Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Заехалі на тэлебачанне, дзе тады была добрая касцюмерная (цяпер, кажуць, няма — «растрэслася» падчас унутраных рэформаў).
Мы доўга корпаліся ў гурбе старажытных строяў. Нарэшце я выбрала сабе доўгую сукенку з чорнага аксаміту, з белай шаўковай устаўкай спераду, а за няйменнем кароны прыхапілі сярэднявечную шапку з чорнага аксаміту, перавітую ніткамі перлінаў, і доўгі белы вэлюм.
Вось і парк Чалюскінцаў, гераічных савецкіх палярнікаў. Напачатку я павінна была шпацыраваць па прысадзе, па шорсткіх гурбах лісця, і пранікнёна чытаць верш пра Адама Міцкевіча. Але якраз у нейкіх сувораўцаў тут быў урок фізкультуры. Яны, стрыжаныя і ў аднолькавых спартовых касцюмах, наразалі кругі па засыпанай лісцём асфальтавай дарожцы. Іду сабе на камеру, чытаю верш — на апошняй страфе сувораўцы выбягаюць мне насустрач стрыжаным ланцужком, кадр сапсаваны. Я па новай — тое самае...
Нарэшце пасля некалькіх дубляў верш пра Міцкевіча запісалі.
Цяпер мне належала пераўвасобіцца ў Вялікую княгіню.
Рэжысёр з аператарам доўга не мудрылі з месцам здымкаў — знайсці б толькі тоўстае дрэва, на фоне якога паставіць кнігу Шамякіна, а тады з-за дрэва пакажацца постаць гераіні. Непадалёк ля ўвахода ў парк, за кустоўямі ля дарожкі хавалася палянка, а на ёй якраз расло некалькі прыстойных соснаў.
Пераапранацца мне давялося ў «рафіку», які паставілі ля самай дарогі, метраў за дзвесце ад месца здымкаў. Я залезла ў машыну, старанна заторгнула ўсе фіранкі, так-сяк апранула сваю каралеўскую сукенку з чорнага аксаміту (самой зашпіляць аплікі на спіне — гэта цыркавы нумар!), уздзела шапку, перавітую каралямі з перлінаў, паўзверх закруціла вэлюм...
І пайшла здымацца.
Мая роля палягала ў тым, каб «выплыць» з-за дрэва, да якога прытулілася кніга, і меланхалічна хадзіць між трох соснаў, кідаючы задуменныя позіркі. Для разнастайнасці час ад часу трэба было кратаць галінкі і ўздыхаць. А яшчэ паабяцалі, што ў фільме паўзверх маёй выявы пойдуць спецэфекты, так што ніхто мяне не пазнае. Напэўна, гэта павінна было мяне супакоіць.
Нарэшце рэжысёр здаволіўся маімі рамантычнымі перасоўваннямі і адправіў мяне пераапранацца, каб не блыталася пад нагамі. А телевізійнікі яшчэ на палянцы нешта дазнімуць.
Я засталася сам-насам з княгіняй Аленай.
Залатая восень. Сонечны дзень. Парк Чалюскінцаў. Паўсюль соўгаюцца людзі. Да машыны далекавата. А я на фоне жоўтай лістоты — у сярэднявечным строі, пышная сукенка з чорнага аксаміту, белы вэлюм развяваецца... Трэба ўлічваць, што ролевыя гульні тады не былі так папулярныя, як цяпер.
Можна было хуценька прабегчыся... Можна было надаць касцюму менш урачыстасці — зняць шапку з вэлюмам, падабраць падол...
Не ўжо, княгіня дык княгіня! І з кустоў ля цэнтральнай дарожкі парку Чалюскінцаў павольнай хадой, задуменна гледзячы перад сабой, выйшла дама ў чорным аксамітным строі. Белы вэлюм развяваецца, чорны аксаміт ціха шаргаціць па сухой траве... Каб не выходзіць з вобразу, я ішла вельмі ціха, ганарыста ўзняўшы галаву, па баках не азіраючыся...
Стаіць купка маладзёнаў, пабачылі мяне... Прыціснуліся адзін да аднаго... Дзяўчына спалохана завішчэла: «Ой, мамачка! Толькі гэтага мне не хапала!» Хлопец усвядоміў, што павінен «нешта зрабіць», і выкрыкнуў у мой бок: «Згінь, нячыстая сіла!»
У хлапечым голасе чуўся спалох.
Чорная Дама парку Чалюскінцаў, вядома, не адрэагавала.
Людзі спыняліся, азіраліся... З’ява не мела тлумачэння. Музыкі не чуваць, нічога незвычайнага вакол, будні дзень... Адкуль? Хто гэта? Мужычонка п’яны ішоў, таксама заазіраўся, ногі падвалакваючы. А потым адвярнуўся і як пабег да брамы! Магчыма, кінуў піць...
Што яшчэ вакол адбывалася, не ведаю, бо прывіды па баках не глядзяць!
Я слізнула ўнутр «рафіка» і са шкадобай сцягнула вэлюм...
У перадачы ніякіх спецэфектаў па мне не пусцілі. Ну хіба што відарысы палацу, здаецца, кракаўскага. Але бачна мяне ўсё адно выдатна. Вядучая Вольга Іпатава распавядае, якой няшчаснай была Вялікая княгіня Алена, як занядбаў яе муж, кароль Аляксандр, як яна сумавала ў самотным палацы... А я лунаю сабе пад музыку, кратаю галінкі...
Дзесьці і цяпер ляжыць плёнка з запісам тае перадачы.
А я веру, што жыве ў мінскім гарадскім фальклоры легенда пра Чорную Пані парку Чалюскінцаў. Я ж люблю міфы. І пераапрананні ў старасвецкія строі.
Па першай адукацыі я архітэктар — дакладней, тэхнік-архітэктар. Так хацела вырвацца з сярэдняй школы каля турмы і чыгункі, што начхала на перспектыву залатога медалю і паступіла пасля васьмі класаў на найменш брыдкую спецыяльнасць, тым болей займалася ў ізастудыі. І па размеркаванні, дзякуючы стрыечнаму дзядзьку, трапіла на вытворчае аб’яднанне «Гарызонт». Яно выпускала тэлевізары і радыёпрыймачы для ўсяго Савецкага Саюза. Але да тэлевізараў я дачынення мела не болей, чым касметолаг да тынкоўкі. Такіх, як я, сплаўлялі ў спецыфічнае праектна-канструктарскае бюро. Займаліся ў гэтай «шараш-мантаж-канторы шырокага профілю» аздабленнем працоўных інтэр’ераў — ад убудаваных шафаў і малюнкаў абліцоўкі да магільных агароджаў і насценгазетаў. А яшчэ час ад часу на аддзел прыходзіла разнарадка — з’ездзіць на братняе прадпрыемства па дэталі для радыёпрыёмнікаў-тэлевізараў. Дастаўка ўручную, праз выкарыстанне не дужа патрэбных работнікаў кшталту мастакоў-афарміцеляў, напэўна, абыходзілася дзешавей, чым іншы спосаб.