходы, абавязковыя медагляды (іх Ларыска асабліва ненавідзела)... Выйсце мая суседка бачыла толькі тры, дакладней, адзін: выйсці замуж. Розніца была толькі ў варыянтах жаніхоў: за дыпламата, за святара альбо за пісьменніка. Пісьменнікаў у інтэрнаце хапала, але былі яны, як і мы, пачаткоўцамі, без членскіх білетаў МАССАЛІТу, пардон, Саюза пісьменікаў СССР. «Учлененыя» пісьменнікі таксама меліся — на Вышэйшых літаратурных курсах. Але былі яны амаль спрэс лысаватыя, п’янаватыя і жанатыя. Варыянт са студэнтам інстытута міжнародных зносінаў альбо семінарыстам Ларыска «прабіла», і не раз упрошвала мяне прагуляцца ля ўстановы, дзе рыхтуюць дыпламатаў, альбо з’едзіць у Загорск, дзе знаходзіцца знакамітая семінарыя. Не ведаю, як справілася б Ларыска з роллю «матушкі», але мне ейныя матрыманіяльныя планы былі абыякавыя — калі выходзіць з «сістэмы», дык на «ўласных рэсурсах». Да таго ж я сустрэлася ў Літінстытуце з земляком паэтам Віктарам Шніпом, ягоныя матрыманіяльныя планы ў мой бок вызначыліся вокамгенна, і мае шпацыры па Маскве і ў беларушчыну не адбываліся на самоце... Відаць, Ларыска вырашыла, што я такім чынам ператвараю ў жыццё падказаны ёю план, і вырашыла паспрабаваць свайго шчасця. Як мяне не было, стукалася ў дзверы Шніпа, прыдумаўшы бяскрыўдную падставу (солі-хлеба пазычце).